Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Дзевятоўскі: “Аксана Мянькова дэмаралізавала сваіх суперніц”


Аксана Мянькова
Аксана Мянькова

Сёньняшні дзень стаў шчасьлівым для беларускіх алімпійцаў. Другое золата ў скарбонку зборнай Беларусі ў Пэкіне прынесла кідальніца молата Аксана Мянькова.

Прычым у сваёй лепшай спробе яна паслала молат з новым алімпійскім рэкордам — 76,34 мэтра.

Сёньня ж у суцяшальным турніры за трэцяе месца здабыў бронзавую ўзнагароду ў вольнай барацьбе Мурад Гайдараў, які выступае за Беларусь.

Галоўныя спадзяваньні чарговага алімпійскага дня былі зьвязаныя зь фінальнай стадыяй у кіданьні молата сярод жанчын. Беларусь у гэтай дысцыпліне прадстаўлялі дзьве спартоўкі — Аксана Мянькова і Дар’я Пчэльнік. Да алімпійскага фіналу Мянькова была лідэрам сусьветнага рэйтынгу, маючы найлепшы вынік сэзону. Пчэльнік — сёлетняя чэмпіёнка Беларусі з трэцім вынікам у сэзоне.

Ужо ў першай спробе беларускі задалі тон спаборніцтвам, заняўшы першы і трэці радок. Аднак Дар’ю Пчэльнік паступова адсунулі ўніз спартоўкі з Кубы і Кітаю, а вось Аксана Мянькова за лідэрства змагалася нават тады, калі яе перакінула кубінка Іпсі Марэна. У перадапошнім кідку Мянькова сканцэнтравалася і кінула на алімпійскі рэкорд, перавысіўшы ранейшае дасягненьне амаль на паўтара мэтра.

Некалькі дзён раней крыху да золата не дацягнуў кідальнік молата Вадзім Дзевятоўскі. У выніку ён заняў 2 месца і сёньня на трыбуне пэкінскага стадыёну “Птушынае гняздо” як мог падтрымліваў беларускіх дзяўчат. Я датэлефанаваўся да яго адразу пасьля абвяшчэньня вынікаў:

“Мы на яе ўсе вельмі разьлічвалі, ведалі, што яна патэнцыйна можа прэтэндаваць на золата. Так складаліся спаборніцтвы, што ў прынцыпе яна гэта і пацьвярджала. Але, як вы бачылі, кубінка сабралася і адпаведна адказала. Самае галоўнае, што яна зрабіла ў такой сытуацыі — гэта вялікі подзьвіг. Таму што такіх вось супэр-топспаборніцтваў у яе не было, а Аксана справілася з нэрвамі і адказала. То бок гэта, напэўна, галоўнае, што яна магла зрабіць — пераадолець вось гэты стрэс. А тое, што яна магла кідаць так далёка нават на трэніроўках — мы гэта ўсе ведалі. Яна вялікая малайчына”.

Карэспандэнт: “Падаецца, што пасьля другой пасьпяховай спробы суперніцы былі проста дэмаралізаваныя?”

“Усё, яны былі папросту забітыя. Таму што сытуацыя склалася вельмі для іх сур’ёзная. На такую спробу патрэбен ня толькі адпаведны псыхалягічны стан, але патрэбна канцэнтрацыя яшчэ і фізычнага стану, што я сумняюся, каб у кагосьці зь іх магло такое здарыцца”.

Але яшчэ да выхаду ў сэктар кідальніц молата парадаваў беларускіх заўзятараў Мурад Гайдараў — прадстаўнік Беларусі ў вольнай барацьбе. Прайграўшы на шляху ў фінал, Гайдараў атрымаў магчымасьць пазмагацца ў суцяшальным турніры. Супернікам Гайдарава быў румынскі атлет, які нічога ня здолеў супрацьпаставіць Гайдараву. Была рэальная магчымасьць зачапіцца за бронзавую ўзнагароду і ў Альбэрта Батырава. Але ў аналягічным суцяшальным паядынку за трэцяе месца Батыраў прайграў суперніку зь Індыі.

Адзін з найбольш пасьпяховых беларускіх трэнэраў Рэнальд Кныш, які падрыхтаваў некалькі алімпійскіх чэмпіёнаў, уключна з Вольгай Корбут, аддае належнае посьпеху беларусаў на Алімпіядзе. Аднак ён перакананы, што састарэлыя ў бальшыні сваёй мэтодыкі падрыхтоўкі спартоўцаў ужо пачынаюць даваць нэгатыўныя вынікі. Усё меней дысцыплінаў, дзе беларусам што-небудзь сьвеціць. Дый увогуле гэта тычыцца бальшыні эўрапейскіх камандаў, якія так і не знайшлі аргумэнтаў, як кажа Рэнальд Кныш, супраць кітайскай навалы ў спорце:

“Кітайцы яшчэ ў нядаўнім мінулым на спорт не зьвярталі ўвагі. А гэтая Алімпіяда паверне Кітай, як кажуць, тварам да спорту. Бо кітайцы вельмі хутка падхопліваюць усё новае. І нам трэба вучыцца ў іх, прынамсі, трэнэраў рыхтаваць. У нас зусім не рыхтуюць спэцыялістаў высокага клясу. Беларусь можа крочыць гэтак жа далёка наперад, як і кітайцы, калі пачне працаваць з трэнэрамі. Я пра ўсё гэта пісаў міністру спорту. Дакладней, ужо некалькім міністрам, апошнія гадоў пятнаццаць. Трэба спачатку рыхтаваць трэнэраў, а ўжо потым яны будуць рыхтаваць высокаклясных спартоўцаў. Пісаў пра гэта прэзыдэнту некалькі разоў, але да яго не даходзіць, не дапускаюць. У Акадэмію навук пісаў пра гэта і г.д. Нікуды не прапускаюць гэтую справу, лічаць мяне нейкім не ад гэтага сьвету, а цяпер ужо ўвогуле кажуць, што я маразматык. Але насамрэч беларускі спорт у бядотным стане”.

Спаборніцтвы ў Пэкіне працягваюцца. Праўда, беларускіх удзельнікаў з кожным днём менее. Прыкладам, толькі адзін прадстаўнік Беларусі працягне барацьбу ў настольным тэнісе пасьля таго, як дачасна пакінулі турнір сёстры Вераніка і Вікторыя Паўловіч, а Тацяна Кастраміна пасьля дзьвюх перамогаў над прадстаўніцамі Канады і Польшчы ў 1/16 аказалася слабейшай за суперніцу з Ганконгу. Лідэр беларускага пінг-понгу Ўладзімер Самсонаў, сеяны ў мацнейшай групе, стартуе 21 жніўня ў матчы супраць немца Крысьціяна Зуса.

На гэты момант у актыве беларусаў — два залатыя мэдалі, тры срэбры і восем бронзавых узнагародаў. У агульным мэдалёвым паказьніку Беларусь з 28 месца ўзьнялася на 20-е.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG