Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці падштурхне прыпыненьне санкцый да зьменаў у палітыцы Беларусі?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. эфір 14-га кастрычніка

Эўрапейскі Зьвяз часова прыпыніў візавыя санкцыі ў дачыненьні да 36 дзяржаўных чыноўнікаў Беларусі на чале з Лукашэнкам. Чым можна патлумачыць такое рашэньне? Ці ўдасца зьвязаць Лукашэнку “дарожнай мапай”? Ці рэальна выцягнуць Беларусь з геапалітычнага поля Расеі?

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску і кіраўнік арганізацыі “За дэмакратычную Беларусь!” Вольга Стужынская з Брусэлю.

Чаму прыпынілі санкцыі?

Валер Карбалевіч: “Дыскусіі пра тое, што лепш — жорсткія санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі ці дыялёг зь ім — маюць доўгую гісторыю. Абедзьве лініі маюць сваіх прыхільнікаў і праціўнікаў, сыстэму аргумэнтацыі, як у Эўропе, так і ў самой Беларусі. Гэтым разам перамагла лінія на дыялёг. Чым вы патлумачыце гэта?”

Андрэй Фёдараў: “Сапраўды, раней Захад прытрымліваўся жорсткай лініі ў адносінах да кіраўніцтва Беларусі. Але гэта не прывяло да тых вынікаў, якіх чакалі заходнія палітыкі. Можна, канечне, сьцьвярджаць, што бяз санкцый з боку ЭЗ і ЗША сытуацыя ў Беларусі была б горшая. Але пра пераход да дэмакратыі казаць не выпадае. Цяпер ЭЗ выкарыстоўвае іншы падыход, пернік замест бізуна.

На такое рашэньне моцна паўплывалі зьнешнія падзеі. Маю на ўвазе Каўкаскую вайну. Захад убачыў, што Расея ўзмацніла імкненьне дамінаваць на постсавецкай прасторы. І Беларусь — першы кандыдат на тое, каб апынуцца пад крылом Масквы. І Захад імкнецца перашкодзіць гэтаму”.

Вольга Стужынская: “Ня трэба бачыць сытуацыю ў чорна-белых колерах. Маўляў, учора санкцыі, а сёньня дыялёг. Трэба выкарыстоўваць камбінацыю таго і другога.

Быў час, калі ў Беларусі зьнікалі палітыкі. І тады санкцыі былі больш лягічнай мерай. Пачаткам новай сытуацыі стаў газавы канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй. І Захад пачаў пераглядаць сваю палітыку. Рашэньне аб прыпыненьні санкцый цяпер зьяўляецца правільным на гэты момант”.

Ці ўдасца зьвязаць Лукашэнку “дарожнай мапай”?

Карбалевіч: “Вось наконт камбінацыі бізуна і перніка. Санкцыі прыпынены на шэсьць месяцаў. Маецца на ўвазе, што за гэты час кіраўніцтва Беларусі прадэманструе крокі па лібэралізацыі ўнутрыпалітычнага жыцьця, імкненьне да збліжэньня з Эўропай. Раней такая тактыка называлася “пакрокавай стратэгіяй”. Цяпер яе называюць “дарожнай мапай”. Што тычыцца збліжэньня з Эўропай, то гэта магчыма. Ужо зьявілася інфармацыя, што Лукашэнка зьбіраецца ехаць на інвэстыцыйны форум у Лёндан.

Але што тычыцца ўнутрыпалітычнай лібэралізацыі, то тут узьнікаюць вялікія сумненьні. Варта толькі ўзгадаць, як прайшлі выбары ў Палату прадстаўнікоў. Дык ці ўдасца зьвязаць Лукашэнку “дарожнай мапай”?

Фёдараў: “Ня думаю, што ў Лёндане ў Лукашэнкі адбудуцца сустрэчы на вышэйшым узроўні. А ён гэтага, мусіць, хацеў бы.

Што тычыцца ўнутранай палітыкі, то гэтае рашэньне ЭЗ можна лічыць авансам Менску. Шмат будзе залежаць ад таго, як будуць разьвівацца беларуска-расейскія дачыненьні.

Ня думаю, што ўлады пойдуць на палітычную лібэралізацыю. Але і ўзмацненьня рэпрэсій супраць апазыцыі, грамадзянскай супольнасьці, незалежных мэдыяў дакладна ня будзе. Бо Захад гэта вельмі пільна адсочвае. І калі ён убачыць, што такі ціск узмацняецца, то адновіць санкцыі не праз паўгода, а раней. І Менск гэта разумее”.

Стужынская: “Я спадзяюся на такую лібэралізацыю. Бо нават апошняя выбарчая кампанія была лепшай, чым папярэднія. А паездку Лукашэнкі ў Лёндан я б не разглядала як прыкмету збліжэньня Беларусі з ЭЗ. Проста ён імкнецца скарыстаць магчымасьць зьездзіць у Эўропу.

Шэсьць месяцаў, якія ЭЗ даў Беларусі, трэба выкарыстаць для паляпшэньня дачыненьняў. Стануць больш інтэнсіўнымі эканамічныя адносіны, палітычныя кантакты.

Здаецца, унутры кіроўнай групы расьце колькасьць людзей, якія хацелі б такіх кантактаў, і яны гатовыя да пераменаў, гатовыя бачыць сваю краіну больш эўрапейскай і цывілізаванай”.

Ці рэальна выцягнуць Беларусь з геапалітычнага поля Расеі?

Карбалевіч: “Важны чыньнік учорашняга рашэньня ЭЗ — імкненьне выцягнуць Беларусь з геапалітычнага поля Расеі. Але ці мае магнітны полюс Эўропы такую сілу? Цалкам можа атрымацца, што, дасягнуўшы на эўрапейскім кірунку адмены візавых абмежаваньняў, зьезьдзіўшы ў Лёндан, Лукашэнка затым прызнае незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, падпіша з Расеяй дамову аб стварэньні адзінай супрацьпаветранай абароны. А ЭЗ апынецца, як бы гэта мякчэй сказаць, у становішчы кінутай нявесты. Наколькі верагодны такі сцэнар?”

Фёдараў: “Выключыць такі сцэнар нельга. Але нават прызнаньне незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, падпісаньне з Расеяй дамовы аб стварэньні адзінай супрацьпаветранай абароны не паставіць крыж на разьвіцьці ўзаемадзеяньняў з Захадам.

Больш важным чыньнікам было б пашырэньне эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі з Захадам. Зразумела, гэта няшмат залежыць ад урадаў, бо яны ня могуць прымусіць свой бізнэс ісьці ў Беларусь. Але паспрыяць гэтаму заходнія ўлады могуць.

Бо ціск з боку Расеі адбываецца ў асноўным у эканамічнай сфэры. Таму і з Захаду Лукашэнку патрэбна больш эканамічная падтрымка, каб вытрымаць ціск з боку Масквы”.

Карбалевіч: “Што тычыцца эканамічных дачыненьняў, дык яны добра разьвіваліся паміж Беларусьсю і ЭЗ якраз пры напружаных палітычных адносінах”.

Фёдараў: “Але гэтыя дачыненьні грунтаваліся ў асноўным на экспарце ў Эўропу беларускіх нафтапрадуктаў. А нам патрэбнае зьяўленьне тут эўрапейскіх інвэстыцый, тэхналёгій”.

Ці ўзрасьлі шанцы на збліжэньне з ЭЗ?

Стужынская: “Падаецца, шанцы на разьвіцьцё дачыненьняў паміж Беларусьсю і ЭЗ узрасьлі. Перамовы паміж Менскам і Масквой будуць цяжкімі. Усё залежыць ад таго, прапановы зь якога боку пададуцца Лукашэнку больш прывабнымі.

ЭЗ робіць прапановы. А ўжо Беларусь вырашае, прымаць іх ці не прымаць. І казаць, што ЭЗ апынецца ў становішчы кінутай нявесты, няправільна. Эўропа не прападзе без Беларусі. А ЭЗ у выпадку чаго можа зноў увесьці санкцыі”.

Карбалевіч: “Але ёсьць сіла палітычнай інэрцыі. У Эўразьвязе складаны мэханізм прыняцьця і зьмены рашэньняў, трэба вялікая колькасьць узгадненьняў. Таму выскачыць з гэтай каляіны дыялёгу будзе цяжка”.

Стужынская: “Калі сытуацыя ўнутры Беларусі будзе разьвівацца нэгатыўна, то ня думаю, што будзе цяжка ЭЗ прыняць адпаведнае рашэньне. І праз паўгода візавыя санкцыі могуць увесьці зноў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG