Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаўрыла Вашчанка: "Я заўжды пішу песьню аб радзіме”


Сёньня спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэньня народнага мастака Беларусі Гаўрылы Вашчанкі.

Пра Гаўрылу Вашчанку гаворыць народны мастак Леанід Шчамялёў:

“Ён – чалавек, які аддаў усё сваё жыцьцё мастацтву. Гэта чалавек, які заўсёды працаваў з настроем. Гаўрыла Харытонавіч – чалавек сьціплы, спакойны. Але ў мастацтве – гэта такі агонь, гэта такая цікавая сіла, такая цікавая захопленасьць. Асабліва ў мінулым, у савецкую пару. Мастак быў шчырым і надзейна разумеў тое, што ён выказвае ў сваёй творчасьці. Пра яго можна казаць доўга і заўсёды з захапленьнем.

Цяжка казаць, што ён мае шмат гадоў ці стары, бо мастацтва ягонае маладое. І ён молада разважае, молада глядзіць на моладзь, молада глядзіць на тое, што можа быць заўтра і што робіцца сёньня. Таму гэты мастак заслугоўвае ўсялякай павагі і пашаны. Для яго заўсёды найперш існавала мастацтва і жыцьцё ў мастацтве. І дай Бог яму сілаў і добрага жыцьця”.

А вось што сказаў нашаму карэспандэнту сам юбіляр.

Вячаслаў Ракіцкі: “Як вы сябе адчуваеце? Як будзеце сьвяткаваць? Што трывожыць вас? Што радуе?”

Гаўрыла Вашчанка: “Восемдзесят гадоў – гэта восемдзесят гадоў, досыць салідны ўзрост. А на сьвяткаваньне мы з жонкай адлятаем у Гомель. Гэта мая малая радзіма. У Гомелі ёсьць карцінная галерэя Гаўрылы Харытонавіча Вашчанкі. Там будзе адчынена новая экспазыцыя на першым паверсе. На другім паверсе разгорнутая сталая экспазыцыя маіх твораў і калекцыя твораў сучасных беларускіх мастакоў, таксама маёй жонкі Мацільды Адамаўны. Вось так, я думаю, мы і сустрэнем маё васьмідзесяцігодзьдзе”.

Ракіцкі: “Гаўрыла Харытонавіч, а які падарунак вы самі сабе зрабілі? Што напісалі да свайго юбілею?”

Вашчанка: “Вы ведаеце, сам сабе я не рабіў нічога”.

Ракіцкі: “А ўвогуле, што цікавага стварылі за апошні час? Над чым зараз працуеце? Чым жывяце?”

Вашчанка: “Так здарылася, што для мяне гэты год вельмі творча насычаны. Спачатку выстава ў Гомелі, а 5 верасьня павінна адкрыцца выстава да майго васьмідзесяцігодзьдзя ў Нацыянальным мастацкім музэі”.

Ракіцкі: “Якая тэма вас хвалюе зараз? Што б вы хацелі сказаць сваімі творамі ў гэтыя гады?”

Вашчанка: “Кажуць, што мастак заўсёды піша свой аўтапартрэт. Гэтаксама я заўсёды пішу песьню аб радзіме”.

Ракіцкі: “Ці задаволены вы сваім творчым жыцьцём увогуле?”

Вашчанка: “З аднаго боку я дзякую Богу, што ён мне даў доўгія гады жыцьця, што за гэтыя гады можна было багата зрабіць і добрага, прыгожага, і нарабіць памылак. Кажуць, што надзея пакідае чалавека апошняй. Так і ў мастака – заўсёды лебядзіная песьня наперадзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG