“Вечерний Брест». «Ці шмат у нас агульнага з продкамі зь Вялікага Княства Літоўскага?” Гэта высьветляць навукоўцы, калі дасьледуюць знаходку зь вёскі Лукамер Бярозаўскага раёну. Там знойдзеныя парэшткі трох чалавек і старадаўнія манэты: шэлег ВКЛ з выявай вялікага князя Яна другога Казіміра Вазы, шылінгі часоў вайны 1654-67 гадоў, у якой удзельнічалі Расея, ВКЛ, Польскае каралеўства і Швэцыя.
Маладзечанская “Рэгіянальная газэта”. У рубрыцы “Вакол здарэньня” – гісторыя, як сабака пакусаў карову пэнсіянэркі. Гаспадар сабакі ўцёк, і шукаць яго, хутчэй за ўсё, ніхто ня будзе. Распавядае журналіст газэты Сяргей Зянько:
“На здарэньне выяжджаў ўчастковы інспэктар Мікалай Халалеянка, ён пацьвердзіў, што пацярпелая пэнсіянэрка напісала заяву па факце здарэньня. Участковы кажа, што гэта справа камунальнікаў, камунальнікі сказалі мне даслоўна, што “яны ня будуць бегаць па горадзе і пытацца ў кожнага сабакі яго прозьвішча”. А на наступны дзень ні ў гарадзкіх камунальнікаў, ні ў раённых, ні ў домакіраўніцтве №4, якое абслугоўвае гэтую ўскраіну гораду, матэрыялаў пра здарэньне не знайшлі. Такім чынам, страта, нанесеная гаспадыні каровы, ніякім чынам кампэнсаваная ня будзе”.
“Комсомольская правда” в Белоруссии”: “12-годку адмянілі!” Аўтары чарговай школьнай рэформы лічаць, што пераход да 11-гадовай школы пройдзе без усялякіх праблем. Але паводле некаторых падлікаў, школе стануць непатрэбнымі каля 10 тысяч настаўнікаў. Бо адменяць сьпевы, маляваньне, усясьветную мастацкую культуры, скароцяць фізкультуру і яшчэ шмат чаго.
Слуцкі “Інфа Кур’ер”: “Як пахавалі бабулю “безь яе ведама”. Жыхарка адной зь вёсак, жанчына ў гадах, паставіла помнік памерламу мужу. І па традыцыі “зарэзэрвавала” побач месца і для сябе, паставіла нават помнік з фатаграфіяй, імем, датай нараджэньня, але без даты сьмерці. Двое аднавяскоўцаў убачылі на могілках помнік і вельмі зьдзівіліся, што бабуля памерла. Памянулі яе, а потым кожнаму сустрэчнаму ў вёсцы паведамлялі сумную зьвестку. Але ніхто зь вяскоўцаў на пахаваньні ня быў. Высьветлілася, што тая жывая. У народзе кажуць: будзе доўга жыць!