На афіцыйным сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі кожны ахвотны можа пабачыць сьпіс зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Праглядаючы яго, я адразу зьвярнуў увагу на дзьве акалічнасьці: сярод прэтэндэнтаў на мандат парлямэнтара як ніколі шмат пэдагогаў і лекараў. І наадварот, чамусьці амаль няма кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў: ні прамысловых, ні сельскагаспадарчых. Значна паменела і людзей з праваахоўных органаў. Чаму?
Адзін зь дзейных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, які цяпер зноў у яе балятуецца, пагадзіўся пры ўмове ананімнасьці пракамэнтаваць гэтую сытуацыю:
“Заробак шараговага дэпутата — два з паловай мільёны рублёў. З усялякімі “накруткамі” ён атрымлівае тыя ж два з паловай мільёны. Але ўжо “чыстымі”. Старшыні парлямэнцкіх камісіяў, іх намесьнікі атрымліваюць яшчэ больш. Дадайце да гэтага адпускныя — гэта заробак, які памнажаецца на каэфіцыент 1,6. А цяпер параўнайце гэтыя сумы з заробкамі мэдыкаў і пэдагогаў. Атрымліваецца, што дэпутат мае болей за іх у тры-чатыры разы. Вось такая арытмэтыка”.
У міліцыі начальнікам лепш, чым дэпутатам?
Грашовымі разьлікамі мой суразмоўца тлумачыць і зусім невялікую колькасьць сярод кандыдатаў кіраўнікоў прадпрыемстваў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў:
“Ня буду нават казаць пра дырэктараў БелАЗу або “Беларускалію”, якія былі дэпутатамі. Сёньня кіраўнікі нават сярэдніх па памерах заводаў маюць тыя ж самыя грошы, што і дэпутаты. Але ж яны, адрозна ад парлямэнтароў, займаюцца канкрэтнай справай. Да таго ж яны не павязаныя, як мы, палітыкай. Калі што здарыцца, яны заўжды могуць сказаць: мы працавалі не на рэжым, а на прадпрыемства, на нашых людзей. Таму навошта ім гэтае дэпутацтва?
Тое ж і зь міліцыянтамі. Асабліва калі весьці адлік ад маёра і вышэй. У іх заробкі высокія. Дый рамантыка парлямэнту першых скліканьняў, калі выбарцы ахвотна галасавалі за людзей у пагонах, скончылася”.
Дэпутацкая пэнсія расьце разам з заробкамі новых дэпутатаў
Дзейны дэпутат падказаў яшчэ адзін цікавы аспэкт зь біяграфіяў цяперашніх прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты:
“На некаторых сайтах зьявілася інфармацыя пра тое, што чыноўнікі, якія стануць дэпутатамі, страцяць на заробку. На першы погляд, гэта сапраўды так. Але ж чынавенства для сябе нічога дрэннага само ніколі ня робіць. У яго іншыя разьлікі, прыхаваныя.
І вось якія. Зьвярніце ўвагу. Чыноўнікі, якія ідуць у дэпутаты, пераважна перадпэнсійнага веку. А якая пэнсія ў дэпутата? 65% ад заробку дзейнага дэпутата. І як толькі дэпутацкі заробак павялічваецца, аўтаматычна ўзрастае пэнсія. І гэтак да самай сьмерці. Вось яна, гарантаваная спакойная старасьць. Калі ёсьць за што дапамагчы і дзецям, і ўнукам, і праўнукам. І параўнайце становішча былога дэпутата з тым жа прафэсарам на пэнсіі. Дык навуковец жа проста жабрак!”
Гэта заробкі. Але ж дэпутат, калі ён не жыве ў Менску, атрымлівае яшчэ і службовую кватэру ў цэнтры сталіцы. Дарэчы, у тым самым доме, які калісьці будаваў дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Андрэй Клімаў. Парлямэнтар карыстаецца лечкамісіяй, праўда, апошнім часам за пуцёўкі трэба плаціць. Адпачынак яго складае 36 каляндарных дзён. Ён мае кабінэт у Доме ўраду і памяшканьне з мэбляй, аргтэхнікай, тэлефонам у выбарчай акрузе. Яму купляюць праязны на ўсе віды гарадзкога транспарту. Дзяржава аплочвае працу двух памочнікаў дэпутата.
Ці так у Беларусі было заўсёды?
Алег Трусаў, які быў намесьнікам старшыні парлямэнцкай камісіі ў Вярхоўным Савеце 12 скліканьня, расказвае, у якіх умовах працавалі ён і яго калегі:
“Самае галоўнае, што бальшыня дэпутатаў тады стала не працавала ў парлямэнце. Працавалі толькі старшыні, намесьнікі і сакратары камісіяў. Усе астатнія працавалі там, адкуль прыйшлі.
І была адзіная льгота — бясплатны праезд у гарадзкім грамадзкім транспарце па пасьведчаньні дэпутата. Іншагароднім аплачвалі дарогу ў Менск і пражываньне ў гатэлі. Службовага жытла не было. Сэсія прайшла — здавай нумар і едзь дахаты”.
Алег Трусаў працягвае:
“Я зарабляў у рэстаўрацыі 500—700 савецкіх рублёў на месяц. Гэта былі вялікія грошы. А калі пайшоў намесьнікам старшыні камісіі — 300. Бальшыня дэпутатаў у парлямэнце наагул заробкаў ня мела. А тыя, хто атрымліваў, працуючы ў камісіях, дык яны былі ня самыя высокія ў краіне”.
Спадар Трусаў кажа, што ў ягоны час не было спакусы ісьці ў дэпутаты, каб затым усё жыцьцё атрымліваць вялікую пэнсію:
“Паняцьця “дэпутацкая пэнсія” не існавала ў нашым парлямэнце. Пэнсію, калі мы былі дэпутатамі, давалі звычайную, па месцы працы”.
Беспрацоўныя кандыдаты
У кандыдатаў ад палітычнай апазыцыі, якія сёлета балятуюцца ў Палату прадстаўнікоў, заробкі пераважна невысокія. Прыкладам, рэдактар газэты “Вольны горад” Сяргей Няроўны прыбытку наагул ня мае. А Анатоль Юрэвіч зарабіў за год усяго 248 тысячаў рублёў. 48-гадовы спадар Юрэвіч, які балятуецца па Слуцкай выбарчай акрузе, тлумачыць: пасьля таго, як актыўна падтрымаў Аляксандра Казуліна, ён нідзе ня можа ўладкавацца на працу:
“У мяне ў дэклярацыі ўсё запісана праўдзіва, колькі атрымаў, да капеечкі. Я часова непрацуючы пасьля гісторыі з Казуліным. І таму толькі кроў здаваў. Я — ганаровы донар Рэспублікі Беларусь. Цяпер шмат хто яе здае. Каб здаць, трэба за два месяцы наперад запісацца. Кампанэнты крыві прадаюць на Захад за вялікія грошы, а нам плацяць толькі дзьве базавыя велічыні”.
Палітоляг Юрась Чавусаў кажа, што ўлады мэтанакіравана адлучалі ад працы магчымых кандыдатаў на дэпутацтва:
“Натуральна, што да кандыдата, які не працуе, давер будзе меншы. Бо гэта нешта падазронае. Хаця мы цудоўна ведаем, што такі кандыдат, напрыклад, як спадар Мех ды некаторыя іншыя, звольненыя і не працуюць не па ўласным жаданьні”.