“Паводле гэтага рашэньня ў аддзеле міліцыі павінны вісець і іншыя прэйскуранты. Напрыклад, удар дубінкай каштуе 10 тысяч рублёў, выкарыстаньне кайданкоў — 15 тысяч і гэтак далей. Але ж гэта абсурд!”
Андрэй Томчын, грамадзкі актывіст – наконт рашэньня Гомельскага гарвыканкаму, паводле якога прадстаўнікі палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў да замовы на пікет альбо мітынг на пляцоўцы па вуліцы Юбілейнай павінны прыкласьці дамовы з райаддзелам міліцыі на ахову грамадзкага парадку падчас масавага мерапрыемства, з цэнтральнай гарадзкой паліклінікай — на мэдычнае абслугоўваньне, з камунальным прадпрыемствам “ГарСАП” (гарадзкое спэцаўтапрадпрыемства) — на прыбіраньне тэрыторыі.
“Ня трэба штучна супрацьпастаўляць лагодны ўдзел у выбарах і бескампрамісны байкот. Павінен быць бескампрамісны ўдзел у выбарах”.
Віктар Івашкевіч, намесьнік старшыні партыі БНФ – у перадачы «Праскі акцэнт»
"Падчас парлямэнцкай кампаніі грамадзкая думка ня ўспрыме, нават калі да гэтага будуць здольныя дэмакратычныя сілы, сілавых сцэнараў перамены ўлады. Я гавару "сілавых", бо ўлада відавочна ня будзе здаваць свае пазыцыі, і выхад на вуліцу – гэта ўжо ёсьць праявай духоўнай моцы і сілы”.
Зьміцер Дашкевіч, старшыня моладзевай арганізацыі “Малады Фронт” – у перадачы “Праскі акцэнт”
"Я шакаваная тым, што прысуды заснаваныя на закліках мірных маніфэстантаў да збліжэньня з Эўразьвязам, у той час, як беларускія ўлады ўвесь час выказваюць жаданьне да больш шчыльнага дыялёгу з Эўразьвязам".
Мірэй Мюсо, пасол Францыі ў Беларусі – пра прысуды Зьмітру Дашкевічу, Артуру Фінькевічу і Міколу Статкевічу за ўдзел у праэўрапейскай акцыі 1 траўня
“Манэўры Бэрліна ў падтрымку рэжыму Карымава моцна дыскрэдытавалі ЭЗ. Пасыл, які з гэтага эпізоду могуць прачытаць іншыя аўтарытарныя краіны, такія як Беларусь, Бірма ці Зімбабвэ, больш чым ясны: ня трэба выконваць ніякіх умоваў, каб дамагчыся зьняцьця эўрапейскіх санкцыяў. Дастаткова пачакаць. ЭЗ сам адступіцца даволі хутка”.
Эндру Строўлайн, прадстаўнік Міжнароднай антыкрызыснай групы – у артыкуле ў “Wall Street Journal” пра скасаваньне эўрапейскіх санкцый супраць ўзбэцкага рэжыму
“Голас Шуры Балаганава даносіцца з усіх куткоў. У Лукашэнкі дзеці вырасьлі, пара дзяліць. Вы ўвогуле ведаеце, у колькі гадоў Дзерыпаска ды іншыя заняліся падзелам уласнасьці ў Расеі? Ім было 25—27 гадоў. Я сам асабіста падлічыў. Сучасным расейскім алігархам, якія скіроўваюцца ў Беларусь, 40—42 гады. Таму цяпер гэта якраз час выхаду дзяцей Лукашэнкі на прыватызацыйную лінію. Іхная чарга зараз выходзіць, бо калі замарудзіць, можа нічога не застацца”.
Леанід Заіка, кіраўнік дасьледнага цэнтру “Стратэгія” – пра пляны беларускіх ўладаў прадаць акцыі МАЗа расейскаму прадпрымальніку Алегу Дзерыпаску і пра праекты іншых прыватызацыйных зьдзелак
“Мне не хацелася б камэнтаваць пытаньні ўвядзеньня санкцый. Наша справа — рабіць прадукцыю і яе рэалізоўваць. І мы гэтым пасьпяхова займаемся. А санкцыі — гэта пытаньні Міністэрства замежных справаў, узаемаадносінаў паміж краінамі на самым высокім узроўні. А мы — вытворцы. У нас задача пастаўлена — мы робім і рэалізуем, нягледзячы ні на якія санкцыі”.
Міхаіл Асіпенка, намесьнік старшыні канцэрну “Белнафтахім” – пра санкцыі, ўведзеныя супраць канцэрну ўладамі ЗША
"Калі паглядзець у сярэднетэрміновую пэрспэктыву, то Беларусь зараз зрабілася залежнай ад Расеі настолькі, наколькі яна не была залежнай у тым самым 2001 годзе і пазьней".
Аляксандар Чубрык, экспэрт Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту – у перадачы «Экспэртыза Свабоды»
“Якое адчуваньне? Людзі ў Беларусі талерантныя і памяркоўныя, яны на плошчу ня выйдуць, як у тым Варонежы. Ні бабулькі, ні дзядулі — ніхто ня выйдзе. Людзі будуць выжываць, як усе беларусы: паедуць на вёску, возьмуць дзьве лішнія соткі, бульбу пасадзяць”.
Гарадзенец Раман Юргель – пра тое, якой будзе рэакцыя беларусаў на падвышэньне цэнаў
“Справа ў тым, што мы ня можам проста назіраць за тым, што адбываецца вакол нас. Калі мы зробім цэнавы аазіс на тэрыторыі нашай дзяржавы, дык можам атрымаць у адказ дэфіцытны рынак па цэлай катэгорыі тавараў. Яны ў нас ужо каштуюць у 2—2,5 разы таньней, чым у нашых суседзяў”.
Андрэй Кабякоў, віцэ-прэм'ер Беларусі – пра меры беларускага ўраду ў сувязі з усясьветным ростам цэн на харчаваньне
“СНД — гэта як апэндыцыт. Апэндыкс патрэбны ці не — цяжка сказаць. Напэўна, не патрэбны. Але калі пачынаеш яго выразаць, то можна і памерці. СНД ніколі ня будзе эканамічным і палітычным інтэграцыйным інструмэнтам”.
Леанід Заіка, кіраўнік дасьледнага цэнтру «Стратэгія» - пра нараду прэм'ер-міністраў краін СНД у Менску