Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск чакае ад Вашынгтону “паважлівых адносін”


Аляксандар Лукашэнка павіншаваў Барака Абаму зь перамогай на выбарах прэзыдэнта ЗША, паведаміла прэсавая служба кіраўніка Беларусі.


А прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Андрэй Папоў сказаў, што беларускія ўлады гатовыя супрацоўнічаць з прадстаўнікамі новай адміністрацыі ЗША.

Камэнтуючы абраньне Барака Абамы новым прэзыдэнтам ЗША, афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Папоў сёньня на брыфінгу заявіў:

“Мы, натуральна, зь вялікай павагай ставімся да выбару амэрыканскага народу. І мы спадзяемся і маем права чакаць, што такімі ж паважлівымі будуць і адносіны амэрыканскага кіраўніцтва да вынікаў палітычных кампаній у нашай краіне”.

Андрэй Папоў так акрэсьліў магчымыя пэрспэктывы дачыненьняў Беларусі і ЗША:

“Мы казалі раней і пацьвярджаем гэта сёньня, што гатовыя працаваць зь любым прадстаўніком адміністрацыі ЗША, які гатовы паважаць інтарэсы Рэспублікі Беларусь і разьвіваць беларуска-амэрыканскія дачыненьні на падмурку шанаваньня бакамі інтарэсаў адзін аднаго і прагматызму”.

Аляксандар Лукашэнка пакуль не адрэагаваў на ход і вынік выбарчай кампаніі ў ЗША, а толькі павіншаваў Барака Абаму зь перамогай — у адрозьненьне ад 2004 году, калі ён заявіў, што “амэрыканскія стандарты прэзыдэнцкіх выбараў для нас катэгарычна непрымальныя” і назваў тады амэрыканскую выбарчую сыстэму “самай архаічнай у сьвеце”.

МЗС Беларусі яшчэ ў 2000 годзе паставіў пад сумнеў празрыстасьць амэрыканскіх выбараў, бо з-за дзеючай у ЗША выбарчай сыстэмы тады больш галасоў атрымаў Альбэрт Гор, але прэзыдэнтам стаў Джордж Буш.

Палітоляг Алесь Лагвінец адзначае, што віншаваньне Аляксандрам Лукашэнкам Барака Абамы ёсьць звычайны дыпляматычны крок:

“Кожны кіраўнік дзяржавы робіць такія віншаваньні. А тое, што прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі абвясьціла пра гэта, паказвае на пэўны жэст.

Словы ж прэсавага сакратара МЗС пра павагу да выбару беларускага народу мне падаюцца звычайнай ідэалягічнай фармулёўкай. Якраз сёньняшнія беларускія ўлады не паважаюць выбару беларускага народу. І баяцца гэтага выбару, бо ў нас вынікі выбараў ніхто ня лічыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG