Рада Эўразьвязу на паўгоду прыпыніла візавыя санкцыі для 36 высокапастаўленых чыноўнікаў Беларусі. Па-ранейшаму невыязнымі застаюцца Лідзія Ярмошына, Віктар Шэйман, Уладзімер Навумаў, Дзьмітры Паўлічэнка і Юры Сівакоў. Камэнтар слухача:
“Ворагаў палітычных яна пасадзіла, і ў тых была бяда,
А цяпер іх асвабадзіла, і ўладам, як з гуся вада.
А Эўропа зрабіла адлігу, часткова перашкоды зьняла,
Грахі прасьціла і яго ў Эўропу пусьціла,
Даўшы ўезд на паўгады. Паглядзім тады,
Якая палітыка ўлад будзе далей на Беларусі”.
***
У працяг тэмы пытаньне ад спадара Адама з Валожынскага раёну, дасланае ў СМС-допісе: “Што думае наконт адмены візавых санкцый Зянон Станіслававіч?” На пытаньне адказвае Зянон Пазьняк:
“Гэта чыста пазыцыйнае рашэньне. Нам больш выгадна, канечне, каб гэтая ўлада мела адкрытыя дзьверы ў Эўропу. Бо акупацыйная і агрэсіўная палітыка ідзе з боку Расеі. Таму пазыцыйна гэта правільна, але ў прынцыпе — гэта нічога ня зьменіць для беларусаў. Калі ня будуць адмененыя санкцыі супраць народу, калі Эўропа не павернецца тварам да нашага народу, а не да яго рэжыму”.
***
Тэма мінулых выбараў па-ранейшаму ў абмеркаваньнях слухачоў “Свабоды”:
Спадар: “Пасьля апошніх выбараў у Беларусі надоўга замацавана таталітарная ўлада, аблытаная павуцінай аўтарытарызму, хлусьні і зла. Для яе пераадоленьня патрэбны высілкі і час”.
Далей выказваньне на адрас Аляксандра Лукашэнкі:
Спадар: “Не прыгадаю выпадку, каб нармальны прэзыдэнт нармальнай краіны на рознага кшталту сустрэчы і саміты цягаў з сабой малалетняе дзіця”.
***
Спадар: “Браты-беларусы, можа, вы мне растлумачыце, чаму прэзыдэнт Лукашэнка адмаўляецца ад свае роднае беларускае мовы?”
На пытаньне адказвае старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў:
“Кіраўнік дзяржавы размаўляе на той мове, на якой размаўляе большасьць беларускага насельніцтва. Гэта варыянт трасянкі зь вялікім выкарыстаньнем беларускіх словаў, з захаваньнем уласьцівага беларусам акцэнту. Нядаўна газэта “Камсамольская праўда” ў Беларусі” вельмі шкадавала, што 99% беларусаў маюць характэрныя прыкметы беларускага маўленьня. І кіраўнік дзяржавы адносіцца да гэтых 99%”.
***
Працягваем праграму выказваньнямі на адрас апазыцыі:
Спадарыня: “Жывуць у нашай краіне (ну, канешне, ёсьць недахопы, вялікія недахопы ёсьць), ну ня ўсё ж такімі чорнымі фарбамі маляваць, як наша апазыцыя. Настолькі ўжо аплёўвала, аблівала брудам, і ўвогуле было вельмі непрыемна”.
Спадарыня: “Шаноўныя слухачы “Свабоды”! Я лічу, што ня варта так папракаць апазыцыю. Вы лепш зірніце на наш народ. Ніхто ня хоча думаць, і праўда для іх толькі тое, што па тэлебачаньні і радыё, за выключэньнем дзесяці адсоткаў — ня болей. Што можа зрабіць апазыцыя з такім народам? Лепш паклонімся такім людзям, як Павал Севярынец, Аляксандар Казулін, Зьміцер Дашкевіч, Аляксандар Мілінкевіч, Анатоль Лябедзька, Мікола Статкевіч, Сяргей Законьнікаў за тое, што ў іх хапае цярпеньня выконваць такую цяжкую справу, як лячыць нас, хворы народ”.
***
І на заканчэньне СМС-допіс: “Да нас едзе Англія на футбол, разам з ангельскімі фанамі. Серада 15.10.2008 г. Цудоўнае сьвята душы й сэрца! Шкада, без нацыянальных сьцягоў на трыбунах. Жыве Беларусь!”
Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.