Лічба. Гадавы заробак вылучэнца АДС, аднаго зь лепшых муляраў Магілёву, склаў з усімі даплатамі і прэміямі сем мільёнаў рублёў – столькі зарабляе кіраўнік раённай адміністрацыі за два месяцы
Асоба. Кандыдат у дэпутаты, сябар Партыі БНФ Яраслаў Берніковіч вырашыў адмовіцца ад тэле- і радыёвыступу на карысьць свайго супэрніка – губэрнатара Віцебшчыны спадара Андрэйчанкі
Сытуацыя. У дом незалежнага кандыдата з Рэчыцы Леаніад Невера міліцыя падсяляе зэка. Зьдзекуюцца?
АСОБА
Кандыдат у дэпутаты, сябар Партыі БНФ Яраслаў Берніковіч вырашыў адмовіцца ад тэле- і радыёвыступу, бо ня лічыць гэты агітацыйны сродак надта эфэктыўным.
На думку спадара Берніковіча, мала хто з выбарцаў ягонай Глыбоцкай выбарчай акругі №22 глядзіць тэлеканал “Лад". Што да радыё, дык яно трансьлюецца ў вечаровы час, калі людзі занятыя.
Значна больш эфектыўнымі сродкамі агітацыі Яраслаў Берніковіч лічыць непасрэдныя кантакты з выбарцамі. Ад іх уведаў: шарагоўцы нават блізка не ўяўляюць, як выглядае старшыня аблвыканкаму Уладзімер Андрэйчанка, які таксама балятуецца ў гэтай акрузе.
За той час, які я патраціў бы на паездку ў Віцебск, каб запісацца на радыё і тэлебачаньні, я лепш абыйду 20-30 кватэр, бо непасрэдны кантакт з выбарцамі – гэта значна лепш за любы радыё- і тэлеэфір
ФАКТ
Гарадзенская абласная кааліцыя Аб’яднаных дэмсілаў зьбіралася сёньня, каб ацаніць выбарчую кампанію, вызначыць далейшыя дзеяньні. Старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Сяргей Мальчык:
У нас у вобласьці з трынаццаці акругаў засталіся толькі сем, у якіх ёсьць кандыдаты ад АДС
ЛІЧБА
Учора мы паведамлялі пра заробкі кандыдатаў у дэпутаты ад улады. Прагучала, нагадаю, што мэр Гомеля Аляксандр Бяляеў, які вылучаны кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, атрымаў у 2007 годзе 52 мільёны рублёў прыбытку, альбо 25 тысяч амэрыканскіх даляраў.
Сёньня “Свабода” цікавілася, што маюць вылучэнцы ад апазыцыі. Гаворыць кандыдат у дэпутаты па Магілёўскай-Прамысловай акрузе № 87 Мікалай Расюк – муляр вышэйшай кваліфікацыі. Колькі ён зарабіў?
“Сем мільёнаў рублёў, альбо тры з паловай тысячы даляраў. Я – адзін зь лепшых працаўнікоў. Гэтыя сем мільёнаў цягам году налічаныя з самымі рознымі прэміямі. А за кошт таго, што ў нас забіраюць шмат грошай у бюджэт, а адтуль яны зьнікаюць няведама куды, церпіць усё грамадзтва”.
Кандыдат у дэпутаты па Слуцкай выбарчай акрузе №74 Анатоль Юрэвіч – беспрацоўны. Яшчэ ў 2006 годзе ён страціў сваю справу прыватнага прадпрымальніка з-за перасьледу ўлады: дапамагаў кандыдату на прэзыдэнта Аляксандру Мілінкевічу. Урэшце, агульны грашовы прыбытак Анатоля Юрэвіча за мінулы год склаў... 300 тысяч рублёў:
“Я – ганаровы донар Беларусі. Здаваў кроў для таго, каб хоць неяк матэрыяльна падтрымаць сябе. Дарэчы, гэта змушаныя рабіць многія. Таму для таго, каб здаць кроў, трэба запісвацца ў чаргу за два месяцы наперад. А кроў нашу, яе кампанэнты, прадаюць на Захад за вялікія грошы. А нам плацяць толькі дзьве базавыя велічыні...”
СЫТУАЦЫЯ
У Рэчыцы міліцыя папярэдзіла незалежнага кандыдата ў дэпутаты парлямэнту Леаніда Невера, што ў яго прыватным жытле паселяць асуджанага крымінальніка, які ўмоўна-датэрмінова адпушчаны з турмы на волю.
“Патэлефанаваў участковы Ніканенка. Жонка падняла трубку, і ўчастковы сказаў, што з турмы датэрмінова вызваляецца Бруцкі А.А. Жонка папярэдзіла міліцыянта: такі чалавек у нас ніколі ня жыў і наогул мы ня ведаем і ня чулі такога прозьвішча”.
Я думаю, гэта зроблена дзеля таго, каб зганьбіць мяне перад выбарцамі Рэчыцы, выбіць з каляіны, каб я нэрваваўся
“Я думаю, гэта зроблена дзеля таго, каб зганьбіць мяне перад выбарцамі Рэчыцы, выбіць з каляіны, каб я нэрваваўся. Гэта як мінімум. Можна з гэтай нагоды і дамоў да мяне прыйсьці, зрабіць ператрус, шукаць гэтага Бруцкага пад ложкам, у падвале, у гаражы. І падкінуць можна што заўгодна”.
Ленід Невар накіраваў заяву ў рэчыцкую пракуратуру, каб яна "абмежавала" яго, як ён піша, ад правакацыйных дзеяньняў мясцовай міліцыі.