Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Санкцыі: “Тое, што нас пакаралі — гэта няправільна”


Паводле першага віцэ-прэм’ера Беларусі Ўладзімера Сямашкі, уведзеныя Злучанымі Штатамі санкцыі найбольш закрануць прадпрыемства “Полацк-Шкловалакно”, якое прадавала прадукцыю ў ЗША. Беларускія прадпрыемствы спрабуюць дывэрсыфікаваць пастаўкі сваёй прадукцыі.

Пакуль што на сайце адкрытага акцыянэрнага таварыства “Полацк-Шкловалакно” падаюцца кантакты мытных складаў у ЗША, дзе можна набыць ці замовіць прадукцыю прадпрыемства. Аднак, паводле намесьніка генэральнага дырэктара прадпрыемства Сяргея Сьвяршчова, уся прадукцыя ўжо прададзеная і на складах нічога не засталося. Цяпер ужо набыць ці замовіць прадукцыю ў ЗША немагчыма.

“Полацк-Шкловалакно” пастаўляла сваю прадукцыю ў ЗША. Да прыкладу, у мінулым годзе было экспартавана каля паўтары тысячы тон шкловалакна амаль на 5 мільёнаў даляраў. Альбо амаль чатыры з паловай працэнты ад агульнага аб’ёму экспарту.

“Тое, што нас пакаралі, — гэта няправільна. І гэта вельмі крыўдна, бо мы вольная юрыдычная асоба, якая працуе безь якіх-колечы абмежаваньняў са сваімі фінансамі. Так, гэта нас закранула. У любым выпадку гэта прадпрыемства ня спыніць, і мы будзем працаваць. Але нам давядзецца прыкласьці вельмі шмат намаганьняў, каб неяк мінімізаваць страты”.

Спадар Сьвяршчоў сказаў, што амэрыканскі рынак цікавы для прадпрыемства, дзе праца ішла ў высокатэхналягічных напрамках.Як жа адаб’юцца на работніках прадпрыемства ўведзеныя санкцыі?

“Калі я прадаваў за два даляры, а сыходжу на іншы рынак і прадаю за даляр ці меней, то гэта ляжа цяжарам на прадпрыемства. Мы абіралі найбольш пэрспэктыўныя і дарагія рынкі, у тым ліку ЗША. Робячы дывэрсыфікацыю рынкаў, мы будзем мець страты. Але агулам гэта ня згубна для прадпрыемства”.

Спадар Сьвяршчоў пагаджаецца, што ўвядзеньне санкцый мае палітычныя прычыны. Ён спадзяецца, што палітыкі дамовяцца:

“Гэта наша вялікае жаданьне. Мы ня першы раз ужо бадаемся з амэрыканскім рынкам. У 2000 годзе на нас распаўсюдзілі квоту, якую ўвёў урад ЗША адносна некаторых відаў тканіны”.

А ці давяло кіраўніцтва прадпрыемства свайму калектыву інфармацыю пра ўведзеныя санкцыі?

“Канечне, мы даводзіць ня будзем. Канечне ж, у іх не паменшыцца заробак. Мы скарачаць рабочых ня будзем. Яны ўсе глядзяць тэлевізар, слухаюць радыё, яны ўсё гэта ведаюць”.

На пытаньне, ці ведае спадар Сьвяршчоў, чаму ўведзеныя санкцыі ЗША, ён адказаў:

“Ну, правакацыйнае пытаньне. Канечне, разумеем. Але не разумеем, чаму менавіта адносна нас”.

Ці паўплываюць неяк санкцыі на прадпрыемства “Лакафарба”? Дырэктар Іван Сідараў адказаў вельмі коратка:

“Ніяк. Бо ў мяне ўсё ў парадку”.

Гендырэктар “Беларускага нафтавага гандлёвага дому” Валеры Іванковіч наагул адмовіўся камэнтаваць сытуацыю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG