Выглядае на тое, што ня толькі ўвесь астатні сьвет, але і сама Масква ня вельмі ведае, як клясыфікаваць рашэньне, якое прыняў ўчора Эўразьвяз наконт Расеі.
Нагадаем, што ўчора ў Брусэлі лідэры краін-сябраў Эўразьвязу пасьля вельмі працяглых дэбатаў пастанавілі замарозіць чарговы раўнд перамоваў з Расеяй аб супрацоўніцтве і партнэрстве да часу, пакуль Масква ня выведзе свае войскі з Грузіі на пазыцыі, на якіх яны знаходзіліся да пачатку канфлікту 7 жніўня.
Адначасова Эўразьвяз яшчэ раз асудзіў „непрапарцыйную” расейскую інтэрвэнцыю ў Грузіі, выказаўся ў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі ды заклікаў краіны сьвету не прызнаваць незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.
Вельмі паказальнай была рэакцыя Масквы на гэтую заяву Эўразьвязу. Учора амбасадар Расеі пры Эўразьвязе Уладзімір Чыжоў назваў заяву „няслушным і некарэктным палітычным сыгналам”. Але адначасова ён зазначыў, што „ў цэлым у лідэраў ЭЗ здаровы сэнс прысутнічае”.
А сёньня Міністэрства замежных справаў Расеі выступіла з камэнтарам на сваім інтэрнэт-сайце, у якім сьцьвярджаецца, што „члены ЭЗ праявілі адказны падыход, пацьвердзілі курс на партнэрства з Расеяй, добра ўсьведамляючы значэньне ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва”.
Паўтару яшчэ раз — гэтак Масква бачыць заяву, якая, прынамсі ў намерах яе аўтараў, мела жорстка асудзіць расейскую агрэсію супраць дэмакратычнай краіны і перакройку палітычнай мапы сьвету. Рэакцыя Масквы гучыць амаль як непрыхаваны зьдзек.
Сёньня Андрэй Несьцярэнка, прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Расеі выказаў перад журналістамі шкадаваньне, што Брусэль ня ўзновіць перамоваў з Масквой аб супрацоўніцтве і партнэрстве. Аднак тон ягонага выказваньня ня сьведчыць, што Масква вельмі смуткуе з гэтай прычыны:
Выклікае шкадаваньне намер падвесіць перамовы пра новую дамову аб партнэрстве, хоць за апошнія два гады ў Маскве ўжо прызвычаіліся да штучных перашкодаў на шляху да гэтага дакумэнту
Вельмі зьедліва ўчорашнюю заяву Эўразьвязу пракамэнтавала сёньняшні „The Wall Street Journal”, які прыгадаў вядомую фразу амэрыканскага камэдыйнага актора Робіна Ўільямса: „Спыніцеся! Бо іначай мы вам яшчэ раз скажам — спыніцеся!”
„The Daily Telegraph” назваў свай камэнтар наконт заявы „Эўразьвяз занадта баязьлівы”, а „The Times” — „Business as usual”. Выглядае на тое, што няшмат засталося ў Эўропе аптымістаў, якія вераць, што Эўразьвяз у стане рашуча супрацьставіцца Расеі. А тое, ці з Брусэлю памахаюць на Маскву пальцам ці дубінкаю, як відаць, і самую адрасатку ня надта палохае.