Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барак Абама: “Мы можам!”


Барак Абама выступіў са сваёй першай прамовай пасьля перамогі перад вялікім сходам сваіх прыхільнікаў на стадыёне Грант-Парк у Чыкага.

Прапануем вашай увазе поўны тэкст прамовы.

"Прывітаньне, Чыкага.

Калі тут сярод вас ёсьць нехта, хто яшчэ сумняваецца, што Амэрыка – гэта месца, дзе магчымае ўсё, хто ўсё яшчэ сумняваецца ці мара заснавальнікаў нашай краіны надалей жыве ў нашым часе, хто яшчэ ставіць пад пытаньне сілу нашай дэмакратыі, дык сёньняшні дзень – гэта адказ вам.

Гэта адказ, які далі чэргі, што выцягнуліся вакол школ і цэркваў у нябачанай у гэтай краіне колькасьці, які далі людзі, што чакалі па тры-чатыры гадзіны, шмат хто зь іх упершыню ў жыцьці, бо яны верылі, што гэтым разам будзе інакш, што іх галасы прынясуць гэтую зьмену.

Гэта адказ, які далі маладыя і старыя, багатыя і бедныя, дэмакраты і рэспубліканцы, чорныя, белыя, амэрыканцы лацінскага, азіяцкага паходжаньня і карэнныя амэрыканцы, геі, людзі традыцыйнай арыентацыі, інваліды і фізычна здаровыя. Амэрыканцы, якія заявілі сьвету, што мы ніколі не былі проста наборам індывідуўмаў або наборам чырвоных і сініх штатаў.

Мы ёсьць і заўсёды будзем Злучанымі Штатамі Амэрыкі.
Гэта адказ, які заахвоціў тых, каму так доўга з усіх бакоў казалі ставіцца з цынізмам, страхам і сумневам да нашым магчымасьцяў нечага дасягнуць, узяць у свае рукі крывую гісторыі і выгнуць яе яшчэ раз у бок надзеі на лепшы дзень.

Гэта давялося чакаць доўга, але сёньня дзякуючы таму, чаго мы дасягнулі ў гэты дзень на гэтых выбарах ў гэты вырашальны момант у Амэрыку прыйшлі перамены.

Трошкі раней сёньня ўвечары я прыняў надзвычай ласкавы тэлефонны званок ад сэнатара Маккейна.

Сэнатар Маккейн доўга і цьвёрда змагаўся ў сваёй кампаніі. Ён змагаўся яшчэ даўжэй і цьвярдзей за сваю краіну, якую ён любіць. Ён ішоў на цяжкія ахвяры за Амэрыку, якія бальшыня з нас ня можа сабе ўявіць. Нам цяпер значна лягчэй дзякуючы неацэнным паслугам гэтага мужнага і самаадданага чалавека.

Я віншую яго, я віншую губэрнатара Пэйлін з усім, чаго яны дасягнулі. І я, паўтараючы абяцаньне, дадзенае краіне, зьбіраюся супрацоўнічаць зь імі ў бліжэйшыя месяцы. Я хачу падзякаваць майму партнэру ў гэтым падарожжы, чалавек, які ўдзельнічаў у кампаніі ад шчырага сэрца і выступаў ад імя мужчын і жанчын, сярод якіх ён рос на вуліцах Скрэнтана і езьдзіў на цягніках дадому ў Дэлавэр – новаабранаму віцэ-прэзыдэнту Злучаных Штатаў, Джо Байдэну.

І я б тут сёньня не стаяў, калі б не непахісная падтрымка маёй найлепшай сяброўкі апошніх 16 гадоў, трывалай апоры нашай сям'і, каханьня майго жыцьця, будучай першай лэдзі краіны – Мішэль Абама.

Саша і Малія, я люблю вас больш, чым вы можаце сабе ўявіць. І вы заслужылі новае шчаня, яго паедзе разам з намі ў новы Белы Дом.

І хоць яна ўжо ня з намі, я ведаю, што мая бабуля глядзіць на мяне, разам зь сям'ёй, якія зрабіла мяне такім, які я ёсьць. Мне іх сёньня не хапае. Я ведаю, што я перад імі ў невымерным даўгу.

Маёй сястры Маі, маёй сястры Алме, усім маім братам і сёстрам дзякую за ўсё іх падтрымку. Я ім удзячны.

Дзякую мэнэджэру маёй кампаніі Дэйвіду Плуфу, нябачнаму герою гэтай кампаніі, які правёў найлепшую –найлепшую, на маю думку, палітычную кампанію ў гісторыі Злучаных Штатаў Амэрыкі.

Дзякую майму галоўнаму стратэгу Дэйвіду Аксэльроду, які быў маім партнэрам на кожным кроку гэтага шляху. Дзякую найлепшай камандзе за ўсю гісторыю палітыкі, дзякуючы вам гэта адбылося, і я буду заўсёды ўдзячны за тое, што вы зрабілі, каб гэтага дасягнуць.

Але перадусім, я ніколі не забуду каму насамрэч належыць гэтая перамога. Яна належыць вам. Яна належыць вам.

Я ніколі ня быў найбольш верагодным кандыдатам на гэтую пасаду. Мы пачыналі безь вялікіх грошай і вялікай падтрымкі. Нашу кампанію не выношвалі ў вашынгтонскіх калідорах. Яна пачыналася на задворках у Дэмойне, у гасьцёўнях у Конкардзе і на ганках у Чарлстане. Яе распачалі працоўныя людзі, якія з сваіх сьціплых ашчаднасьцяў ахвяравалі на справу па 5, 10 і 20 даляраў.

Ёй надалі сваю сілу маладыя людзі, якія адкінулі міт пра апатыю свайго пакаленьня, якія мусілі пакідаць дом і сям'ю дзеля працы, якая давала малыя заробкі і пакідала мала часу для сну.

Яна чэрпала сілу ад не такіх ужо маладых людзей, якія ў люты мароз і пякучую сьпёку грукалі ў дзьверы зусім чужых людзей, ад мільёнаў амэрыканцаў, якія працавалі добраахвотна і арганізавана і даказалі, што і праз два стагодзьдзі не загінула ідэя ўраду народу, з удзелам народу і для народу.

Гэта ваша перамога.

І я ведаю, што вы гэта рабілі ня толькі для таго, каб выйграць выбары. І я ведаю, што вы рабілі гэта не дзеля мяне. Вы рабілі гэта, бо вы ведаеце грандыёзнасьць задачы, якая перад намі стаіць. Бо нават цяпер, сьвяткуючы перамогу, мы ведаем, што праблемы, якія чакаюць нас заўтра, самыя сур'ёзныя за ўсё наша жыцьцё – дзьве вайны, плянэта ў небясьпецы, найгоршы за сто гадоў фінансавы крызыс.

Мы ведаем, што ў гэтыя самыя хвіліны ёсьць мужныя амэрыканцы, якія прачынаюцца ў пустынях Іраку і гарах Афганістану, рызыкуючы жыцьцём дзеля нас.

Мы ведаем, што ёсьць маці і бацькі, якія ня могуць заснуць пасьля таго, як заснулі іх дзеці, і думаюць, як сплаціць крэдыт за дом або аплаціць рахункі доктара або заашчадзіць дастаткова грошай на навучаньне дзяцей у коледжы.

Нам трэба паставіць на сваю службу новыя віды энэргіі, стварыць новыя працоўныя месцы, збудаваць новыя школы, прадухіліць пагрозы, аднавіць парушаныя сувязі.

У нас наперадзе доўгая дарога. Нас чакае нялёгкі ўзыход. Можа мы не дасягнем нашай мэты ні праз год, ні да канца майго тэрміну. Але, Амэрыка, я яшчэ ніколі не спадзяваўся так, як сёньня, што нам гэта ўдасца.

Я абяцаю вам, нам як народу гэта ўдасца.

Будуць у нас і затрымкі, і фальстарты. Шмат людзей будуць нязгодныя з рашэньнямі і ўстаноўкамі, якія я буду прымаць як прэзыдэнт. І мы ведаем, што ўрад ня можа вырашыць усе праблемы.

Але я заўсёды буду з вамі шчыры наконт праблемаў, зь якімі мы сутыкаемся. Я буду слухаць вас, асабліва, калі нашы думкі будуць разыходзіцца. Але, перадусім, я папрашу вас далучыцца да працы ператварэньня краіны тым адзіным спосабам, як гэта рабілася ў Амэрыцы 221 год – блёк за блёкам, цагліна за цаглінай, мазолістая рука за мазолістай рукой.

Тое, што пачалося 21 месяц таму глыбокай зімою, ня можа спыніцца гэтай восеньскай ноччу. Сама гэтая перамога – гэта яшчэ ня тыя перамены, якіх мы дамагаемся. Гэта толькі шанец для нас, каб дасягнуць гэтых пераменаў. І гэтага не адбудзецца, калі вернемся да таго стану рэчаў, які існаваў дагэтуль.

Гэта ня можа адбыцца бяз вас, бяз новага духу адданасьці, бяз новага духу самаахвярнасьці. Дык давайце ж мабілізуем новы дух патрыятызму, адказнасьці, давайце ўсе энэргічна возьмемся за працу і будзем упарта працаваць і клапаціцца ня толькі аб сабе, але й адзін аб адным.

Давайце не забывацца, што калі гэты фінансавы крызіс нас нечаму навучыў, дык гэта таму, што вуліца фінансістаў Ўолл Стрыт ня можа квітнець, калі церпяць людзі на звычайных вуліцах.

У гэтай краіне мы перажываем узьлёты і падзеньні як адна нацыя, як адзін народ. Давайце ўстрымаемся ад спакусы вярнуцца да міжпартыйнай варажнечы, дробязнасьці і нясьпеласьці, якія так доўга атручвалі нашу палітыку.

Ня будзем забывацца, што менавіта чалавек з гэтага штату першы занёс у Белы Дом сьцяг Рэспубліканскай партыі, партыі, заснаванай на прынцыпах упэўненасьці ў сваіх сілах, індывідуальнай свабоды і нацыянальнай еднасьці.

Гэта каштоўнасьці, якія падзяляем усе мы. І хоць Дэмакратычная партыя сёньня сьвяткуе вялікую перамогу, тым ня менш мы поўныя пакорлівасьці і рашучасьці, каб адолець распадзелы, якія стрымлівалі наш рух наперад.

Як Лінкальн аднойчы сказаў народу значна больш падзеленаму, чым мы цяпер – мы ня ворагі, а сябры. Як бы ні буялі жарсьці, яны ня мусяць разбурыць повязі нашай прыязнасьці.

Што да амэрыканцаў, чыю падтрымку мне яшчэ трэба будзе заваяваць – можа я й не атрымаў сёньня вашы галасы, але я іх чую. Мне патрэбная ваша дапамога. Я буду і ваш прэзыдэнт.

Зьвярнуся і да тых, хто назірае на намі з-за нашых межаў, у парлямэнтах і палацах, да тых, што сабраліся вакол радыёпрыймачоў у забытых кутках сьвету, нашыя гісторыі ўнікальныя, але мы дзелім агульны лёс, і блізіцца новы сьвітанак амэрыканскага лідэрства.

Скажу тым, хто мерыцца зруйнаваць сьвет: Мы вас пераможам. Тым, хто імкнецца да міру і бясьпекі: Мы вас падтрымліваем. І ўсім тым, хто пачаў сумнявацца, ці сьвятло амэрыканскага маяка не паблякла: Сёньня мы яшчэ раз даказалі, што сапраўдная сіла нашай краіны не ў магутнасьці нашай зброі і не ў маштабах нашага багацьця, а ў трываласьці нашых ідэалаў: дэмакратыі, свабоды, роўных магчымасьцяў і непахіснай надзеі.

Вось у чым сапраўдны геній Амэрыкі: Амэрыка можа мяняцца. Наша краіна можа ўдасканальвацца. Тое, чаго мы ўжо дасягнулі, дае нам надзею на тое, што мы можам і павінны дасягнуць заўтра. На гэтых выбарах шмат чаго адбылося ўпершыню, шмат такога, пра што будуць расказваць на працягу пакаленьняў. Але цяпер у мяне ў думках адна гісторыя пра жанчыну, якая галасавала ў Атланце. Яна амаль нічым не адрозьнівалася ад мільёнаў іншых, што стаялі ў чэргах, каб прагаласаваць на выбарах, апрача аднаго: ёй, Эн Ніксан Купэр – 106 гадоў.

Яна нарадзілася ўсяго праз адно пакаленьне пасьля адмены рабства, у часе, калі на дарогах не было аўтамабіляў, а ў небе самалётаў, калі такія, як яна, не маглі галасаваць з дзьвюх прычынаў – з-за таго, што яна жанчына, і з-за колеру скуры.

І сёньня я думаю пра ўсё тое, што яна пабачыла за стагодзьдзе ў Амэрыцы – боль і надзею, змаганьне і прагрэс, часы, калі нам казалі, што мы ня можам, і людзей, якія не адмаўляліся ад гэтага амэрыканскага крэда: Так, мы можам.

Яна жыла ў часы, калі галасы жанчын заглушаліся, а да іх спадзяваньні ігнараваліся, і дачакалася пары, калі яны ўсталі, прымусілі сябе пачуць і дамагліся права галасаваньня. Так, мы можам.

Калі панавала роспач на засушлівым амэрыканскім Захадзе і краіну прыціснула дэпрэсія, яна была сьведкам таго, як народ пераадолеў страх, і зьявіўся Новы курс Рузвэльта, новыя месцы працы, новы сэнс агульнасьці мэтаў. Так, мы можам.

Калі падалі бомбы на Пэрл-Харбар і сьвету пагражала тыранія, яна была сьведкам таго, як цэлае пакаленьне ўзьнялася ў сваёй велічы і дэмакратыя была ўратаваная. Так, мы можам.

Яна памятае аўтобусы ў Мантгомэры, вадамёты ў Бірмінгэме, мост ў Сэлме і прапаведніка з Атланты, які сказаў народу: “Мы адолеем”. Так, мы можам.

Чалавек высадзіўся на Месяцы, быў зьнесены мур у Бэрліне, увесь сьвет злучыўся дзякуючы нашай навуцы і ўяўленьню.

І сёлета, на выбарах, яна дакранулася пальцам да экрана і ўкінула свой бюлетэнь, бо пражыўшы ў Амэрыцы 106 гадоў, пабачыўшы самыя лепшыя часы і самыя змрочныя гадзіны, яна ведае, як Амэрыка можа зьмяніцца.

Так, мы можам.

Амэрыка, мы дайшлі дасюль. Мы пабачылі так шмат. Але зрабіць трэба яшчэ значна болей. Таму сёньня давайце спытаемся ў сябе – калі нашы дзеці дажывуць да наступнага стагодзьдзя, калі маім дачкам пашчасьціць пражыць столькі, колькі пражыла Эн Ніксан Купэр, якія зьмены пабачаць яны? Як далёка мы прасунемся наперад?

Гэта наш шанец адказаць на той заклік. Гэта наш момант.

Гэта час вярнуць наш народ да працы і расчыніць дзьверы магчымасьцяў для нашых дзяцей; аднавіць росквіт і пашырыць справу міру; адрадзіць амэрыканскую мару і зноў сьцьвердзіць фундамэнтальную ісьціну: “Мы з многіх – адзіна”е і “Пакуль мы дыхаем, мы спадзяемся”. І калі мы сутыкнемся з цынізмам і сумненьнямі, калі нам будуць казаць, што мы ня можам, мы адкажам нашым непадуладным часу крэда, якое падагульняе дух народу:

Так, мы можам.

Дзякую. Хай блаславіць вас Бог. І хай блаславіць Бог Злучаныя Штаты Амэрыкі”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG