Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША працягваюцца жарсьці вакол Тані Казыры


Таня Казыра (першая справа) з Мануэлем і Эшлі Запата
Таня Казыра (першая справа) з Мануэлем і Эшлі Запата

У амэрыканскім горадзе Пэталума, штат Каліфорнія, не сьціхаюць жарсьці вакол гісторыі з 16-гадовай беларускай дзяўчынкай Таняй Казырай. Яна не пажадала разам з астатняй групай дзяцей вяртацца дадому пасьля сканчэньня 6-тыднёвых вакацыяў у ЗША.

Тым часам як прадстаўнік беларускага МЗС Павал Шыдлоўскі, які адмыслова прыбыў у Пэталуму дзеля сустрэчы з Таняй Казырай і яе амэрыканскім адвакатам, настойвае на неадкладным вяртаньні дзяўчынкі дадому, адвакат Кероскі сьведчыць пра легітымнасьць знаходжаньня непаўналетняй беларускі ў ЗША.

Апошнімі днямі да палемікі наконт Тані Казыры актыўна далучыліся і прадстаўнікі амэрыканскіх чарнобыльскіх праграмаў.

Як заявіў у размове з каліфарнійскім выданьнем “Santa Rosa Press Democrat” беларускі дыплямат Павал Шыдлоўскі, ён прыляцеў у Пэталуму дзеля таго, каб вырашыць сытуацыю мірным шляхам, максымальна ўлічваючы інтарэсы дзяўчынкі. Ад далейшых камэнтароў, аднак, спадар Шыдлоўскі адмовіўся.

У сваю чаргу, адвакат падлетка Крыстафэр Кероскі з Сан-Францыска паведаміў, што Казыра па-ранейшаму мае намер застацца ў Злучаных Штатах. Ён, аднак, ня выключыў, што Таня можа і зьмяніць сваё рашэньне ў выніку размовы з прадстаўніком беларускага МЗС.

Паводле паведамленьняў каліфарнійскіх мэдыяў, сям’я Дэбі і Мануэля Запатаў, да якіх прыяжджала беларуская дзяўчынка, апошнімі днямі ізноў не адказвае на тэлефанаваньні.

Тым часам іншыя амэрыканскія сем’і, якія гэтым летам прымалі беларускіх дзяцей, пачалі дасылаць Запатам фота Таніных сяброў па адпачынку.

“Мы хочам, каб і Таня, і Запаты падумалі пра тых дзяцей, на чый лёс могуць паўплываць яе дзеяньні, — кажа актывістка чарнобыльскай ініцыятывы Сьюзэн Джоўнс. — Вяртаньне на радзіму можа стаць самым высакародным учынкам у яе жыцьці”.

Арганізатары адпачынку беларускіх дзяцей у ЗША ўпэўненыя, што ў іншым выпадку падобныя абменныя паездкі будуць спыненыя назаўсёды.

“Так, гэта будзе трагедыяй, калі праграму спыняць”, — лічыць адвакат Кероскі. Аднак, дадае ён, акрамя рашэньня самой Тані існуе шмат іншых фактараў, якія на гэта ўплываюць.

Паводле ягоных слоў, урад Беларусі не абяцаў, што адновіць праграму абмену, калі Казыра вернецца.

Адвакат беларускай дзяўчынкі кажа журналістам, што ён так і не разумее, чаму беларускі ўрад так настойвае на яе вяртаньні.

“Таня Казыра мае сапраўдную амаль да канца году амэрыканскую візу, і да таго ж яе бабуля-апякунка падтрымала рашэньне ўнучкі застацца”, — кажа Кероскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG