Многія нашы слухачы ў сваіх лістах на “Свабоду” пішуць пра дачыненьні паміж Беларусьсю і ЗША, Беларусьсю і Эўразьвязам. Цікавасьць да гэтай тэмы асабліва ўзрасла пасьля ініцыяванага беларускімі ўладамі абвастрэньня дыпляматычнага канфлікту паміж Менскам і Вашынгтонам. Нагадаю: на пачатку траўня Беларусь вымушаныя былі пакінуць 11 cупрацоўнікаў амэрыканскай дыпмісіі. Такім чынам, у амбасадзе ЗША ў Беларусі замест ранейшых 35 дыпляматаў засталіся толькі чацьвёра.
Пачну сёньняшнюю размову зь ліста на гэтую тэму, які даслала Галіна Александроўская з Магілёва. Яна піша:
“Лукашэнку не падабаюцца амэрыканскія дыпляматы, бо ЗША ціснуць на яго. Але ў той жа час сам беларускі прэзыдэнт перасьледуе дэмакратычную апазыцыю ўнутры сваёй краіны — Аляксандра Казуліна ды іншых. Ці не настаў час яму асэнсаваць: хто першы пачаў ціснуць? Ціск з боку ЗША — гэта наступства ціску рэжыму Лукашэнкі на ўласных грамадзянаў.
Лукашэнка ператварыў нашу няшчасную Беларусь у яблык разладу паміж Расеяй ды Эўропай, у мост нянавісьці паміж імі. Гэтую нянавісьць улада актыўна выкарыстоўвае, канвэртуе яе ў расейскія крэдыты, пры дапамозе якіх Лукашэнка спрабуе паставіць Эўрапейскі Зьвяз на калені. Сытуацыя, якая складаецца ў дачыненьнях паміж Масквой і Брусэлем, яго надзвычай задавальняе. Ён у гэтай стыхіі — як рыба ў вадзе”,— гэтак лічыць Галіна Александроўская з Магілёву.
Наўрад ці варта, спадарыня Галіна, выкарыстоўваць слова “нянавісьць”, даючы характарыстыку дачыненьням паміж Эўразьвязам і Расеяй. Супярэчнасьці, спрэчкі, непаразуменьні — так, ёсьць, але казаць пра нянавісьць — не выпадае.
Беларусь магла б ператварыцца ў мост паміж Масквой і Брусэлем, і гэтая роля магла б прынесьці беларускай дзяржаве немалыя дывідэнды — і эканамічныя, і палітычныя. Але пакуль што гэта хутчэй ня мост, а тупік, які імкнуцца абмінаць і расейцы, і эўрапейцы. Адны адгарадзіліся ад рэжыму, які лічаць апошняй дыктатурай у Эўропе, моцнай мяжой, візамі і санкцыямі; другія будуюць у абход Беларусі свае нафта- і газаправоды, бо таксама ня лічаць Беларусь адданым саюзьнікам і партнэрам. Ні тых, ні другіх паставіць, як вы, спадарыня Галіна, пішаце, “на калені” рэжым Лукашэнкі ня здатны — ня той маштаб, ня тыя грошы і магчымасьці...
Наша слухачка Вера Руднюк з Маларыты — з тых праваслаўных вернікаў, якія катэгарычна адмаўляюцца ад дакумэнтаў, у якіх пазначаны асабісты нумар уладальніка, бо лічаць яго д’ябальскай лічбай. У выніку спадарыня Руднюк засталася бяз пашпарта. І праз гэта яе жыцьцё ператварылася ў суцэльнае выпрабаваньне. Слухачка піша:
“Я — удава, муж памёр. Сумленна працавала да пэнсіі. Пасьля таго як здала дакумэнты ў райсабес, мне не далі працаваць нават аднаго дня. А пэнсіі, між тым, мне дагэтуль ня плацяць — дакумэнты так і ляжаць у райвыканкаме. Мяне гвалтам прымушаюць узяць пашпарт, дзе ёсьць асабісты нумар. А я — праваслаўная хрысьціянка, і з прычыны сваіх рэлігійных перакананьняў не жадаю мець асабісты нумар — для мяне ён зьняважлівы і непрымальны. У мяне ёсьць стары пашпарт, і яго дастаткова, каб засьведчыць маю асобу.
Дык чаму мне гэтулькі часу ня плацяць пэнсію? Гэта ж — ня ласка з боку дзяржавы, а заробленыя мной за ўсё жыцьцё грошы. Значыць, дзяржава проста крадзе мае грошы. А я застаюся без капейкі. Няма з чаго заплаціць ні за газ, ні падатак на зямлю... І здароўе ўжо ня тое, каб ісьці працаваць. Паставілі мяне перад пагрозай галоднай сьмерці.
Куды ні зьвярталася з гэтай нагоды — у адказ адны адмовы. І ня я адна пакутую — такіх людзей шмат. Пішу вам, бо не баюся казаць праўду. А баяцца мне ўжо няма чаго: і так сьмерць, і так”, — напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Вера Руднюк з Маларыты.
Людзей, якія гэтак жа, як спадарыня Руднюк, адмовіліся атрымліваць новыя пашпарты з індывідуальнымі нумарамі ўладальнікаў, ня так шмат. Праваслаўны патрыярх Аляксій II назваў боязь пашпартных нумароў “духоўным сэктанцтвам”, але перакананых вернікаў гэта не спыніла і не прымусіла адмовіцца ад сваіх поглядаў.
Праблему разглядалі розныя дзяржаўныя ведамствы, якія маюць дачыненьне да пашпартызацыі. Вырашылі патрабаваньні вернікаў ігнараваць: маўляў, калі выдаць ім альтэрнатыўныя пашпарты (без асабістых нумароў), дык гэта можа выклікаць раскол у царкве. Дый іншыя грамадзяне могуць запатрабаваць для сябе такія ж адмысловыя дакумэнты.
Магчыма, альтэрнатыўныя пашпарты — ня самае лепшае выйсьце. Але ж канкрэтную праблему канкрэтнай пажылой жанчыны Веры Руднюк дзяржава вырашаць павінна. Няўжо нельга дазволіць ёй атрыманьне пэнсіі паводле іншага дакумэнту, які сьведчыць асобу — старога савецкага пашпарта альбо пасьведчаньня аб нараджэньні?
21 траўня ў аглядзе пошты прагучаў ліст Аляксандра Сяргяевіча з Маладэчна — даўняга і зацятага апанэнта беларускіх дэмакратычных лідэраў. Слухач дакараў апазыцыянэраў (цытую): “Самі ядуць беларускае сала, хлеб і каўбасу, нічога ня робячы дзеля іх вырошчваньня, а толькі крытыкуючы ўладу. Мэта ясная — давесьці краіну да краху, зваліць Лукашэнку, а самім прыйсьці да ўлады” (канец цытаваньня).
На гэты ліст адгукнуўся іншы прыхільнік палітыкі Лукашэнкі — Леанід Шчорс з украінскага Ужгарада. Ён піша:
“Так, як Аляксандар Сергяевіч, думаюць у Беларусі 75—80 працэнтаў насельніцтва. І ўсе вашы намаганьні, нягледзячы на вялізныя грошы, якія выдаткоўваюць Злучаныя Штаты Амэрыкі — ня зробяць тую чорную справу, якую вы задумалі. Не дапамогуць ніякія санкцыі. Наадварот, усё гэта яшчэ больш згуртоўвае народ вакол свайго прэзыдэнта.
Ён не халуйствуе, не прадае інтарэсы свайго народа — а гэта дзядзьку Сэму не падабаецца. А наконт дэмакратыі ў Беларусі — дык яе ў Беларусі больш, чым у многіх краінах Эўропы разам узятых. Вось нядаўна я пачуў па Свабодзе: ва Ўкраіне сапраўдная дэмакратыя, у Беларусі — дыктатура, а ў Расеі — незразумела што. На гэта я вам адкажу так: ва Ўкраіне — сапраўдны бардак — нягледзячы на вышэйшыя органы ўлады. Разьвіваць гэту думку няма жаданьня. Думаю пра іншае. Ідучы па ходніку, хвалююся, як бы не ўпасьці ў каналізацыйны калодзеж, бо чыгунны люк скралі.
Перадачы беларускай “Свабоды” слухаю зрэдзь часу. Калі параўноўваць з 2007 годам, яны сталі больш ляяльнымі ў адносінах да прэзыдэнта Беларусі. Гэта радуе. Я — ягоны прыхільнік, а вы — людзі падкаваныя (ЗША грошы марна плаціць ня будуць), разумееце, што няпраўда да дабра не даводзіць”, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Леанід Шчорс з Ужгарада, з Украіны.
Прынцыпы дзейнасьці Радыё Свабода застаюцца нязьменнымі, спадар Шчорс — што год, што пятнаццаць год таму. Танальнасьць пры асьвятленьні палітыкі прэзыдэнта Лукашэнкі залежыць не ад “Свабоды”, а ад дзеяньняў самога прэзыдэнта. Выходзяць на волю палітвязьні, наладжваецца дыялёг з Захадам — нашы слухачы даведваюцца пра гэта. Улада пачынае зноў кідаць у турмы апазыцыйных актывістаў, адмаўляе любыя кампрамісы з апазыцыяй, не пагаджаецца на справядлівыя выбары — мы зноў жа расказваем пра гэта ў сваіх праграмах.
Распавядаем мы і пра сытуацыю ва Ўкраіне — супярэчлівую і няпростую. Наўрад ці можна было разьлічваць, што пераходны пэрыяд ад аўтарытарнага рэжыму да дэмакратыі будзе лёгкім і простым. І ўсё ж у сёньняшняй Украіне ўжо немагчыма ўявіць, што нехта з палітыкаў пажадае стаць пажыцьцёвым прэзыдэнтам, што раптам будзе ўведзена палітычная цэнзура ў мэдыях, а выбары ператворацца ў фарс і ў Вярхоўную Раду будуць дапушчаныя толькі прыхільнікі прэзыдэнта.
На заканчэньне — ліст ад Мікалая Рыбакова з пасёлку Копысь Аршанскага раёну — пра тое, якім напоям аддаюць перавагу пакупнікі ў тамтэйшых крамах. Слухач піша:
“Нашы аршанскія калгасы надойваюць цяпер па 130—140 тон малака за суткі (гэтыя зьвесткі я ўзяў з раённай газэты “Аршанскі весьнік”). У Воршы — каля 150 тысяч насельнікаў. Такім чынам, на кожнага жыхара гораду прыпадае каля літра малака на дзень. Гэта калі не лічыць насельніцтва раёна.
А якія напоі завозяць у звычайную мясцовую краму? Малака — 3—4 скрыні, а гарэлкі, піва, віна — па 10 скрыняў. Можа, таму мясцовыя мужыкі ходзяць раніцай, як тыя хмары на далёкаўсходняй мяжы — хмура. Крыху ачомаюцца толькі бліжэй да паўдня.
Домік у аграгарадку каштуе каля 40 тысяч даляраў. Трэба адпрацаваць у калгасе 10 год — толькі тады будзеш мець права набыць яго ва ўласнасьць. Як я разумею, гэта — своеасаблівае прыгоннае права, адно што пашпарт у чалавека не адбіраюць”, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Мікалай Рыбакоў з пасёлку Копысь Аршанскага раёну.
Дзяржава будуе за кошт бюджэту жытло на вёсцы дзеля таго, каб прывабіць кадры. Зусім зразумела, чаму калгаснае кіраўніцтва не адразу перадае гэтыя домікі ва ўласнасьць навасёлам. Але нават бясплатнае жытло ня здольнае ўтрымаць чалавека ў вёсцы, калі заробкі ў калгасе такія, што немагчыма ні абставіць новы дом, ні пракарміць сям’ю. А такая сытуацыя ў беларускіх калгасах — зусім ня рэдкасьць.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by