Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лік беларускіх журналістаў за кратамі вырас да 45. БАЖ заклікала «спыніць паляваньне на ведзьмаў»


Сымболіка БАЖ
Сымболіка БАЖ

Толькі на мінулым тыдні кінулі за краты мэдыяспэцыялістаў яшчэ двух рэгіянальных выданьняў.

Сытуацыя са свабодай выказваньня меркаваньня і незалежнымі СМІ ў Беларусі застаецца адной з найгоршых у сьвеце, адзначае Рада БАЖ.

У «Індэксе свабоды прэсы 2024» Беларусь займае 167‑е месца са 180. У параўнаньні з папярэднім «Індэксам» Беларусь апусьцілася яшчэ на 10 пазыцый.

А згодна зь нядаўнім дасьледаваньнем «Рэпартэраў бязь межаў», Беларусь на чацьвёртым месцы ў сьвеце па колькасьці журналістаў за кратамі.

Паводле падлікаў БАЖ, сёньня за кратамі ня меней за 45 журналістаў. Каб перашкаджаць дзейнасьці незалежных мэдыя, улады актыўна ўжываюць заканадаўства аб супрацьдзеяньні экстрэмізму. Большасьць незалежных СМІ і мэдыяарганізацый, у тым ліку БАЖ, прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваньнямі.

«Нягледзячы на масавыя блякаваньні сайтаў, „экстрэмісцкі“ статус і рэлякацыю, абсалютная большасьць незалежных беларускіх СМІ працягвае сваю працу на высокім прафэсійным і тэхналягічным узроўні. Яны забясьпечваюць грамадзян Беларусі незалежнай, аб’ектыўнай і рознабаковай інфармацыяй і супрацьстаяць дзяржаўнай прапагандзе і дэзынфармацыі з боку Расеі», — адзначае БАЖ у заяве.

Беларуская асацыяцыя журналістаў заклікала журналістаў і мэдыясупольнасьць трымацца разам; працягваць сваю дзейнасьць дзеля выкананьня місіі: дапамагаць грамадзянам рабіць сьвядомы выбар на аснове поўнай і праўдзівай інфармацыі; прытрымлівацца прафэсійных стандартаў і правілаў журналісцкай этыкі; аднавіць сыстэму самарэгуляваньня беларускіх мэдыя.

Беларускія ўлады БАЖ заклікаў спыніць «паляваньне на ведзьмаў» і ўжываньне «экстрэмісцкага» заканадаўства для падаўленьня іншадумства;
вызваліць журналістаў-палітвязьняў і усіх палітзьняволеных; аднавіць беларускасьць у беларускай дзяржаве, ня даць яе паглынуць пад выглядам інтэграцыйных працэсаў.


Заява Рады БАЖ зьвязаная з падзеямі мінулага тыдня. Тады, у прыватнасьці, стала вядома пра новыя затрыманьні журналістаў. У Баранавічах на пачатку сьнежня прайшлі масавыя затрыманьні ў справе закрытай газэты Intex-Press. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, затрымалі сем чалавек.

Раней аднаго з журналістаў гэтага баранавіцкага незалежнага выданьня пасадзілі ў турму за фатаздымкі расейскай вайсковай тэхнікі, а сама газэта вымушана закрылася празь ціск сілавікоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG