Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лябедзька разносіць лісты з падзякай


Калі ўлічыць, што датэрміновае галасаваньне пачынаецца за пяць дзён да асноўнага галасаваньня, дык фактычна да выбараў застаецца ўсяго паўмесяца. Чым займаюцца цяпер зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты, чаму на вуліцах амаль ня бачна прыкметаў перадвыбарчай агітацыі?

Людміла Гразнова балятуецца ў 110-й Партызанскай акрузе. На пытаньне, чым яна займаецца сёньня, кандыдатка ў дэпутаты адказвае:
“Чытаю вельмі добрыя тэксты нашых палітолягаў, культуролягаў, аналітыкаў. Захапляюся іх словам. Гэта мне патрэбна ня толькі сёньня — перад выступам па радыё і тэлебачаньні. Гэта мне патрэбна штомесяц, таму што гэта прачышчае мазгі. Гэта ўсталёўвае пэўную сыстэму”.
Ісьці сёньня да выбарцаў спадарыня Гразнова не зьбіраецца:
“Да выбарцаў я пайду на гэтым тыдні, калі будуць гатовыя мае ўлёткі. Зь імі выйшла затрымка, бо іх друкуюць у Слуцку, а ня ў Менску. Я сама буду хадзіць, раздаваць улёткі, сустракацца такім чынам з выбарцамі”.
Сустаршыня АДС Сяргей Калякін зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты ў 106-й Коласаўскай акрузе. Сёньня ў ягоных плянах і сустрэчы з выбарцамі:
“Мы кожны дзень сустракаемся з выбарцамі. Я і ў выходныя дні праводзіў сустрэчы. Выглядае гэта як пікеты ў дварах, на вуліцах. Стаўленьне да нас, дарэчы, вельмі-вельмі добрае. Ёсьць, канечне, асобныя людзі зь іншымі поглядамі. Але ў цэлым ставяцца вельмі добра”.
Сяргей Калякін кажа, што ягоная ініцыятыўная група разгортвае пікеты ў розных месцах:
“Мы працуем мабільна. Няма сэнсу стаяць увесь час на адным месцы. Таму рухаемся па дварах, стаім каля крамаў, пошты і г.д.”
Яшчэ адзін сустаршыня АДС — Анатоль Лябедзька балятуецца ў дэпутаты па суседняй, 105-й Старавіленскай акрузе. Ён кажа, што дагэтуль, як і некаторыя ягоныя паплечнікі, улётак ня мае:
“Мы канчаткова вызначыліся зь месцам, дзе іх будзем друкаваць. Зрабілі макеты. І сёньня дастаўляем дамовы ў фінансавыя аддзелы выканкамаў Менску, каб пералічыць грошы і атрымаць прадукцыю”.
Але сёньня ўвечары кандыдат у дэпутаты Лябедзька ўсё ж пабачыцца з выбарцамі:
“Сёньня мы з маладымі калегамі панясем лісты падзякі тым выбарцам, якія падтрымалі нас і паставілі свае подпісы для рэгістрацыі нас кандыдатамі ў дэпутаты”.
Кандыдат у дэпутаты па 104-й Кальварыйскай выбарчай акрузе Ігар Рынкевіч кажа, што сёньняшні дзень для яго стаў надзвычай насычаным:
“Канчаткова быў узгоднены варыянт макету маёй улёткі. Я скарыстаў дзяржаўныя грошы, якія даюцца кандыдатам у дэпутаты на агітацыю. Сёньня я таксама быў у рэдакцыі газэты “Рэспубліка”, дзе мне паведамілі, што 11 верасьня будзе надрукаваная мая перадвыбарчая праграма.
Акрамя гэтага, сёньня мне трэба рыхтавацца да заўтрашняга запісу свайго звароту на тэлеканале “Лад”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG