Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лузэр беларускі ў новым “pARTisan”е


Сёньня ў менскай арт-галерэі “Падземка” адбылася прэзэнтацыя сёмага нумару альманаху сучаснай беларускай культуры “pARTisan”. Ягоная скразная тэма – лузэрства. Што гэта такое і чым адметнае лузэрства беларускае ў прыватнасьці?

Лузэрам цяпер зазвычай называць чалавека, які прайграў у гульні зь лёсам. Лузэр – гэта антонім панятку “пасьпяховы”. Лузэр – гэта той, каму на кірмашы шчасьця засталася адно дзірка ад абаранка. Гэта зьява, народжаная камэрцыялізацыяй усяго і ўсіх, – наперабой тлумачылі прысутным аўтары “pARTisan”у.

Лузэрства – гэта тое, што да Беларусі ня мае ніякага дачыненьня, – перакананы філёзаф Алесь Анціпенка. Зь ім арганізатары прэзэнтацыі ўсталявалі сувязь праз тэлефон. Пачуць словы шаноўнага мысьляра было задачай нялёгкай.

“Зусім не прымаю тэзу, што беларусаў можна разглядаць як лузэраў. Лузэрства мае дачыненьне да публічнага жыцьця, да эстэтычнага жыцьця. І тое, і другое вымяраецца меркамі пасьпяховасьці і непасьпяховасьці, што да беларусаў ня мае дачыненьня. Бо для іх жыцьцё – адчай альбо радасьць, а гэта вымяраецца зусім іншымі катэгорыямі”, – сказаў спадар Анціпенка.

Зь ім пагадзіўся галоўны рэдактар “pARTisan”у, мастак і літаратар Артур Клінаў:

“У прынцыпе я зь ім згодны. І яшчэ адно пацьверджаньне таму – тое, што ў гэтым нумары няма “круглага стала” па галоўнай тэме, як у нас было заўсёды. Мы спрабавалі яго зрабіць, але гаворка правалілася. Найлепшыя інтэлектуалы краіны не змаглі нармальна і падыскутаваць па прапанаванай тэме”.

Правал гаворкі і навёў рэдакцыю на думку пра беларускія асаблівасьці лузэрства, да якіх з глябальнымі крытэрамі нельга падыходзіць, – кажа спадар Клінаў:

“Краіна, якая перажыла апошнія дзьвесьце гадоў, у прынцыпе – гэта дзьвесьце гадоў лузэрскай гісторыі. І натуральна, што з гэтых двухсот гадоў лузэрства адразу за вельмі кароткі час ня выскачыш. Будзе доўгі, цяжкі працэс выхаду з гэтага. І мяне якраз тэма лузэрства цікавіць у гэтым кантэксьце, кантэксьце посткаляніяльнай Беларусі ці посткаляніяльнай гісторыі Беларусі”.

А культуроляг Максім Жбанкоў выказаў сваё азначэньне тэмы новага нумару альманаху “pARTisan”:

“Я б сказаў, што лузэр беларускі – гэта пазытыўны аўтсайдэр. Гэта той, хто існуе на перакрыжаваньні культурніцкіх плыняў і нармальна сябе пачувае. І я лічу сябе пазытыўным пасьпяховым лузэрам”.

У якасьці складнікаў такога пачуваньня прысутным, акрамя асобнікаў сьвежага нумару альманаху “pARTisan”, былі прапанаваныя сыркі плаўленыя “Дружба”, чыпсы “Онега” і піва “Александрия”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG