Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гэта хітры ход: спачатку ўсе льготы адабраць, а потым — частку вярнуць...”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 14 траўня 2008 году


Мы працягваем атрымліваць водгукі на абвастрэньне дыпляматычнага канфлікту паміж Беларусьсю і ЗША, у выніку якога Менск вымушаная была пакінуць большая частка амэрыканскага пэрсаналу амбасады Злучаных Штатаў.

З аднаго з такіх лістоў і пачну сёньняшнюю размову. Наш слухач Кастусь Сырэль з Вушачаў — у ліку тых, чыю сям’ю пагаршэньне беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў закранула непасрэдна. У сваім лісьце на “Свабоду” ён піша:

“Вельмі балюча ўдарыла мяне гэтая навіна, бо адначасова стала вядома пра немагчымасьць атрыманьня візы ў ЗША. Справа ў тым, што мой сын зь сям’ёй ужо шосты год жыве ў гэтай краіне. Я — чалавек ня тое што вельмі стары, але здароўе апошнім часам пачало падводзіць. Усякае ў жыцьці бывае, кожная сустрэча з сынам і ўнукамі можа стаць апошняй. Даўно адкладаю капейку да капейкі на вандроўку ў ЗША. Сын, канечне, заўсёды гатовы дапамагчы, але я хацеў сам. Ужо амаль сабраў грошай на дарогу туды і назад, консульскія паслугі ды падарункі родным. Плянаваў паляцець у верасьні. У хуткім часе зьбіраўся ў амбасаду тэлефанаваць наконт размовы: раней купіш авіябілеты — дзешавей будзе…

І вось — на табе, дачакаўся, наведаў родных. Амбасада ЗША амаль згарнула дзейнасьць. Што цяпер рабіць усім нам, грамадзянам Рэспублікі Беларусь, чые родныя жывуць у ЗША? У Кіеў ці Маскву ехаць, каб атрымаць візу? А такіх, як я, нямала. Першы і адзіны раз мы з жонкай наведвалі кансулят амбасады ЗША дзеля атрыманьня візы 8 верасьня 2005 году, былі ў чарзе пад нумарам 56. Усяго на той дзень у чаргу запісаліся больш за 70 чалавек. Можна прыблізна палічыць, колькі людзей зьвяртаецца па візу ў ЗША за год.

Я ўважліва сачыў за канфліктам паміж ЗША і нашай краінай. У мяне няма ніякага сумневу, што ЗША не вінаватыя ў тым, што адбылося. Наадварот, я вельмі паважаю гэтую магутную краіну і буду паважаць яшчэ больш, калі ЗША супольна з цывілізаванай Эўропай дапамогуць ляснуцца дыктатарскаму рэжыму ў Беларусі. Бо, як вядома, усякая дыктатура ўяўляе небясьпеку для ўсяго сьвету, а ня толькі для краіны, у якой яна ўсталявалася. Яскравы прыклад гэтаму — рэжым у Нямеччыне часоў Гітлера”,


— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Кастусь Сырэль з Вушачаў.

Сапраўды, у новых умовах консульская служба амэрыканскай амбасады ня можа працаваць у нармальным рэжыме. Атрымаць візу ў Менску большасьці беларускіх грамадзянаў, якія выпраўляюцца ў ЗША, пакуль немагчыма. Вялікія праблемы створаны для тысячаў людзей, якія маюць родных за акіянам. Ці турбуе гэтая сытуацыя беларускіх чыноўнікаў? Ніякіх заяў на гэтую тэму апошнім часам не гучала. Магчыма, таму, што большасьць саміх чыноўнікаў гэта праблема асабіста не закранула.

Вялікі розгалас, асабліва сярод людзей сталага веку, выклікала нядаўняе рашэньне прэзыдэнта Лукашэнкі вярнуць пэнсіянэрам частку раней адабраных ільготаў — на праезд у прыгарадным транспарце. Ліст на гэтую тэму нам даслаў Васіль Валошка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну. Слухач піша:

Нядаўна на аўтобусным прыпынку ў Радашкавічах чуў размову пэнсіянэраў на гэты конт. Усе дружна хвалілі Бацьку за тое, што адмяніў рашэньне гэтых злыдняў-дэпутатаў, якія прынялі такі нядобры закон.

Як ні дзіўна, многія людзі проста ня ведаюць, што ўсе важныя рашэньні ў нашай краіне прымае толькі адзін чалавек. А гісторыя з ільготамі, лічу, была прыдумана і сплянавана загадзя. Гэта вельмі хітры ход: спачатку адабраць усё, а потым частку адабранага вярнуць.Тым больш што падносяць гэта людзям такім чынам, нібы кепскія дэпутаты адбіраюць, а добры прэзыдэнт хоць частку, але вяртае. У выніку ў многіх людзей уся гісторыя не выклікае ніякіх іншых пачуцьцяў, апроч захапленьня прэзыдэнтам”,


— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Васіль Валошка з Радашкавічаў Маладэчанскага раёну.

Законапраект аб адмене сацыяльных ільготаў, як і многія іншыя праекты законаў такога кшталту, рыхтаваўся і ўзгадняўся ў Адміністрацыі прэзыдэнта. Ніякіх прынцыповых істотных зьменаў у гэты дакумэнт Палата прадстаўнікоў ня ўнесла. І прычыны гэтага добра зразумелыя кожнаму, хто хоць у агульных рысах уяўляе цяперашнюю палітычную сыстэму Беларусі. Ну, а тым людзям, якія маюць наконт гэтага нейкія ілюзіі і лічаць, што сёньняшнія дэпутаты могуць прымаць рашэньні насуперак волі прэзыдэнта, можна толькі паспачуваць.

Стаўленьне да братоў нашых меншых — тэма новага ліста Мікалая Рыбакова з пасёлку Копысь Аршанскага раёну. Слухач піша:

“Дзяцей у сучасных сем’ях усё меней, а вось хатніх жывёл — усё болей. Я часта назіраю, як зь імі абыходзяцца. Набудуць, пагуляюць месяц-другі — і на вуліцу. А некаторыя — дык і аб слуп галавой. Адкуль гэта ў нас?

Па дзяржаўных тэлеканалах цяпер круцяць сацыяльную рэкляму — паказваюць няшчасных жывёлін на жывадзёрні ды кажуць: у іх толькі пяць дзён. Калі не забераце — дзяржава іх зьнішчыць. Агідна і млосна ад гэтага.

Недалёка ад мяне жыве жанчына, якая трымае 10 катоў. Яна іх даглядае, корміць, купляе рыбу ды іншае. Калі коцік памрэ — просіць пахаваць яго, яшчэ і на бутэльку віна дае таму, хто пра гэта паклапоціцца.

А яшчэ адна гісторыя — зь іншай суседкай. Яна прадала карову камэрсантам — па аб’яве. Яны прыехалі, вывелі жывёліну пад вокны гэтай гаспадыні — ды кувалдай па галаве. Гэта каб зэканоміць на транспарце. А жанчына ўсё гэта бачыла. Ведаеце, колькі было сьлёз: “Каты, душагубы, няма ў вас Бога...” Я патэлефанаваў участковаму — каб склаў пратакол за жорсткае абыходжаньне з жывёлай. Сам ледзь стрымаўся (можа, і дарэмна). Здаецца, так і ляснуў бы кувалдай таму мужыку. Тым больш што здароўем, дзякуй Богу, не абдзелены.

Вось я і думаю: ліцэнзію на такія справы варта было б уводзіць для гаспадароў гэтых так званых “бойняў”. Тады меней будзе ў навакольлі выкінутых кішок, галоў, рожак ды ножак”,—


— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Мікалай Рыбакоў з пасёлку Копысь Аршанскага раёну.

Дзейных законаў зусім дастаткова дзеля таго, каб спыніць гэтыя імправізаваныя бойні на пасялковых вуліцах, а іх ініцыятараў прыцягнуць да адказнасьці. Справа тут, спадар Рыбакоў, не ва ўвядзеньні нейкіх новых ліцэнзіяў, а ў тым, каб міліцыя ды сельсавет выконвалі тыя абавязкі, якія і без таго на іх ускладзены.

Што да беспрытульных жывёлін, то ў цывілізаваных краінах даўно і пасьпяхова рэгулююць іх колькасьць зусім ня тымі жорсткімі мэтадамі, якія практыкуюць у Беларусі. Вядома, на ўтрыманьне прытулкаў і на працу вэтэрынараў патрэбны пэўныя грошы. Але дзеля таго і плацяць людзі падаткі ў гарадзкія і пасялковыя бюджэты, каб улада дбала, сярод іншага, і пра гэтую праблему. Да таго ж у гэтай справе ва ўсім сьвеце прыцягваюць немалыя спонсарскія сродкі: сярод заможных людзей нямала такіх, якія шчыра спачуваюць беспрытульным жывым істотам і гатовыя дапамагчы.

Аўтар наступнага ліста — Габрусь Загібелька зь вёскі Лозкі Лагойскага раёну — задае шэраг пытаньняў наконт будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі. У сваім лісьце на “Свабоду” ён піша:

“Цікава, як адаб’ецца будаўніцтва новага Чарнобылю на псыхічным здароўі нацыі?

Ці сапраўды электраэнэргія ў краінах, якія маюць свае АЭС, таньнейшая, чым у нас?

Як можна растлумачыць той факт, што ўзровень жыцьця ў энэргазалежных краінах Заходняй Эўропы на парадак вышэйшы, чым у энэрганезалежнай Расеі?

Ці прагназуецца ўздым беларускай эканомікі ў сувязі з будаўніцтвам АЭС сьледам за сельскай гаспадаркай, якая ўзьнялася з будаўніцтвам аграгарадкоў?

І за якія шышы будзем будаваць? Ці будзе нейкі крэдыт? Ці скінемся талакой, як было з Нацыянальнай бібліятэкай?

Як на мой погляд, дык на адным баку шаляў — энэргетычная бясьпека, а на другім — экалёгія і здароўе. Беларус, што выбіраеш ты?”


— пытаецца ў сваім лісьце на “Свабоду” Габрусь Загібелька зь вёскі Лозкі Лагойскага раёну.

Пытаньні гэтыя збольшага рытарычныя. Сапраўды, электраэнэргія, якая выпрацоўваецца на атамных станцыях, прыкметна таньнейшая, чым на цеплавых. І з улікам няспыннага росту кошту нафты і газу гэтая розьніца будзе толькі ўзрастаць. На Захадзе шмат прыкладаў, калі краіны, якія ня маюць дастаткова ўласных нафты і газу, актыўна разьвіваюць атамную энэргетыку. Відавочна, такім шляхам можа пайсьці і абдзеленая карыснымі выкапнямі Беларусь. Пытаньне ў тым, хто будзе праектаваць і будаваць Беларускую АЭС: тыя, чые праекты даказалі сваю бясьпечнасьць і эфэктыўнасьць, — ці тыя, чый рэактар выбухнуў у красавіку 1986-га, накрыўшы Беларусь радыеактыўным воблакам? Адказ на гэтае пытаньне ў сёньняшніх беларускіх умовах не выглядае відавочным.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG