Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты — у чарзе на дыпляматаў


Сёньня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і сябры Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі правялі сумеснае заключнае паседжаньне. Разьвітацца з былымі дэпутатамі прыйшоў Аляксандар Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы выступаў каля 40 хвілінаў. Ён сказаў: самае галоўнае, што змагла зрабіць Беларусь, — гэта стварыць самастойную дзяржаву. І паабяцаў адстойваць самастойнасьць нават, калі спатрэбіцца, з дапамогай зброі.

Спадар Лукашэнка падкрэсьліў, што ўсясьветны крызіс толькі пацьвердзіў ягоную галоўную пазыцыю — дзяржава павінна рэгуляваць усе сфэры жыцьця. І дадаў, што і ЗША цяпер пайшлі тым жа шляхам, што і ён, Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы паабяцаў празь некалькі дзён падпісаць спэцыяльны “банкаўскі” ўказ. Любы ўкладчык грошай у беларускія банкі — незалежна ад таго, замежнік ён ці грамадзянін Беларусі — будзе вызвалены ад патрэбы тлумачыць, адкуль у яго гэтыя грошы.

Кіраўнік дзяржавы паставіў перад новым складам Нацыянальнага сходу галоўную задачу — ствараць законы новага пакаленьня. Неабходнасьць гэтага ён патлумачыў так:

“Бліжэйшыя чатыры гады — гэта пэрыяд напружанай працы. Яны павінны стаць часам дынамічнага прарыву, які забясьпечыць уваход Беларусі ў лік найбольш разьвітых краінаў сьвету.

Для рэалізацыі гэтых амбітных задачаў трэба ствараць законы новага пакаленьня — навукова абгрунтаваныя і глыбока правераныя з пункту гледжаньня ўсебаковага прагназаваньня наступстваў іх рэалізацыі”.

Палітоляг, дацэнт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Ўладзімер Роўда лічыць, што для новаабранага беларускага парлямэнту такая задача выглядае непасільнай:

“Гэта ж у асноўным намэнклятура. Да таго ж намэнклятура сталага ўзросту: перадпэнсійная, пэнсійная. Асабліва гэта тычыцца верхняй палаты.

Ніводзін незалежны кандыдат туды не патрапіў. Я ўжо не кажу пра апазыцыю, нават бізнэсоўцы не прайшлі. Так што, безумоўна, гэты склад не дазваляе рабіць нармальныя зьмены. Ён будзе рабіць тое, што скажа прэзыдэнт. І, у прынцыпе, ніякага адрозьненьня ад таго, што было ў Нацыянальным сходзе раней, ня будзе”.

Кіраўнік дзяржавы паабяцаў дэпутатам не пакінуць іх бяз працы:

“У мяне да вас няма ніякіх прэтэнзіяў. Ніякіх! Абсалютна! Ні да Вольгі Абрамавай, ні да Віктара Кучынскага, ні да Баршчова, ні да Канаплёва… А тое, што мы не рашылі, мы вырашым. Калі толькі вы патрыёт і прафэсіянал, вам дарога ў нашай краіне адкрытая”.

Аднак у кулюарах давялося пачуць, што многія дэпутаты незадаволеныя тымі прапановамі, якія ім зрабілі. Прыкладам, аднаму прапанавалі пасаду старшыні сельсавета, другому — дырэктара агульнаадукацыйнай школы. Многія зайздросьцяць Мікалаю Сергіенку, які нібыта стане дырэктарам менскага Палаца спорту.

Ну, а самі цяпер ужо былыя дэпутаты найбольш хочуць альбо стаць дыпляматамі, альбо працаваць у органах дзяржаўнага кіраваньня. З гэтай нагоды Сяргей Гайдукевіч сказаў мне так:

“Там ужо на дыпляматычную працу чарга — ці то 28, ці то 29 чалавек”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG