Маці актывіста Вячаслава Сіўчыка Галіна шмат разоў сустракала сына на выхадзе з турмаў. Гэтым разам, у Старых Дарогах, яна была асабліва ўражаная выглядам сына:
“Сказаць, што я яго не пазнала, будзе перабольшаньнем, але сэрца балюча сьціснулася. Схуднелы, змарнелы”.
23 красавіка Старадароскі суд арыштаваў Вячаслава Сіўчыка за ўдзел ва ўсталяваньні крыжа ў вёсцы Дражна. Вось што паведаміў пра гэта Вячаслаў, выйшаўшы з турмы:
“19 красавіка ў вёсцы Дражна мы ўсталявалі крыж Ефрасіньні Полацкай у памяць пра 25 беларусаў, закатаваных савецкім партызанскім аддзелам. Гэта былі мірныя жыхары, жанчыны, дзеці. Было спалена 37 хат. Ішоў 1943 год. Партызаны іх ня проста забілі, яны іх катавалі перад сьмерцю. Пахавалі іх на мясцовых могілках, вось побач зь імі ўсталявалі і крыж. Там быў надпіс пра трагедыю, які зьнік ужо празь дзень, а яшчэ праз два дні зруйнавалі і крыж”.
Зьнішчэньне крыжа было незаконным, і за гэта будуць адказваць тыя, хто аддаваў такі загад
Паводле Вячаслава Сіўчыка, за “недагляд” ужо звольнілі старшыню мясцовага сельсавету. Актывіст мяркуе, што загад пра зьнішчэньне крыжа і рэпрэсіі аддавалі зь Менску:
“Натуральна, зьнішчэньне крыжа было незаконным, і за гэта будуць адказваць тыя, хто аддаваў такі загад. Апроч таго, што гэта супярэчыць закону, гэта яшчэ і супярэчыць хрысьціянскай традыцыі ў Беларусі”, — мяркуе Вячаслаў Сіўчык.
Актывіст распавёў пра ўмовы, у якіх яго ўтрымлівалі: камэра два з паловай на два мэтры на некалькі чалавек, чыстай вады не хапае, у прыбіральню выводзяць толькі два разы на дзень, ежу есьці немагчыма, большасьць вязьняў звыклі злоўжываць алькаголем. Скарга Вячаслава Сіўчыка на прысуд недзе згубілася, пракурор, які наведваў яго ў камэры, казаў: “Вы ж жывы, чаго вам яшчэ трэба?” Вячаслаў Сіўчык мяркуе, што ў гэткіх жа ўмовах трымаюць тысячы арыштантаў ва ўсіх раённых турмах Беларусі. Большасьць арыштантаў, паводле актывіста, не паважаюць сучасную ўладу, а п’юць ад безвыходнасьці.
Вячаслава Сіўчыка сябры адвезьлі ў дом вядомага грамадзкага дзеяча Анатоля Белага, які жыве на ўскрайку раённага цэнтру. Там былы вязень змог памыцца, падсілкавацца і абмеркаваць далейшы лёс крыжа ў памяць пра ахвяр вёскі Дражна. Анатоль Белы мяркуе, што гэтую памяць трэба абавязкова захаваць. А чаму гэтага ня робяць улады?
“Бо ўлады ня хочуць, каб людзі ведалі пра больш жорсткія, праўдзівыя падзеі, якія адбываліся падчас вайны”.
Зараз рэшткі крыжа знаходзяцца ў мясцовых жыхароў.