«Я хачу зьвярнуцца да вас і прадставіць справаздачу. Шэсць гадоў таму я прыняла прысягу на Канстытуцыі, але яшчэ больш — у вернасьці краіне і вам. Таму я сёньня тут, і гэтая вернасьць не зьменіцца ні пры якіх абставінах — ці знаходжуся я ў палацы ці па-за ім. Я выйду адсюль з вамі і застануся з вамі. З сабой я забіраю легітымнасьць, сьцяг і ваш давер», — сказала яна грамадзянам, якія сабраліся ля прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі.
Паводле яе слоў, інаўгурацыя новага прэзыдэнта Міхаіла Кавелашвілі — «пародыя», піша «Рэха Каўказа».
«І гэтая дзяржава не заслугоўвае такіх пародый... Яны зачыненыя, напалоханыя, прадажныя, нелегітымныя, непрызнаныя, падвергнутыя санкцыям. Мы ж адкрытыя, вольныя і спакойныя. За намі праўда, таму што ў нас любоў — любоў да краіны і любоў адзін да аднаго, і менавіта таму мы пераможам», — заявіла Саламэ Зурабішвілі.
Пятая прэзыдэнтка заклікала грамадзян і апазыцыйныя палітычныя сілы быць гатовымі да пазачарговых парлямэнцкіх выбараў:
«Я буду працаваць над стварэньнем умоваў для выбараў разам з усімі, хто ўключаны ў гэтую справу, каб вельмі хутка, праз некалькі дзён, мы маглі скласьці дакумэнт разам з запытам на выбары».
Раней апазыцыя заклікала Саламэ Зурабішвілі заставацца ў будынку парлямэнта пасьля 29 сьнежня. Апанэнты ўладаў таксама заявілі аб гатоўнасьці падтрымаць пятую прэзыдэнтку фізычна, калі гэта будзе неабходна.
Прэм’ер-міністар Іраклій Кабахідзэ, камэнтуючы гэтыя заявы, прыгразіў Зурабішвілі турэмным тэрмінам.
29 сьнежня ў будынку парлямэнту Грузіі прайшла цырымонія інаўгурацыі на пасаду прэзыдэнта былога футбаліста і дэпутата Міхаіла Кавелашвілі, абранага калегіям выбаршчыкаў 14 сьнежня. Ён прынёс прысягу ў якасьці шостага кіраўніка дзяржавы, перадае Грузінская служба Радыё Свабода.
Пятая прэзыдэнтка Саламэ Зурабішвілі, апазыцыя і значная частка міжнародных партнэраў краіны не прызнаюць абраньне Кавелашвілі.
Сярод прысутных на інаўгурацыі Кавелашвілі былі заснавальнік і ганаровы старшыня кіруючай партыі «Грузінская мара» Бідзіна Іванішвілі, які трапіў пад фінансавыя санкцыі ЗША. Акрэдытаваныя ў Грузіі дыпляматы не былі запрошаныя на інаўгурацыю — прычынай назвалі «недахоп месцаў у залі». З раніцы нядзелі ў будынку дзейнічае жоўты ўзровень бясьпекі, уваход абмежаваны, а журналісты працуюць там па загадзя выдадзенай спэцыяльнай акрэдытацыі, піша «Рэха Каўказа».
Згодна з Канстытуцыяй, паўнамоцтвы дзейнага прэзыдэнта спыняюцца пасьля інаўгурацыі новага кіраўніка дзяржавы. Аднак Саламэ Зурабішвілі заявіла, што ня мае намеру складаць свае паўнамоцтвы. Яна лічыць парлямэнт нелегітымным, а абраньне Міхаіла Кавелашвілі назвала «насьмешкай з дэмакратыі».
- У суботу тысячы жыхароў Грузіі па ўсёй краіне сталі ў «жывыя ланцугі», азнаменаваўшы пачатак другога месяца штодзённых праэўрапейскіх акцый. Масавыя вулічныя пратэсты ахапілі ўсю Грузію, калі ўрад кіруючай «Грузінскай мары» заявіў, што прыпыняе перамовы аб зьбліжэньні з ЭЗ да 2028 года. Дэманстранты патрабуюць таксама правядзення паўторных парлямэнцкіх выбараў, называючы вынікі галасаваньня ў кастрычніку сфальсыфікаванымі.
- 22 сьнежня Зурабішвілі заявіла, што дае ўраду тыдзень на прызначэньне паўторных парлямэнцкіх выбараў. Тады яна паўтарыла, што не зьбіраецца пакідаць пасаду, бо лічыць мінулае галасаваньне нелегітымным.
Форум