Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які Менск пакіне беларусам Лукашэнка?


А. Анціпенка: “Савецкі Менск ня будзе зьнішчаны цалкам”


Паведамленьне пра магчымы знос будынка былой Нацыянальнай бібліятэкі (раней Бібліятэкі імя У.І Леніна) камэнтуе кандыдат філязофскіх навук Алесь Анціпенка:
Акрамя пачуцьця шкадаваньня такія акцыі нічога іншага не выклікаюць


“Я хоць і не зьяўляюся прыхільнікам савецкай гісторыі і савецкай спадчыны, але будынак Нацыянальнай бібліятэкі зь ліку тых помнікаў, якія зьяўляюцца знакам ня толькі тых часоў, але і захавалі ўяўленьняў пра стыль тагачаснай архітэктуры, тагачасных поглядаў на тое, як мае быць ўпарадкаванае гарадзкое жыцьцё. А гэта безумоўныя каштоўнасьці. Таму акрамя пачуцьця шкадаваньня такія акцыі нічога іншага не выклікаюць. Менск і так не багаты на спадчыну, а разбурэньне знакавых будынкаў – вельмі сумнае дзеяньне. Яно папросту азначае, што ў нашай краіне людзі, асабліва пры ўладзе, пра каштоўнасьць для нацыі гісторыі, традыцыі і спадчыны пакуль што маюць цьмянае ўяўленьне.

А наконт таго, зь якім горадам мы яшчэ ўбачымся пры Лукашэнку і пасьля яго, хацеў бы думаць, што ўсё ж тыя часы, якія ў нас яшчэ наперадзе, будуць напоўненыя спробамі зрабіць з гораду Менску сучасны бізнэс-горад. І, напэўна, мы яшчэ зьявімся сьведкамі першых менскіх хмарачосаў. Я думаю, што ўвогуле гэта нармальная тэндэнцыя. Але такія праекты абсалютна недапушчальна ажыцьцяўляць на месцы старых будынкаў – помнікаў культуры і архітэктуры.
Я ня думаю, што калісьці будзе зьнішчаны Дом ураду ці былы праспэкт Сталіна

Ня думаю, што Менск, нават савецкі Менск, будзе зьнішчаны цалкам. У Менску, безумоўна, ёсьць шэраг месцаў, якія вызначаныя ўладамі, як важныя для іх, і таму ўсё тое, што там знаходзіцца, папросту зьнішчаецца. Але ў большасьці Менск застанецца Менскам. Я ня думаю, што калісьці будзе зьнішчаны Дом ураду ці былы праспэкт Сталіна. Але страты, якія мы ўжо маем, ёсьць безумоўным фактам”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG