Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСЭ пра пацяпленьне палітычнага клімату ў Беларусі


Беларускае заканадаўства дазваляе незарэгістраваным кандыдатам у дэпутаты абскардзіць рашэньні Цэнтравыбаркаму ў Вярхоўным судзе краіны. Ці будуць яны карыстацца гэтым правам?


Незарэгістраваны кандыдат у дэпутаты ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Юры Карэтнікаў паведаміў “Свабодзе”, што зьбіраецца падаць скаргу ў Вярхоўны суд:

“Я, шчыра кажучы, ня бачу ў гэтым сэнсу. Але мая каманда сказала, што варта прайсьці ўсе інстанцыі. Так што мы будзем падаваць скаргу. Але ніякіх ілюзіяў наконт рашэньня Вярхоўнага суду я ня маю”.

Усе рашэньні аб адмове ў рэгістрацыі Цэнтравыбаркам прымаў аднагалосна. І толькі ў справе незалежнага кандыдата Аляксандра Лагвінца галасы падзяліліся: трое з дванаццаці сяброў ЦВК выказаліся за тое, каб яго зарэгістраваць. Гэта дае спадару Лагвінцу надзею на Вярхоўны суд:

“Мая справа шытая белымі ніткамі. Відавочная вялікая перадузятасьць Цэнтральнай выбарчай камісіі, якая не захацела чуць непрыемныя для сябе рэчы. Хаця ўсё, што я казаў, я казаў, грунтуючыся на фактах. Магчыма, крыху эмацыйна. Але я — палітык і маю права сабе такое дазволіць”.

Цэнтравыбаркам не зарэгістраваў і чатырох вылучэнцаў на дэпутацкія мандаты ад Партыі камуністаў беларускай. Два зь іх — Аляксандар Апанасюк са Століна і Васіль Лапацін зь Беразіна — вырашылі зьвярнуцца ў Вярхоўны суд, паведамляе сакратар ЦК Алена Скрыган:

“А яшчэ два ўжо пачалі працаваць у іншых нашых кандыдатаў як давераныя асобы. Яны вырашылі не марнаваць час, бо на маёй памяці яшчэ не было прыкладаў, каб Вярхоўны суд адмяніў рашэньне ЦВК. Таму людзі і ня хочуць губляць час”.

Экспэрт у галіне выбараў Сяргей Альфер канстатуе:

“Апошні такі выпадак, калі Вярхоўны суд перагледзеў рашэньне ЦВК, быў, калі я не памыляюся, у 2000 годзе. Быў такі Васіль Сільчук. Яго не зарэгістравалі таму, што ён не задэкляраваў прычэп да машыны. Тады высьветлілася, што прычэп не зьяўляецца транспартным сродкам. І Вярхоўны суд узнавіў яго ў выбарчай гонцы.

А пасьля гэтага ў дэклярацыю ўвялі пералік транспартных сродкаў. І цяпер прычэп ужо зьяўляецца транспартным сродкам”.

Кіраўніцтва місіі назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ, якія працуюць цяпер у Беларусі, перадало мэдыям прамежкавую справаздачу аб сваёй працы. Яна ахоплівае пэрыяд з 12 па 30 жніўня.

У дакумэнце адзначаецца: “Зьнешніх прыкметаў таго, што ў Беларусі праходзяць выбары, надзвычай мала”.

У дакумэнце адзначаецца, што "нягледзячы на тое, што прадстаўніцтва апазыцыянэраў у складзе выбарчых камісій ня ёсьць істотным, урад лічыць крокам наперад тое, што павялічылася колькасьць акруговых выбарчых камісій з прадстаўніцтвам апазыцыі”.

У справаздачы гаворыцца пра некаторае паляпшэньне палітычнага клімату ў сувязі “з вызваленьнем трох асобаў, якіх Эўразьвяз і ЗША прызналі палітвязьнямі”.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG