Міністэрства фінансаў ЗША дазволіла амэрыканскім кампаніям уступаць у дзелавыя стасункі з прадпрыемствамі “Лякафарба” і “Полацак-Шкловалакно” да 2 сакавіка 2009 года.
"Рашэньне амэрыканскага боку зьяўляецца рухам у правільным кірунку", — заявіў прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Папоў.
"Беларусь заўсёды падкрэсьлівала, што санкцыі абсалютна непрымальныя ў цывілізаваных міждзяржаўных адносінах. Гэты крок урада ЗША таксама адпавядае і інтарэсам амэрыканскай бізнэсовай супольнасьці".
Паводле лідэра Свабоднага прафсаюзу “Полацак-Шкловалакна” Віктара Стукава, на прадпрыемстве чакалі адмены санкцый пасьля вызваленьня палітвязьняў:
“Добра, што адмянілі, добра, што на шэсьць месяцаў. У нас жа санкцыі ўведзены двойчы. Гэта пазбаўленьне прэфэрэнцый Эўразьвязам – гэтыя санкцыі нас добра закранулі. А другія – гэта амэрыканскія санкцыі. Санкцыі Эўразьвязу больш жорсткія і яны дзейнічаюць. А ўжо пазбаўленьне рынку, магчымасьці гандляваць з амэрыканцамі, туды ішло каля 5% прадукцыі, і гэты рынак быў вельмі выгадны для нас. Склады перапоўненыя. Складвалі прадукцыю ў тых месцах, дзе ніколі не складвалі. Мы можам выпускаць высакаякасную прадукцыю, якая ішла пераважна ў ЗША. З нашай прадукцыі можна рабіць касьмічныя ракеты, а можна будаваць дарогі. За ракеты, канечне, плацяць болей”.
Лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін заявіў, што пасьля вызваленьня палітвязьняў ЗША дзейнічаюць пасьлядоўна. Санкцыі мелі найперш палітычны ўплыў. Цяпер яны адменены на паўгода:
“Гэта таксама добра, бо будзе маніторынг за тым, што будзе адбывацца ў Беларусі. Калі сытуацыя з правамі грамадзянаў будзе пагаршацца, то яны заўсёды могуць іх увесьці зноў. Наогул, добра, што будуць паляпшацца стасункі з ЗША і Эўропай. Гэта добра для беларусаў і Беларусі”.
Паводле лідэра незарэгістраванага руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча, тое што зрабілі ЗША і спрабуе рабіць Эўразьвяз – гэта і ёсьць сэнс пакрокавай палітыкі зьмяненьня сытуацыі ў Беларусі:
“Пасьля таго, як першая ўмова Эўракамісіі была выканана практычна цалкам, палітвязьні вызваленыя, безумоўна, патрэбен крок з боку дэмакратычных краінаў. І толькі такімі крокамі насустрач адзін аднаму, эвалюцыйным шляхам, можна зьмяніць сур’ёзна сытуацыю ў Беларусі. Таму я вітаю такія крокі”.
Паводле спадара Мілінкевіча, калі гэтыя санкцыі не былі вельмі адчувальнымі для прадпрыемстваў эканамічна, але ў маральным сэнсе яны мелі вялікае значэньне. Адмена санкцый толькі на шэсьць месяцаў, сьведчыць, што “шлях доўгі”:
“Ня можа толькі адным момантам вызваленьня людзей з турмаў скончыцца. Шлях эканамічнага і палітычнага рэфармаваньня Беларусі працягнецца значны час. І таму даецца беларускай уладзе яшчэ адзін шанс зьмяніць наступнае. Так выглядае пакрокавая стратэгія. Нават добра, калі яна расьпісана, такая дарожная карта, што робіць кожны з бакоў. І нават каляндарны плян можа быць. І гэта можа зьмяніць сытуацыю для Беларусі ў значнай ступені. Гэта на карысьць беларускаму народу, каб эканоміка Беларусі разьвівалася ў заходнім накірунку”.
Міністэрства фінансаў ЗША зь сярэдзіны лістапада мінулага году забараніла амэрыканскім асобам і фірмам мець дачыненьні з прадстаўніцтвамі кампаніі “Белнафтахім” у Эўропе, Расеі і Кітаі, а таксама з кампаніяй “Belneftekhim USA”, якая знаходзіцца ў ЗША. У сакавіку гэтага года пад санкцыі трапілі прадпрыемствы канцэрну з доляй дзяржавы, ня меншай за 50%. У траўні амэрыканскі бок назваў яшчэ тры прадпрыемствы, на якія былі распаўсюджаны санкцыі – лідзкая “Лакафарба”, “Полацк-Шкловалакно” і “Беларускі нафтавы гандлёвы дом”, празь які ажыцьцяўляецца экспарт беларускіх нафтапрадуктаў. Санкцыі былі пашыраныя з-за таго, што беларускія ўлады адмовіліся вызваліць палітвязьня Аляксандра Казуліна.