Наш карэспандэнт зьвярнуўся да гарадзенцаў з пытаньнем: ці маюць гомасэксуалісты ў Беларусі роўныя правы з астатнімі?
Спадар: “Яны быццам і ёсьць, але нічым незадэклараваныя, і хутчэй за ўсё ў іх адсутнічае прававая падстава, каб законна дзейнічаць”.
Спадарыня: “Пра сэксуальныя меншасьці ў беларускай прэсе наагул нічога няма. Адзінае, памятаю калі адбываўся Кангрэс дэмакратычных сілаў, дык БТ пачало піярыць сэксуальныя меншасьці, маўляў, яны падтрымліваюць дэмакратаў. Але болей нічога: ні пра іх правы, ні пра іх арганізацыі, наагул, нічога...”
Спадар: “Сёньня няхай толькі хоць хто-небудзь аб іх пачне казаць, то грамадзкая думка й нашых уладаў, і, наагул, нашых савецкіх людзей, вядомая наперад. А па вялікаму рахунку кожны мае права... бо ўсе мы людзі жывыя. А калі гэтыя сэксменшасьці будуць мець правы ў Беларусі – толькі аднаму Богу вядома”.
Спадар: “Ня маюць яны ніякіх правоў. У нас звычайныя людзі правоў ня маюць, а гэтыя дык тым больш...”
Спадарыня: “На маю думку, на паперах фармальна яны нешта маюць, але насамрэч у сьвядомасьці нашых грамадзянаў стаўленьне да іх нэгатыўнае”.
Дзяўчына: “Сумняваюся я, што ў Беларусі падобныя людзі могуць мець нейкія правы. Ёсьць у Горадні адзін выдатнейшы чалавечак, адукаваны, які шмат шчыруе для горада, але калі ён праходзіць па вуліцы, то ўсьлед яму паказваюць пальцам і кажуць: во, той пайшоў...”
Хлопец: “Магчыма, фармальна яны маюць роўныя правы з астатнімі, але з-за грамадзкай думкі ім цяжка ў гэтай краіне даводзіцца”.
Ягоная сяброўка: “Я лічу, што нават фармальна яны ня маюць ніякіх правоў, і ўвагі грамадзтва ім не надае ніякай: парадаў у нас не адбываецца. Але я асабіста падтрымліваю такую пазыцыю грамадзтва, бо ў нас растуць дзеці, новае пакаленьне, і навошта ім ўсё гэта бачыць”.
Дзяўчына: “Ды ня маюць яны ў нас наагул ніякіх правоў. Наша грамадзтва ў сваёй большасьці вельмі адмоўна ставіцца да такіх людзей. Усе будуць супраць іх, у нас такіх закідаюць каменьнямі, заплююць, кіямі закідаюць”.