Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Трусаў: “Беларусы звыкліся аддаваць свае каштоўнасьці”


Грамадзкі рэдактар тыдня Алег Трусаў – гісторык, археоляг. Кандыдат гістарычных навук. Аўтар манаграфіяў, прысьвечаных матэрыяльнай культуры беларусаў. Старшыня Таварыства беларускай мовы.


Алег Трусаў прапанаваў нашым карэспандэнтам падрыхтаваць перадачу на тэму: “Вяртаньне нашых каштоўнасьцяў: праблемы рэстытуцыі”. Cёньня ён разважае пра вытокі і гісторыю рэстытуцыі.

Уліцёнак:
“З латыні “рэстытуцыя” – гэта аднаўленьне. А як трактуе яе міжнароднае права?”

Трусаў: “Вяртаньне маёмасьці, неправамерна захопленай і вывезенай адным з ваюючых бакоў з тэрыторыі другой дзяржавы”.

Уліцёнак: “Калі ўпершыню пачаўся гэты працэс?”

Трусаў: “У 1866 годзе ўпершыню ў Эўропе й сьвеце была падпісаная дамова, што аўстра-венгерская імпэрыя верне італьянцам нарабаваныя раней творы мастацтва. У 20-м стагодзьдзі – дамовы Антанты з новай дзяржавай, Аўстрыяй, у 1919 годзе і з Вугоршчынай у 1920 годзе. А яшчэ сярод піянэраў рэстытуцыі была й застаецца Польшча. Як толькі ў 1918-м годзе паўстала незалежная польская дзяржава, яна падняла гэтае пытаньне і шмат чаго дасягнула”.

Уліцёнак: “Канкрэтызаваць можаце?”

Трусаў: “У Рызе ў сакавіку 1921, калі было падпісанае пагадненьне паміж Расеяй і Ўкраінай з аднаго боку, а зь іншага Польшчай (беларусаў туды не запрасілі), палякі замахнуліся на рэстытуцыю ажно 18-га стагодзьдзя! Некалькі сот твораў мастацтва бальшавікі вярнулі палякам, у тым ліку і зь Беларусі – вывезьлі конную скульптуру Панятоўскага з Гомельскага парку”.

Уліцёнак:
“Мабыць, Беларусь і надалей засталася свайго роду рэстытуцыйным донарам для сваіх суседзяў?”

Трусаў: “У 1944 годзе камуністычны ўрад Польшчы заключыў дамову з БССР аб вывазе каштоўнасьцяў прыватнымі асобамі, якія масава засялялі землі, што адыходзілі да заходніх суседзяў. Ну а далей – у 1950-52-м гадох ужо па загаду Масквы камуністы беларускія зноў аддалі палякам значную частку радзівілаўскай калекцыі”.

Уліцёнак: “Ну й падсумаваньне?”

Трусаў: “Банальнае: такім чынам адны багацелі, а іншыя – бяднелі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG