Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хто пойдзе за апазыцыяй, калі яе не падтрымліваюць на Захадзе?”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 15 кастрычніка 2008 году


Вынікаў беларускіх парлямэнцкіх выбараў, якія адбыліся 28 верасьня, Захад не прызнаў, але на некаторыя саступкі беларускай уладзе пайшоў. Як можа адбіцца пацяпленьне стасункаў паміж Менскам і Брусэлем на будучыні дэмакратычнай апазыцыі і жыцьці звычайных беларускіх грамадзянаў? На гэтую ды іншыя тэмы, зьвязаныя зь нядаўнімі выбарамі ды іхнымі вынікамі, разважаюць у сваіх лістах слухачы “Свабоды”.

Вось што піша наконт гэтага ў сваім электронным лісьце Антон Мазуркевіч зь Менску:

“Захад ні ў якім разе не павінен быў саступаць Лукашэнку. Ніякіх выбараў у Беларусі не было: адна прафанацыя. Усе гэта бачылі, у тым ліку і заходнія назіральнікі. У людзей не было рэальнай магчымасьці выбіраць. Імёны пераможцаў так званых “выбараў” былі вядомыя загадзя: даволі дакладны сьпіс нават надрукавала напярэдадні галасаваньня “Народная Воля”. Людзей, як жывёлу, гналі на датэрміновае галасаваньне. У выбарчых камісіях засядалі толькі тыя, у чыёй добранадзейнасьці былі ўпэўненыя чыноўнікі. Да падліку галасоў нікога зь незалежных назіральнікаў не дапускалі. А цяпер атрымліваецца, што Лукашэнка ў вачах Захаду перамог, а апазыцыя прайграла. Фактычна ёй усе здрадзілі.

Якім цяпер будзе аўтарытэт апазыцыйных лідэраў сярод насельніцтва, калі ўсе ўбачылі, што на Захадзе слухаюць Лукашэнку, а не Казуліна і не Лябедзьку? Хто цяпер пойдзе за апазыцыяй, калі яе не падтрымліваюць на Захадзе?”
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Антон Мазуркевіч зь Менску.

Зьвярну вашу ўвагу, Антон, на тое, што прыпыненьне візавых санкцыяў супраць Аляксандра Лукашэнкі ды іншых высокапастаўленых чыноўнікаў — часовае, тэрмінам на паўгода. Эўрапейскія лідэры папярэджваюць, што дзеяньне санкцыяў можа аднавіцца, калі ў Менску ня зробяць захадаў для лібэралізацыі.

Апазыцыйных беларускіх лідэраў на Захадзе як прымалі, так і прымаюць на самым высокім узроўні. Іншая справа, ці здольная апазыцыя ў яе цяперашнім выглядзе павесьці за сабой большую частку беларускага грамадзтва і дамагчыся пераменаў у дзяржаве? Досьвед апошніх чатырнаццаці гадоў даволі красамоўна адказвае на гэта пытаньне.

Аўтар наступнага ліста — Уладзімір Цішуроў зь вёскі Навапруды Круглянскага раёну — распавядае пра сёньняшнія рэаліі вясковага жыцьця. Слухач піша:

“Свабода” — лічы, адзіная праграма, дзе чуваць праўда жыцьця, галасы людзей, розныя меркаваньні пра тую ці іншую грамадзкую зьяву. Дзяржаўнае радыё замоўчвае актуальныя праблемы. Яно проста запалохана чыноўнікамі ад ідэалёгіі, якія верна служаць Лукашэнку, а той іхную службу добра аплочвае. Нядаўна вычытаў у адным выданьні пра 28-разрадную шкалу аплаты працы ў Беларусі. Можа, я і памыляюся, але падумалася: калі адзін грамадзянін, які на ніжэйшай прыступцы гэтай шкалы, атрымлівае сто тысяч беларускіх рублёў, дык другі — у 28 разоў болей, г.зн. 2 мільёны 800 тысяч? І прэзыдэнт пасьля гэтага заяўляе пра сацыяльную арыентаванасьць нашай дзяржавы?

Калі слухаеш нашага “бацьку”, дык здаецца, жывеш у краіне-казцы, — піша Ўладзімер Цішуроў. — А зірнеш на навакольнае жыцьцё — казка даволі страшная. Страчаны маральныя каштоўнасьці і арыенціры. У пагоні за залатым цяляткам зьнікаюць сумленнасьць, праўдзівасьць, прыстойнасьць. Зьявілася воўчая псыхалёгія. Раней ідзеш па дарозе, паднімеш руку перад спадарожнай машынай — падбяруць, падвязуць. Цяпер машыны праносяцца па шашы, як злосныя чмялі. І ніхто ня спыніцца. Расьце колькасьць злачынстваў. Церпячы псыхалягічны, маральны дыскамфорт, людзі вёскі сьпіваюцца. Зь іхнымі меркаваньнямі ніхто ня лічыцца, іхнага голасу ніхто ня хоча чуць.

Дзякуй, што агучылі даходы дэпутатаў, зьвесткі пра іхнае пэнсійнае забесьпячэньне. Цяпер зразумела, чаму некаторыя “вэртыкальшчыкі” кінуліся ў дэпутаты. Аказваецца, там кавалак тлусьцейшы.

Быў перад выбарамі ў адной кампаніі. Жанчына-пэнсіянэрка разважала пра тое, хто будзе дэпутатам: “Дык гэта цяпер у нас Іваноў будзе, яго прызначаць дэпутатам...” Бачыце, якая сьвядомасьць? А колькі ў нас такіх цёмных, затурканых грамадзянаў са сьвядомасьцю сярэднявечнага пэрыяду... Ім загадалі галасаваць за гэтага чалавека — яны так і зрабілі. Ад агульнай булкі дадуць кавалачак — яны і задаволены”,
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Ўладзімір Цішуроў зь вёскі Навапруды Круглянскага раёну.

У маёй выбарчай акрузе ў менскім раёне Ўручча пераможцам на выбарах абвешчаны вылучэнец улады, начальнік вайсковай акадэміі. Задэкляраваны гадавы даход новага дэпутата, які, заўважым, працаваў на дзяржаўнай службе і атрымліваў грошы зь дзяржбюджэту, — каля 176 мільёнаў рублёў. Гэта прыблізна 7 тысяч даляраў за месяц. Даходы настаўнікаў, выхавацеляў дзіцячых садкоў, мэдыкаў, якія таксама атрымліваюць свае заробкі зь дзяржаўнага бюджэту, — у 30—40 разоў ніжэйшыя. Пра якую сацыяльна арыентаваную мадэль можна казаць, калі сама “вэртыкаль” сьвядома стварыла такую бездань паміж кіроўнай элітай і асноўнай масай насельніцтва? І ці захоча новы дэпутат з такім узроўнем даходаў нешта мяняць у гэтай сыстэме?”

Надзея Астроўская зь вёскі Лебедзева Маладэчанскага раёну зьвяртаецца на “Свабоду” з шэрагам заўваг і прапаноў. У сваім лісьце яна піша:

“Слухаю “Свабоду” на працягу некалькіх гадоў. Заўважыла, што сярод тых, каго вы называеце даўнімі слухачамі і сябрамі “Свабоды”, ёсьць нямала вельмі цікавых, удумлівых людзей, якія фактычна сталі вашымі пазаштатнымі карэспандэнтамі. Ад іх можна пачуць і актуальны аналіз, і трапную заўвагу. “Свабода” нярэдка наладжвае розныя акцыі з уручэньнем падарункаў. Але пра тое, што вы ўзнагароджваеце няштатных аўтараў, чуць нешта не даводзілася.

Адна з найбольш важных для працоўнага чалавека ў Беларусі праблемаў — павальная кантрактная сыстэма. Менавіта з дапамогай яе ўлада трымае людзей у страху і падпарадкаваньні. Невыпадкова Аляксандар Мілінкевіч перад выбарамі абяцаў, што калі б ён стаў прэзыдэнтам, дык першым жа ўказам адмяніў гэтую сыстэму. На жаль, ваша радыё аддае гэтай тэме мала месца. А слухачы “Свабоды” зьвяртаюць на яе ўвагу. Дарэчы, людзі, якія пішуць вам, рызыкуюць. Яны ж гэтым самым адкрыта паказваюць, што зьяўляюцца апанэнтамі ўлады. А што ў нас часам адбываецца з такімі асобамі, вам павінна быць добра вядома”
, — напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Надзея Астроўская зь вёскі Лебедзева Маладэчанскага раёну.

Дзякуй Вам, спадарыня Надзея, за слушныя заўвагі і прапановы. Мы прызначаем прызы нашым актыўным слухачам за ўдзел у конкурсах, за найбольш цікавыя тэлефанаваньні. Неўзабаве мяркуем вярнуцца і да ранейшай практыкі, калі сувэніры і падарункі з сымболікай “Свабоды” атрымлівалі аўтары самых цікавых лістоў.

Пры рассылцы гэтых прызоў, аднак, мы часам сутыкаемся зь цяжкасьцямі: ня ўсе аўтары падаюць свой дакладны адрас і імя. Думаю, спадарыня Надзея, гэта зьвязана якраз з тымі прычынамі, пра якія вы пішаце ў сваім лісьце. Тым аўтарам, якія заклапочаныя гэтымі абставінамі, але, нягледзячы на боязь перасьледу, хацелі б пісаць нам, мы прапануем карыстацца псэўданімамі.

На заканчэньне — ліст Генадзя Гладкага са Слуцку. Слухача цікавяць гістарычныя тапонімы, і ў прыватнасьці — назвы “Літва” і “Беларусь”. У сваім лісьце на “Свабоду” ён піша:

“Вельмі часта можна пачуць, як нейкія расейскія шавіністы кажуць, што беларусаў, як нацыі, раней не было, што яе выдумалі. Самае дзіўнае, што яны маюць рацыю. Сапраўды, мы раней называліся “ліцьвінамі”, а наша краіна — Літва, або Вялікае Княства Літоўскае. Расейская ўлада, гвалтам перавёўшы ўніятаў-ліцьвінаў у праваслаўе, пастанавіла называць іх “беларусцамі” — дзеля паскарэньня русыфікацыі. А потым і гэтую назву зьмянілі: сталі называць краіну “Северо-Западным краем”. Бальшавікі пасьля рэвалюцыі назвы “Беларусь” і “беларусы” вярнулі, але русыфікацыя працягвалася. Не спынілася яна і сёньня.

Таму прысьпеў час пачаць на Беларусі “ліцьвінізацыю”. Гэта азначае вяртаньне нашаму краю гістарычнай назвы “Літва” і “ліцьвіны” — як гэта і было на працягу 500 год, да расейскай акупацыі”,
— гэтак лічыць Генадзь Гладкі са Слуцку.

Гісторыя назваў “Літва” і “Беларусь” даволі шырока асьвятлялася і ў нас на “Свабодзе”, і ў шмат якіх папулярных гістарычных і асьветніцкіх выданьнях. Вельмі цяжка (дый наўрад ці магчыма), спадар Гладкі, вярнуць тое, што было страчана на гістарычных скрыжаваньнях два стагодзьдзі таму. У 20 стагодзьдзі Беларусь рабіла некалькі спробаў аднавіць сваю дзяржаўнасьць, і кожны раз — пад гэтай новай назвай, якая замацавалася ў грамадзкай сьвядомасьці і прызнана ўсімі ў сьвеце. Пабудаваць сучасную эўрапейскую дзяржаву, адрадзіць нацыянальную мову і шанаваць уласную гісторыю беларусам замінае зусім ня назва, а іншыя, значна больш істотныя прычыны і абставіны.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG