Учора пытаньне было пастаўленае на парадак дня з ініцыятывы посткамуністычных краін. Улічваючы розныя падыходы да ацэнкі камунізму, Эўрапарлямэнт ня здолеў прыняць агульнай дэклярацыі.
У часе абмеркаваньня адны члены Эўрапарлямэнту настойвалі, што ацэнка камунізму, хаця б у яго сталінскім праяўленьні, з злачынствамі супраць чалавечнасьці, запатрабуе доўгатэрміновага працэсу дзеля гістарычнай справядлівасьці, іншыя разглядаюць пытаньне перагляду гісторыі як папулісцкую мэту.
Ці можна камунізм параўнаць з нацызмам? Ці памяць аб камунізьме заслугоўвае такой жа адназначнай ацэнкі, як і нацызм? І ці павінныя сучасныя прыхільнікі камунізму быць адрынутыя Эўрапейскім палітычным рухам як тыя, хто былі прыхільныя нацызму? І гэтыя пытаньні – акурат для тых эўрапейцаў, якія нявызначаныя паміж так званай "старой Эўропай" і новымі сябрамі Эўразьвязу.
Бальшыня з "старых" чальцоў ня бачаць неабходнасьці гістарычнага перагляду. Маўляў, Савецкі Саюз уваходзіў у альянс дзеля зьнішчэньня нацысцкай Нямеччыны, камуністычныя партыі існуюць дагэтуль. Дзяржавы, што нядаўна далучыліся да аб'яднанай Эўропы, лічаць важным для яднаньня пытаньне, што за камуністычным часам былі зьнішчаныя і зьнявечаныя мільёны жыцьцяў, здушаныя ўсе свабоды, іх краіны – краіны, што ўваходзілі ў блёк, кантраляваны Саветамі, – былі за жалезнай заслонай паўстагодзьдзя.
Сярод аргумэнтаў была і цытата цяперашняга "нацыянальнага лідэра Расеі" Ўладзіміра Пуціна, які назваў распад Савецкага Саюзу "галоўнай палітычнай катастрофай 20-га стагодзьдзя".
Тыя, хто асуджае камунізм у злачынствах супраць чалавечнасьці, апынуліся ў эпіцэнтры ўвагі дыскусіі. Супраць выступіў Ян Марыя Віерсма, дацкі сацыяліст і вядучая фігура сацыялістычнай групы ў Эўрапарлямэнце. У свой час быў кіраўніком рабочай групы Эўрапарлямэнту па Беларусі. Ён назваў настойлівасьць апанэнтаў "часткай палітычнай інтэрпрэтацыі гісторыі":
Віерсма: "Гэта так часта, калі розныя падыходы могуць выклікаць розныя погляды, розныя шляхі разуменьня рэчаў, і часам ксэнафобію і нацыяналізм. Гэта надзвычай небясьпечна для Эўропы, якая характарызуецца шматграннасьцью, якая ўключае этнічную шматграннасьць. Няма простых адказаў на складаныя гістарычныя пытаньні. Давайце ня не пераацэньваць гэтага, бо вельмі часта людзі маюць папулісцкую інтэрпрэтацыю гісторыі".
Віцэ-прэзыдэнт Эўракамісіі Жак Баро заўважыў, што кожная канкрэтная краіна павінна сама прапанаваць шлях вырашэньня пытаньня. "Эўразьвяз ня мае дастаткова кампэтэнцыі для дзейнасьці ў гэтай сфэры".
У часе панядзелкавых дэбатаў дэпутаты з Польшчы, Літвы, Чэскай Рэспублікі, Эстоніі ды іншых краін настойліва і эмацыйна гаварылі аб камуністычным мінулым іх краін. Яны настойвалі на тым, што масавы перасьлед і катаваньні апазыцыянэраў, дэпартацыі грамадзян з іх зямлі – гэта павінна быць прызнана праблемай агульнаэўрапейскай гісторыі.
Эстонскі дэпутат Тунэ Келам, дэпутат ад кансэрватараў, заклікаў да "маральнай і палітычнай ацэнкі" спадчыны камуністычных рэжымаў, гэтаксама як і да ацэнкі нацызму:
"Я крыху расчараваны заявай Эўракамісіі, што ацэнка камуністычнага таталітарызму – гэта ўнутранае пытаньне канкрэтнай краіны. Я баюся, што будуць паглыбляцца двайныя стандарты, таму што фашызм і нацызм не разглядаюцца ў якасьці ўнутранай справы кожнай краіны – сябры Эўразьвязу. Кожная праява нэанацызму ці расізму разглядаецца як прамая пагроза агульным каштоўнасьцям Эўропы".
Паводле Келама, з пазыцыі Эўракамісіі выцякае, што камунізм не нясе пагрозы Эўропе, і таму "ахвяры камунізму разглядаюцца як ахвяры "другой ці трэцяй катэгорыі".