Алесь Міхалевіч не выключае магчымасьці гуртаваньня сваіх прыхільнікаў.
“У панядзелак, калі плянаваўся парадак дня Сойму, таксама як у пятніцу на пасяджэньнях управы і паліткамісіі партыі, ні слова пра гэтае пытаньне не было. Таму для мяне яно было вынесена абсалютна нечакана. Я адчуваю боль, бо з 1993 году, з моманту, як мне споўнілася 18 гадоў, я адразу ж уступіў у Партыю БНФ. У кампаніях БНФ я браў удзел з 1989 году. І тое, што сойм вырашыў мяне выключыць, для мяне зьяўляецца вельмі непрыемным рашэньнем”.
Спадар Міхалевіч сказаў, што яго не запрасілі на паседжаньне камісіі партыйнага кантролю, а яе кіраўнік завочна напісаў рэкамэндацыі сойму аб выключэньні.
А як спадар Міхалевіч ставіцца да матывацыі выключэньня, да камэнтара Лявона Баршчэўскага, што “спадар Міхалевіч адмовіўся выконваць ужо прынятыя рашэньні Сойму партыі” і гэтак далей?
“Ёсьць партыйнае рашэньне пра партыйную этыку і дысцыпліну, якое забараняе публічную крытыку дзеяньняў кіраўніцтва. Я ўпэўнены, што гэтае рашэньне пярэчыць Статуту, дзе ёсьць палажэньне пра плюралізм думак, унутрыпартыйную дэмакратыю і гэтак далей. І проста я казаў дэмакратычнай прэсе, напрыклад, інтэрнэт-рэсурсу “Салідарнасьць” пра тое, што я думаю пра разьвіцьцё сытуацыі, пра падзеі. І гэта, фактычна, паслужыла фармальнай прычынай выключэньня”.
— Якія ў вас далейшыя пляны? Ці прывядзе гэта да партыйнага крызысу, расколу ў партыі?
“Я асабіста ніякімі расколамі займацца не зьбіраюся, але не выключаю, што такія мэтады ў выніку да расколу могуць прывесьці.
Я на сёньня пляную і думаю, чым зьбіраюся займацца і як сябе паводзіць далей. Ня маю ніякіх канкрэтных гатовых адказаў, але рашэньне будзе прынятае ў бліжэйшы час.
Думаю, тое, што намесьнік старшыні, які пры выбарах на пасаду старшыні партыі атрымаў на мінулым зьезьдзе амаль палову галасоў і які быў абсалютна пераканаўчай бальшынёй абраны намесьнікам старшыні на мінулым зьезьдзе, выключаецца соймам — органам, які не зьяўляецца вышэйшым кіроўным органам, і далёка ня самым прадстаўнічым, — гэта вельмі грубая і сур’ёзная палітычная памылка”.
Спадар Міхалевіч сказаў, што атрымаў некалькі сотняў тэлефанаваньняў ад людзей, абураных дзеяньнямі сойму.
“Я ўступіў у партыю ў 1993 годзе . Партыя была і ёсьць маёй айчынай. І я адчуваю сябе сябрам партыі”.
Алесь Міхалевіч сказаў, што пасьля сойму не было дыялёгу са старшынёй партыі БНФ Лявонам Баршчэўскім:
“Спадар Баршчэўскі дапускаў такія выказваньні і перад соймам — “альбо я, альбо ён”. Я, прынамсі, ніколі такіх выказваньняў дапускаць ня буду. Калі я хварэю за справу, калі мне важна, каб справа рабілася, я гатовы ставіць справу вышэй за свае сымпатыі ці антыпатыі да іншых людзей”.