У кашы´ таксама быў пілёт-інструктар, ён жа гаспадар шара. Лятальны апарат зачапіўся за будынак, 8-гадовая дзяўчынка і пілёт вываліліся з гандолы і атрымалі цяжкія траўмы. Бацькі дзяўчынкі загінулі, калі пры ўдары аб зямлю выбухнулі балёны з газам.
Папярэдняй прычынай падзеньня шара экспэрты называюць рэзкую зьмену надвор'я з набліжэньнем навальнічнага фронту. Ці бясьпечныя экстрэмальныя забавы ў Беларусі?
Самы даступны з экстрэмальных відаў актыўнага адпачынку ў Беларусі — скачкі з парашутам. У пятніцу, суботу і нядзелю ў аэраклюбе “Баравая” за 35 даляраў можна скочыць з кілямэтровай вышыні са стандартным армейскім парашутам. Скачок з 3 тысяч мэтраў у тандэме з інструктарам на парашуце-крыле ў свабодным 40-сэкундным падзеньні — 115 даляраў.
З 2007 году практыкуецца камэрцыйнае навучаньне па праграме AFF — з навыкамі свабоднага падзеньня і кіраваньня парашутам тыпу “крыло”. Праграма мае некалькі ўзроўняў, яе кошт — амаль 1 тысяча даляраў.
Навальніца — галоўны вораг экстрэмалаў
Інструктар AFF-спорту Аляксей Налівайка кажа: самае страшнае для тых, хто ў паветры, — трапіць у навальнічны фронт.
“Для ўсіх лятальных апаратаў гэта страшна. Узыходныя патокі і магутныя парывы ветру падпампоўваюць паветра; вецер можа рэзка ўзмацніцца, прычым зьмяніўшы накірунак на 180 градусаў. Узьлятаеш нібыта пры нармальным надвор’і, а калі навальніца падыходзіць, да шквалістага ветру можа быць узмацненьне. Плюс яшчэ, натуральна, маланкі і г.д. У мяне было такое, калі пачынаў толькі скакаць. Узьляцелі, перад намі людзі скочылі, а мы з братам засталіся і якраз трапілі ў паласу ўзмацненьня ветру. Усё ўрэшце абышлося, але стыхія — зь ёй асабліва не пазмагаесься. Таму ўсе лятальныя апараты, незалежна ад таго, вялікі самалёт ці малы, навальніцу намагаюцца абысьці”.
Прыватнае лётнішча “Авіяранча” ў Ратамцы на Менскім моры прыцягвае позіркі аўтакіроўцаў, бо знаходзіцца побач з шашой Менск — Маладэчна. Колісь тут можна было палятаць на лёгкаматорным самалёце “Ікарус”, але ў 2001 годзе самалёт разьбіўся (пілёт загінуў, пасажыр выжыў) і наступіла зацішша. Дарэчы, па колькасьці аварыяў лёгкаматорных самалётаў лідзіруе Гомель: тут за 4 гады здарыліся 5 катастрофаў самалётаў, якія належаць прадпрыемству “Гомельхімсэрвіс”. Іронія лёсу: у апошні раз пілёты адпрацоўвалі аварыйную пасадку з імітацыяй адмовы рухавіка.
Да 16 траўня ўбачыць ваколіцы Менску з вышыні птушынага палёту можна было з паветранага шара, які прыйшоў на зьмену самалёту. 1,5-гадзіннае падарожжа ў кашы на чатырох пасажыраў — 200 даляраў. Пасьля прызямленьня — рытуал пасьвячэньня ў паветраплавальнікі з выдачай пасьведчаньня, шампанскім і г.д. Аднак у мінулую пятніцу шар згарэў разам з двума пасажырамі.
Паводле папярэдняй вэрсіі, прычынай імклівага зьніжэньня шара стала надвор'е. Тэхнічных прэтэнзіяў да ягонага стану не было. За тыдзень да таго апарат амэрыканскай вытворчасьці прайшоў выпрабаваньні і атрымаў пасьведчаньне на лётную прыдатнасьць. Пілёт меў больш за 10 гадоў лётнага досьведу, у яго было пасьведчаньне пілёта цеплавога аэрастата. Аднак утаймаваць шар не ўдалося: зьніжаючыся, кош ударыўся аб дом, а потым некалькі разоў аб зямлю. Ад выбуху газавых балёнаў муж і жонка загінулі. Пілёта і 8-гадовую дзяўчынку выратавала тое, што іх выкінула з гандолы яшчэ пры першым сутыкненьні.
Дасьведчанасьць супраць прыроды — нішто
Інструктар парашутнага спорту ў аэраклюбе “Баравое” Павал Блізьнюк добра ведае пілёта аэрастата і пагаджаецца з вэрсіяй пра ўмяшаньне прыроды:
“На самой справе, пэўна, усё так і атрымалася. Бо навальніца падышла вельмі хутка і нечакана. У такіх выпадках часам, нават калі парашутысты вісяць у паветры, ужо нічога зьмяніць нельга, вельмі моцныя парывы ветру. Ва ўсякім разе, я асабіста гэтага чалавека ведаю. У ягонай дасьведчанасьці, прафэсіяналізьме папросту не сумняюся”.
Менская транспартная пракуратура цягам тыдня правядзе праверку па факце крушэньня паветранага шара. Калі знойдуцца парушэньні заканадаўства, могуць завесьці крымінальную справу. Цяпер пілёт, які атрымаў шматлікія траўмы і пераломы, знаходзіцца ў шпіталі. Да навіны пра гібель бацькоў псыхолягі рыхтуюць і пацярпелую ў катастрофе дзяўчынку.
А ці можа штосьці падобнае здарыцца не з пасажырамі паветранага шара, а з экстрэмаламі-парашутыстамі, якіх нечакана накрые нялётнае надвор'е? Ці больш у іх магчымасьцяў для манэўра? Гаворыць Павал Блізьнюк:
“Парашутысты могуць вельмі хутка апусьціцца на зямлю. Шар так хутка пасадзіць немагчыма. Вось у чым розьніца. Няхай парашутыста вынесе за межы лётнішча ці ён прызямліцца не ў зададзеным пункце, але ён усё роўна прызямліцца вельмі хутка. Ёсьць мэтады, з дапамогай якіх можна хутка страціць вышыню. А шар — гэта ўжо лятальны апарат, прычым досыць небясьпечны з улікам выбухованебясьпечных балёнаў.
Гэтаксама як існуюць вялікія праблемы з дэльтаплянамі. Звышлёгкая авіяцыя — гэта найчасьцей “самадзелкіны”: дзесьці не пралічылі, дзесьці паспадзяваліся, што пранясе. У выніку бывае, што і складаюцца яны, і разьбіваюцца. Парашут у гэтым сэнсе нашмат больш бясьпечны. Бо ўсё ж у цябе іх два — асноўны і запасны. А яшчэ лепей скочыць з інструктарам у тандэме, атрымаць задавальненьне і бясьпечна прызямліцца”.
Дэльтаплянэрызм — адна з самых маладых паветраных забаваў беларусаў. Спаборніцтвы на дэльтапляне ладзяцца на працягласьць і максымальную хуткасьць палёту па зададзеным маршруце. Далейшым разьвіцьцём дэльтаплянэрызму стаў дэльталётны спорт — палёты на дэльтаплянах з маторамі (існуюць нават 2-мясцовыя дэльталёты). Летась адзін з такіх палётаў скончыўся трагедыяй.
41-гадовы інжынэр з Баранавічаў Ігар Быцко прыехаў у Полацкі раён разам зь сябрамі з клюбу дэльтаплянэрыстаў, каб даць параду аматару, які пачынаў рабіць першыя крокі ў небе. Мясцовы жыхар сабраў дэльтаплян сам, таму сэртыфікаваць яго было праблематычна. Каб не спакушаць лёс з рознымі ацэначнымі камісіямі, сябры падымаліся ў паветра таемна. Пакуль сябры выбіралі месца для старту, Быцко вырашыў іх апярэдзіць. Празь нейкі час іх знайшоў перапужаны дачнік: ён убачыў дэльтаплянэрыста, які сарваўся ў піке. Быцко загінуў на месцы.
Пры канцы мінулага году ў Беларусі пачала дзейнічаць больш жорсткая адказнасьць за парушэньне правілаў выкарыстаньня паветранай прасторы. Цяпер, паводле артыкулу Паветранага кодэкса, асобы, вінаватыя ў парушэньні заканадаўства ў галіне выкарыстаньня паветранай прасторы, нясуць крымінальную адказнасьць. Гэта азначае, што ўсе перамяшчэньні ў паветры павінны ўзгадняцца, а апараты абавязкова трэба рэгістраваць і ўносіць у дзяржаўны рэестар паветраных суднаў.