Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму агітацыйная кампанія ідзе вяла?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. эфір 5 верасьня

Тыдзень таму ў Беларусі пачаўся агітацыйны этап выбарчай кампаніі. Ці маюць улады нейкі агульны сцэнар правядзеньня выбараў у маштабе ўсёй краіны? Якія высновы можна зрабіць з пачатку агітацыйнай кампаніі? Якой будзе далейшая тактыка апазыцыі?

Удзельнікі: сябра палітычнай рады Аб’яднаных дэмакратычных сілаў, кандыдат у дэпутаты Ігар Рынкевіч зь Менску і старшыня Глыбоцкай раённай арганізацыі Партыі БНФ, кандыдат у дэпутаты Яраслаў Берніковіч з Глыбокага.

Які сцэнар уладаў?

Валер Карбалевіч: “ЦВК з 51 скаргі на нерэгістрацыю кандыдатаў задаволіла толькі 8. Хоць можна падаваць скаргі яшчэ ў Вярхоўны суд, але гэта ня вельмі паўплывае на агульны малюнак. Можна ўжо падводзіць вынікі этапу рэгістрацыі. У сярэднім на адно дэпутацкае месца будуць прэтэндаваць 2,5 кандыдата. Упершыню з 1990 году такая маленькая канкурэнцыя.

Можна адзначыць, што вынікі рэгістрацыі ў розных рэгіёнах моцна адрозьніваюцца. Знайшоўшы адну і тую ж недакладнасьць, у адным раёне кандыдатаў рэгістравалі, у другім — не. Выклікае падазрэньне тое, што выбарчыя камісіі не інфармуюць кандыдатаў, за якія канкрэтна парушэньні ў афармленьні подпісаў яны зьнятыя з выбараў.

Ці існуе нейкі агульны сцэнар уладаў у маштабе ўсёй краіны, або ў кожным рэгіёне мясцовая вэртыкаль дзейнічае па-свойму?”

Ігар Рынкевіч
Ігар Рынкевіч: “Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы (АДС) сур’ёзна ставіліся да ацэнкі выбараў. У якасьці крытэрыяў дэмакратычнасьці яны бралі колькасьць апазыцыйных прадстаўнікоў у выбарчых камісіях і колькасьць зарэгістраваных кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў. У абодвух выпадках вынікі нездавальняючыя. Працэнт нерэгістрацыі апазыцыйных кандыдатаў высокі.

Лічу, што ўлады маюць сцэнар правядзеньня выбараў. Ён разьлічаны на вонкавае ўспрыманьне выбарчага працэсу ў Беларусі, на тое, каб назіральнікі АБСЭ і СНД прызналі выбары дэмакратычнымі. Мясцовыя ўлады маюць невялікую свабоду рук. А вось пытаньне пра рэгістрацыю апазыцыйных лідэраў, думаю прымалася на палітычным версе”.

Яраслаў Берніковіч
Яраслаў Берніковіч: “Цяпер умовы правядзеньня выбарчай кампаніі крыху свабаднейшыя, чым мінулыя разы. Гэта заўважна, бо я ўдзельнічаю ў выбарчых кампаніях з 1999 году. Але пра нейкую дэмакратычнасьць казаць рана.

У Глыбоцкай выбарчай акрузе № 22, дзе я балятуюся, першапачаткова было 5 кандыдатаў, цяпер засталося 3. Адзін не сабраў подпісаў. Другі зьняўся, бо не хацеў канкураваць са старшынёй Віцебскага аблвыканкаму Андрэйчанкам, які балятуецца ў гэтай акрузе. І вось, напрыклад, учора докшыцкая раённая газэта “Родныя вытокі” ўзгадала Андрэйчанку тры разы. То ён правёў сэлектарную нараду, то сустрэўся з настаўнікамі і інш. Так што роўных умоваў вядзеньня агітацыйнай кампаніі няма”.

Якія высновы можна зрабіць з пачатку агітацыйнай кампаніі?

Карбалевіч: “Хоць ужо тыдзень як пачаўся этап агітацыйнай кампаніі, але прыкметаў набліжэньня выбараў няшмат. На гэта зьвярнулі ўвагу назіральнікі з АБСЭ ў сваёй папярэдняй справаздачы. Пачаліся выступы кандыдатаў па радыё і тэлевізіі. Якімі адметнасьцямі адзначаецца пачатак агітацыйнай кампаніі?”

Рынкевіч: “Да агітацыйнай кампаніі апазыцыя павінна была падрыхтавацца на 200%. Але некаторыя апазыцыйныя кандыдаты ня верылі, што іх зарэгіструюць. Дасюль незразумелая сытуацыя з тым, ці будзе апазыцыя ўдзельнічаць у выбарах да канца. Бо калі кандыдат выкарыстае 800 даляраў дзяржаўных грошай, прадугледжаных на выбарчую кампанію, а потым здымаецца, то, паводле закону, ён павінен іх вярнуць дзяржаве. І гэты чыньнік тармозіць агітацыйную кампанію апазыцыі.

Я першым з дэмакратычных кандыдатаў г. Менску выступіў па радыё. Выступ адбыўся без купюраў і цэнзуры. Лічу, што апазыцыйныя кандыдаты павінны выкарыстаць гэтую магчымасьць. Хоць час выступу такі, калі людзі едуць з працы.

Цяпер наконт сустрэчаў з выбарцамі. Вось пачалі высьвятляцца цікавыя акалічнасьці. У актавай залі аднаго ЖЭСу, дзе павінна была адбыцца сустрэча з выбаршчыкамі, рамонт. Тыя месцы, якія Мінгарвыканкам вызначыў для сустрэчаў з выбарцамі, знаходзяцца па-за межамі маёй выбарчай акругі. Давядзецца хадзіць да выбарцаў у кватэры”.

Берніковіч: “Сапраўды, адсутнасьць адзінства ў АДС выбівае з каляіны. Агітацыя ад дзьвярэй да дзьвярэй — гэта самы рацыянальны шлях”.

Карбалевіч: “У вас вялікая выбарчая акруга, два раёны. Трэба шмат езьдзіць. Але выкарыстоўваць свой аўтамабіль для перадвыбарчых паездак нельга паводле беларускага заканадаўства. Бо гэта выкарыстаньне ўласных сродкаў”.

Рынкевіч: “Наўрад ці ўлады будуць чапляцца да гэтага моманту. Я жадаю посьпеху сп. Берніковічу, які канкуруе з самім старшынёй аблвыканкаму Андрэйчанкам. Цікава прасачыць, на якіх машынах будзе езьдзіць высокі начальнік”.

Берніковіч: “У сп. Андрэйчанкі няма ўласнага аўтамабіля, таму ня ведаю, на чым ён будзе езьдзіць, напэўна, на аўтобусе.

Што тычыцца выступу па радыё і тэлевізіі, то я адмовіўся ад іх. Мы праводзілі сацыялягічнае дасьледаваньне ў шматпавярховых дамах г. Глыбокае. Дык вось, толькі 2% жыхароў глядзяць тэлеканал “Лад”, а канал “СТВ” у нас увогуле не ідзе. А менавіта на гэтых каналах трансьлююцца выступы кандыдатаў. Тым больш трэба ехаць у Віцебск, каб запісаць выступ, гэта 229 кілямэтраў туды і назад. За гэты час я лепш пайду па кватэрах, будзе больш карысьці”.

Тактыка апазыцыі

Карбалевіч: “У апазыцыйным асяродзьдзі працягваецца дыскусія наконт далейшай тактыкі апазыцыі. Існуюць вялікія разыходжаньні ня толькі паміж партыямі і структурамі, але і ў асяродзьдзі адной партыі. Шмат галасоў гучыць за байкот, за зьняцьцё апазыцыйных кандыдатаў. Якая ваша думка наконт далейшай тактыкі апазыцыі?”

Рынкевіч: “Павінна быць кансалідаванае рашэньне АДС. Палітрада АДС вырашыла пакуль удзельнічаць у кампаніі, а 21 верасьня прыняць канчатковае рашэньне.

Я як юрыст дапамагаў былому кандыдату ў прэзыдэнты Казуліну абскарджваць мінулыя прэзыдэнцкія выбары ў ЦВК і Вярхоўным судзе. З гэтага досьведу я раблю выснову, што каб даказаць недэмакратычнасьць выбараў, трэба прайсьці ўсю кампанію да канца. І ня толькі фіксаваць парушэньні, але і абскарджваць іх. Замежныя назіральнікі, які скіраваныя на прызнаньне выбараў, павінны рэагаваць на дакумэнты, а не на словы.

Тым больш нельга казаць пра байкот, бо апазыцыя ўжо прыняла ўдзел у выбарах. Гаворка можа ісьці толькі пра зьняцьцё кандыдатаў, але не пра байкот, то бок пра няўдзел у выбарах звыш 50% выбаршчыкаў. Але я, хутчэй за ўсё, падпарадкуюся рашэньню палітрады АДС”.

Берніковіч: “Партыя БНФ ставіла дзьве задачы падчас гэтых выбараў: правесьці кампанію папулярызацыі партыі і выкрыць недэмакратычнасьць выбарчага працэсу. На мой погляд, гэтых мэтаў немагчыма дасягнуць без паўнавартаснага ўдзелу ва ўсіх этапах выбарчага працэсу. Калі мы здымемся, то ня зможам фіксаваць парушэньні з боку ўладаў падчас агітацыі і падліку галасоў”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG