Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Міліцыя выходзіць на вуліцу, як на паляваньне....”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 5 ліпеня 2008 году


На працягу некалькіх апошніх месяцаў “Свабода” ня раз паведамляла пра стыхійныя пратэсты жыхароў Пухавіцкага раёну супраць будаўніцтва расейскай прыватнай кампаніяй “Август-Бел” хімзаводу побач з паселішчамі. Шмат каго з удзельнікаў і арганізатараў мітынгаў у пасёлку Дружны арыштавалі і аштрафавалі. Сярод пакараных быў і інвалід Міхаіл Калянкевіч з пасёлку Рудзенск. 28 чэрвеня Пухавіцкі раённы суд аштрафаваў яго на 350 тысяч рублёў.

У сваім лісьце на “Свабоду” спадар Калянкевіч паведамляе, што і ён, і яго жонка ўжо ня першы год змагаюцца за справядлівае стаўленьне ўладаў да мясцовых жыхароў. Але да чаго прыводзіць гэта барацьба? Слухач піша:

“Не магу зразумець, чаму мяне, актыўнага грамадзяніна, які хоча дабра і росквіту сваёй краіне, судзяць. Пяць судоў — нада мной, і яшчэ два — над маёй жонкай: яна напісала, што выпускаюць бракаваную прадукцыю. Усё гэта пацьвердзілася... Але чым скончылася? Судом супраць жонкі. У выніку ў яе мамы забралі праз судовага выканаўцу ўсю маёмасьць. Бо жонка жыве ў сваёй 77-гадовай маці (яе трэба даглядаць). Прычым забралі і прадалі ўсё за капейкі: дыван — за 15 тысяч рублёў, дзьвюхкамэрную лядоўню — за 150 тысяч. Карціны (арыгіналы) — за 15 тысяч. Адметна, што пра жывапісныя карціны напісалі, што яны “ўжываныя”. А гэтыя карціны — падарунак унучкі, якая жыве цяпер у ЗША. Можаце ўявіць, як прыемна ёй будзе даведацца пра гэта.

Вось з такіх фактаў і складаецца імідж Рэспублікі Беларусь.

28 чэрвеня мяне ў судзе Пухавіцкага раёну дапытвалі, чаму я ўдзельнічаў у мітынгу пратэсту супраць будаўніцтва заводу ядахімікатаў-пэстыцыдаў каля ТЭЦ-5, побач з Рудзенскам. Цалкам парушылі мае правы. Каб усё апісаць — паперы ня хопіць. Я ўсё гэта абскарджваю, ды што толку: судзьдзі ў нас непадсудныя”,
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Міхаіл Калянкевіч з пасёлку Рудзенск Пухавіцкага раёну.

Пэнсія інваліда Калянкевіча складае 390 тысяч рублёў. Гэта значыць, амаль усю яе ён вымушаны будзе аддаць у якасьці штрафу дзяржаве. У сувязі з гэтым слухач паведамляе, што мае намер пайсьці з шапкай па Рудзенску — бо абараняў інтарэсы ня толькі свае, а ўсяго пасёлку.

Тэма штрафаў і іхнай абгрунтаванасьці гучыць і ў лісьце нашага даўняга сябра Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. У сваім новым лісьце на “Свабоду” ён паведамляе пра тое, як міліцыянты штрафуюць людзей на вуліцы. Слухач піша:

“Улады апошнім часам яўна імкнуцца зарабіць на тым, што бязьлітасна штрафуюць людзей. Вось майго сваяка, калі той езьдзіў у Маларыту, беспадстаўна аштрафавалі больш як на 36 тысяч рублёў. Спачатку міліцыянт прычапіўся за флікер — маўляў, чаму ходзіш па вуліцы, не абазначаны сьвятлоадбівальнымі нашыўкамі. Але выявілася, што флікер на рукаве ў сваяка ёсьць. Тады міліцыянты прызналі яго нецьвярозым — і ўрэшце ўсё ж аштрафавалі.

Міліцыя выходзіць на вуліцу, як на паляваньне. У іх парадак такі: чым больш аштрафуеш, тым большую прэмію атрымаеш. Людзі кажуць: вельмі цяжка, працуючы ў міліцыі, заставацца сумленным чалавекам”,
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.

36 тысяч рублёў штрафу — гэта яшчэ сьціпла. Калі б ваш, спадар Сац, сваяк аказаўся апазыцыянэрам, лічба магла б быць у дзясяткі разоў большай. Прынамсі штрафы, якія накладаюць апошнім часам беларускія суды на апазыцыйных актывістаў, абвінавачаных ці то ў нецэнзурнай лаянцы, ці то ў іншых непрыстойных паводзінах, вымяраюцца сама меней сотнямі тысяч рублёў. Часам памеры грашовых пакараньняў складаюць і мільёны. Да чыіх сярэдніх даходаў прывязаны такія лічбы — можна толькі здагадвацца.

Аўтар наступнага ліста — Васіль Валошка з пасёлку Радашкавічы Маладэчанскага раёну — разважае пра адкрытасьць улады, пра тое, ці павінна грамадзтва ведаць пра даходы высокапастаўленых чыноўнікаў, якія фінансуюцца зь дзяржаўнага бюджэту. Слухач піша:

“Нядаўна слухаў у выпуску навінаў дзяржаўнага радыё, як вядучы зь вялікай іроніяй распавядаў пра надрукаваную ва ўкраінскіх газэтах інфармацыю наконт даходаў міністраў Украіны. Маўляў, выявілася, што задэкляраваныя даходы ў іх значна ніжэйшыя, чым у іхных жонак. У прыватнасьці, гаварылася пра міністра ўнутраных спраў Луцэнку. Цікава, дзе было наша дзяржаўнае радыё, калі напярэдадні перадапошніх выбараў прэзыдэнта Беларусі ў дэклярацыі аб даходах кандыдата Лукашэнкі на ўсю ягоную сям’ю (уключна з маці і дзецьмі) быў запісаны адзін матацыкл вытворчасьці менскага заводу? І — усё. Нават кватэр у гаротнікаў, аказваецца, не было.

А галоўнае, пра што маўчыць беларускае дзяржаўнае радыё, — тое, што ва Ўкраіне дэклярацыі міністраў друкуюць у газэтах, і ўсе людзі пра гэта ведаюць. А ў Беларусі такія зьвесткі — дзяржаўная таямніца”
,
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Васіль Валошка з пасёлку Радашкавічы Маладэчанскага раёну.

Тое, што грамадзтва ведае пра даходы і маёмасьць высокапастаўленых чыноўнікаў, што ў прэсе шырока пішуць пра сямейнае жыцьцё першых асобаў у дзяржаве, — адна з прыкметаў дэмакратычнага ладу. У Беларусі падобная інфармацыя ў адкрытым друку не зьяўляецца. Зрэшты, гэта зусім не азначае, што людзі не цікавяцца гэтай тэмай, ня маюць ніякіх зьвестак і не абмяркоўваюць іх. Напрыклад, чуткі, плёткі, урывачныя зьвесткі і непацьверджаная інфармацыя пра асабістае жыцьцё прэзыдэнта Лукашэнкі, пра ягоныя ўзаемадачыненьні з жанчынамі і пазашлюбных дзяцей — адна з самых папулярных тэмаў для абгавораў на лаўках ля пад’ездаў ды ў грамадзкім транспарце. Ніхто на гэтую тэму ў Беларусі не адважваецца пісаць, баючыся крымінальнага перасьледу. Хоць усе гэта ледзь ня штодня чуюць на вуліцах і абмяркоўваюць у прыватных размовах.

Вялікі ліст даслаў нам Мікалай Бусьнюк са Шклова. Слухач паведамляе, што больш як 40 год таму, у 60-я гады, распрацаваў мэтодыку вольнага навучаньня матэматыцы і мысьленьню. Пра лёс гэтай мэтодыкі, пра ўласны жыцьцёвы шлях — гэты ліст. Слухач, у прыватнасьці, піша:

“Навучаючыся па гэтай мэтодыцы і праграме, можна засвоіць курс сярэдняй школы за 6 гадоў. Пры гэтым якасьць ведаў і ўменьняў вучняў значна лепшая, чым у сучасных выпускнікоў сярэдніх школ”.

Гэтую сваю мэтодыку настаўнік спрабаваў напаўлегальна апрабаваць напрыканцы 60-х гадоў у адной са школ горада Бярозы. Экспэрымэнт ён лічыць удалым. Але што з гэтага атрымалася? Яшчэ адна цытата зь ліста:

“За спробу апублікаваць мэтодыку вольнага навучаньня мысьленьню, якім карысталася бярозаўская настаўніца Любоў Пятроўна Кісьлякова, мне пагражалі прымусовай “псіхушкай”. Звольнілі з працы, пазбавілі чарговага адпачынку працягласьцю 8 тыдняў. Гэта абумоўлена тым, што ў аўтарытарнай дзяржаве заахвочваюць тупасьць і абмежаванасьць. Могуць дараваць усялякую злачыннасьць, але посьпехаў не даруюць ніколі. Асабліва калі іх дасягаюць бяз хабару тыя, хто не займае пасады. Людзьмі, ня здольнымі самастойна мысьліць, кіраваць лягчэй, чым тымі, хто мае самастойную думку.

... Пішу гэты ліст з той прычыны, што я вельмі хворы. Магчыма, доўга не пражыву. Ня маю доступу да інтэрнэту, бо мая пэнсія ніжэйшая за сярэднюю ў Беларусі. Калі беларускаму народу патрэбна ўменьне мысьліць самастойна, калі патрэбна дэмакратыя, прыярытэт у рашэньні самай славутай праблемы матэматыкі, калі каго-небудзь зацікавіць магчымасьць даваць дзецям выдатную, без усялякіх перагрузак сярэднюю адукацыю за шэсьць гадоў — буду вельмі рады”,
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Мікалай Бусьнюк са Шклова.

Дзесяць год таму спадар Бусьнюк з дапамогай Беларускага фонду Сораса выдаў у Менску сваю кнігу пад назвай “Вольнае пачатковае навучаньне матэматыцы і мысьленьню”. Сёньня гэты фонд у Беларусі ўжо ня дзейнічае — улада вымусіла яго пакінуць краіну.

Каардынаты Мікалая Бусьнюка ёсьць у нас у рэдакцыі, і мы ахвотна паведамім іх тым, хто зацікавіцца ягонымі ідэямі і пажадае дапамагчы.

На заканчэньне — кароткі ліст ад Марыны Лапцэвіч зь Ляхавіцкага раёну. Слухачка піша:

“Кожны вечар слухаю “Свабоду”. Толькі ад вас можна даведацца праўду пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Колькі наўкол несправядлівасьці, нялюдзкасьці. Ці дасылаеце вы свае матэрыялы на рэагаваньне? На падставе інфармацыі, якая гучыць у вас, многія чыноўнікі, міліцыянты, судзьдзі даўно павінны сядзець у турме, а не займаць высокія дзяржаўныя пасады.

Можа, у кіраўніцтве Беларусі проста ня ведаюць пра інфармацыю, якую вы агучваеце? Інакш рэагаваньне быць павінна. Ня можа быць, каб усё проста прапускалася міма вушэй”
, — гэтак лічыць Марына Лапцэвіч зь Ляхавіцкага раёну.

Паводле дзейных у Беларусі законаў, спадарыня Лапцэвіч, беларускія чыноўнікі не павінны рэагаваць на выступы замежных сродкаў масавай інфармацыі. Так што адказаў ды рэакцыі на свае рэпартажы мы ад іх наўрад ці даможамся. Зрэшты, для нас нашмат важней, каб выступы “Свабоды” знаходзілі водгук сярод вас, нашых слухачоў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG