Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камфортна сядзець, калі ўсё ціха


Сёньня афіцыйна складуць свае паўнамоцтвы дэпутаты Нацыянальнага сходу Беларусі. Паводле палітолягаў, самай вялікай яго адметнасьцю была ўсялякая адсутнасьць плюралізму і апазыцыі.

У сёньняшнім разьвітаньні ёсьць свая адметнасьць. Раней заключныя пасяджэньні Савет Рэспублікі і Палата прадстаўнікоў праводзілі паасобку. Сёньня ўпершыню – разам. Заплянаваную прысутнасьць кіраўніка дзяржавы сьпікер Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў тлумачыць так:

“Прыход прэзыдэнта на заключнае пасяджэньне – гэта ацэнка нашай з вамі працы”.

Журналіст Юры Пацёмкін, які асьвятляў працу Нацыянальнага сходу, адзначае, што зьнешне ў трэцім скліканьні было больш паразуменьня паміж абедзьвюма палатамі:

“Раней больш часта здараліся выпадкі, калі законапраекты вярталіся так званымі сэнатарамі ў ніжнюю палату. Але пасьля таго, як стварылі каардынацыйную раду на ўзроўні кіраўніцтва абедзьвюх палат, гэтыя пытаньні апэратыўна здымаліся. І ўжо няма такога напружаньня, калі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў крыўдзіліся, што іх называлі ніжняй палатай, а Савет Рэспублікі – верхняй.

Ну, а сутнасных зьменаў я не бачу. Па-ранейшаму вельмі хутка штампуюцца законапраекты, нягледзячы на тое, ці складаныя яны – эканамічныя альбо сацыяльныя”.

На думку палітолягаў, самая вялікая адметнасьць Нацыянальнага сходу трэцяга скліканьня – гэта адсутнасьць у ім усялякай апазыцыі. Вадзім Папоў ацэньвае гэта надзвычай станоўча:

“Давайце вернемся да другога скліканьня. Там было восем групаў, яўная і не яўная апазыцыя. Шуму і трэску было многа. Таму перанос працы непасрэдна ў камісіі прымушае любога дэпутата там працаваць. Яму няма куды падзецца. Тут не пляцоўка для палітычных дэбатаў. Гэта пляцоўка для стварэньня законаў”.

Генэрал Валеры Фралоў быў адным з арганізатараў апазыцыйнай дэпутацкай групы “Рэспубліка” у Палаце прадстаўнікоў другога скліканьня. Ён кажа:

“Я сустракаўся з хлопцамі, якія засталіся ў палаце і якіх я добра ведаю, Я пытаюся, як у вас там справы? А яны адказваюць: сумна. Хаця, зразумела, што 8-10 чалавек ня могуць радыкальна ўсё зьмяніць, але тады было весялей. Ну, а калі Папову падабаецца балота, дзе ніхто не квакае, гэта ягонае права. Мабыць, яму як старэйшаму чалавеку, старэйшаму за мяне, больш камфортна сядзець, калі ўсё ціха”.

Дэпутаты чарговага скліканьня Нацыянальнага сходу павінны прыступіць да сваіх абавязкаў у канцы гэтага месяца. У новы склад парлямэнту не прайшоў ніводзін апазыцыянэр, ні ў воднай з акругаў не праводзіўся другі тур галасаваньня. Многія назіральнікі выказваюць меркаваньне, што ўсе дэпутаты прайшлі па сьпісе ўлады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG