Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае грамадзтва мала дапамагала эўрадэпутатам


ТЭМА ДНЯ: ШЭНГЕНСКІЯ ВІЗЫ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ. Эўрадэпутаты ня хочуць падпісвацца пад дэклярацыяй аб памяншэньні коштаў візаў для грамадзян Беларусі.


Адна з ініцыятараў дэклярацыі Эўрапарлямэнту пра зьмяншэньне кошту шэнгенскіх візаў для беларусаў Генавэфа Грабоўска з Польшчы зазначае, што іхнай ініцыятыве мала спрыялі як беларускія ўлады, так і няўрадавыя арганізацыі.

Асноўнай прычынай таго, што акцыя атрымала невялікі посьпех, дэпутатка Эўрапарлямэнту Генавэфа Грабоўска назвала малую зацікаўленасьць дэпутатаў з правых фракцыяў, якія палічылі гэтую ініцыятыву выключна палітычнай. Спадарыня Грабоўска лічыць гэта іхнай памылкай. Таксама яна адзначыла, што ёй з калегамі неставала і належнай падтрымкі зь Беларусі:

“Прызнаюся, што мы ня мелі падтрымкі ад беларускіх няўрадавых арганізацыяў, надта быў слабы іхны націск, які дапамог бы тут лепшае рашэньне ўхваліць”.

Не падтрымалі ініцыятыву эўрадэпутатаў і ўлады Беларусі, прызнала спадарыня Грабоўска. Але яна перакананая, што справа гэтым ня скончыцца:

“Мы накіроўваем запыт у Эўракамісію, каб яна падрыхтавала сыстэму, якая дазволіла б нам знайсьці іншыя падыходы — у прыватнасьці, стварэньне нейкага фонду, які дапамагаў бы беларускаму грамадзтву”.

Новая ініцыятыва будзе накіраваная ў Эўракамісію цягам тыдня, сказала спадарыня Грабоўска.

Правал ініцыятывы дэпутатаў Эўрапарлямэнту: камэнтар Альдзіса Кушкіса


Латвійскі дэпутат Эўрапарлямэнту Альдзіс Кушкіс з групы Эўрапейскай народнай партыі падпісаўся пад дэклярацыяй аб памяншэньні кошту шэнгенскіх візаў для беларусаў адным зь першых.
Спадар Кушкіс настроены аптымістычна адносна магчымасьці перагляду высокіх коштаў на шэнгенскія візы для беларусаў:
“Эўропа павінна быць зацікаўленай, каб як найбольш грамадзян Беларусі хацелі і маглі выехаць у Эўропу. І гэта ніяк не зьвязана з тым, якія кошты Беларусь трымае на свае візы для эўрапейцаў”.
На думку спадара Кушкіса, яшчэ ёсьць нейкі час для збору подпісаў сярод дэпутатаў Эўрапарлямэнту, але нічога страшнага не адбудзецца, калі гэтым разам ініцыятыву рэалізаваць ня ўдасца:
“Яшчэ ня ўсё страчана, гэта не апошняя бітва”.

МЕРКАВАНЬНІ ЛЮДЗЕЙ НА ВУЛІЦАХ ГОМЕЛЯ

“Як адаб’ецца падаражэньне візаў на вашых паездках за мяжу?”

Спадар: “Для мяне ніяк не адбілася. Я так званы “невыязны”. У мяне няма ніякіх рэгістрацыяў. Але, на маю думку, гэта вельмі дрэнна. Людзі будуць менш езьдзіць у замежныя краіны і размаўляць зь іншымі людзьмі. Яны ня будуць ведаць, што там робіцца”.

Спадарыня: “Хто пастаянна езьдзіць, для таго кепска. А калі раз на два-тры гады, то гэта не такая вялікая сума”.

Спадар: “Я звычайна ежджу за мяжу па запрашэньнях, і мне пасьля выплочваюць кампэнсацыю”. ДАЛЕЙ АДКАЗЫ ГЛЯДЗІ ТУТ

КАМЭНТАР СЯРГЕЯ ГАЙДУКЕВІЧА

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Гайдукевіч заявіў, што меў “прамыя кантакты”, каб спрасьціць візавы рэжым з Эўразьвязам. Паводле дэпутата Гайдукевіча, беларускі бок зрабіў усё магчымае і накіраваў свае прапановы.
“Але сытуацыя пакуль не разрульваецца. Беларускі бок просіць, а эўрапейскі — слухае. Пакуль вось такая сытуацыя. Стасункі з ЭЗ у нас такія, якія яны ёсьць. Зыходзячы з гэтых стасункаў, якія ў нас склаліся, гэтак жа сама складаецца і пытаньне пра візы. Трагічнага я нічога ня бачу. Хацелася б, каб для беларускіх грамадзянаў і найперш студэнтаў, для якіх візы дарагія, гэтае пытаньне выправілася. Я думаю, бліжэйшым часам яно будзе ўладжана”.

МЗС БЕЛАРУСІ АДМОЎЧВАЕЦЦА


У МЗС камэнтаваць гэтую сытуацыю не пажадалі.

“Якія матывы прыводзяць эўрадэпутаты — гэта іх справы. Мне няма чаго дадаць да таго, што мы казалі раней. Усё, што мы казалі раней, усе нашы прапановы застаюцца ў сіле”, — сказаў прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў.
У лютым прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Папоў заявіў, што ініцыятыва групы дэпутатаў-сацыялістаў Эўрапарлямэнту адносна зьніжэньня кошту шэнгенскіх візаў для грамадзянаў Беларусі — гэта “крок у правільным кірунку”.
Паводле ягоных тагачасных словаў, “нават эўрапейскія палітыкі, якіх нельга западозрыць у занадта ляяльным стаўленьні да афіцыйнага Менску, добра разумеюць, што візавы рэжым у Эўропе не павінен перашкаджаць разьвіцьцю міжчалавечых кантактаў і эканамічных сувязяў”.

КАМЭНТАР ВІТАЎТАСА ЛАНДСБЕРГІСА

Зьніжэньне кошту шэнгенскіх візаў для беларусаў магло б успрыняцца як ухваленьне ўраду Беларусі, які падвысіў кошт сваіх візаў для грамадзян Эўразьвязу.

Такую думку выказаў “Свабодзе” дэпутат Эўрапарлямэнту з групы Эўрапейскай народнай партыі Вітаўтас Ландcбергіс. Пры гэтым ён ня змог згадаць, ці падпісваў ён сам дэклярацыю аб неабходнасьці памяншэньня кошту віз для беларусаў, якую распрацавалі дэпутаты-сацыялісты. Тым ня меней да самой іх ініцыятывы ён паставіўся скептычна:

“Гэтая зьява крыху з галіны піяру, тым больш у кантэксьце таго, што Лукашэнка вельмі падвысіў кошт візаў у Беларусь. Фактычна ён не зацікаўлены ў гэтым і робіць учынкі, што зьяўляюцца выклікам... На першы погляд: чаму б не, давайце, канешне, зьнізім, але гэта ня будзе зроблена. Сацыялісты хацелі сябе добра паказаць, ведаючы, што з гэтага нічога ня будзе”.

На думку спадара Ландcбергіса, нават калі былі б сабраныя неабходныя подпісы для дэклярацыі Эўрапарлямэнту, рашэньне будуць прымаць іншыя органы Эўразьвязу.

Зь іншага боку, спадар Ландcбергіс зазначыў, што Беларусь застаецца ў цэнтры ўвагі Эўрапарлямэнту.

ШЭНГЕНСКІЯ ВІЗЫ ДЛЯ БЕЛАРУСАЎ НЕ ПАТАНЬНЕЮЦЬ?


Адзін з ініцыятараў збору подпісаў, эўрапейскі дэпутат Юстас Палецкіс зь Літвы заявіў у інтэрвію Радыё Свабода, што ўжо няма шанцаў сабраць неабходную колькасьць подпісаў:

“Я думаю, што гэтыя падзеі, якія адбыліся ў Менску ў сувязі са сьвяткаваньнем 90-годзьдзя незалежнасьці Беларусі, і пэўныя захады ўладаў паўплывалі на некаторых парлямэнтароў, і яны ня хочуць ставіць подпісы. Ясна, што палову подпісаў ня ўдасца сабраць”.

Падпісаліся пакуль толькі 150 дэпутатаў, а трэба ня меней за 393. Праз тыдзень у Страсбуры цягам чатырох дзён пад час сесіі можна было б сабраць яшчэ колькі подпісаў. Аднак спадар Палецкіс глядзіць на гэта пэсымістычна:

“Думалі разгарнуць такую вельмі вялікую кампанію і ў апошні тыдзень сабраць 100—150 подпісаў.Але адчуваецца, што гэтага ня будзе дастаткова, і, відаць, мы гэтага ня будзем рабіць”.

Ініцыявалі збор подпісаў трое эўрадэпутатаў ад сацыял-дэмакратычнай фракцыі. Як мяркуе спадар Палецкіс, памылка была і ў тым, што сярод ініцыятараў гэтай акцыі не было сяброў іншых фракцый. Аднак, паводле спадара Палецкіса, гэта часовая няўдача. Бо ўсё ж удалося прыцягнуць да візавага пытаньня ўвагу парлямэнту і асабліва дэлегацыі па стасунках зь Беларусьсю.

Паводле спадара Палецкіса, кіраўнік дэлегацыі па стасунках зь Беларусьсю Яцэк Пратасэвіч пабываў у Вільні, Рызе і Варшаве, дзе правёў перамовы зь міністрамі ўнутраных і замежных справаў. Гаворка ішла пра тое, як агульнымі намаганьнямі, выкарыстоўваючы рычагі Эўрапарлямэнту, паменшыць кошты візаў для беларускіх грамадзянаў для паездак у краіны Шэнгену і асабліва ў суседнія краіны:

“Я не сумняюся, што бліжэйшым часам у Эўрапарлямэнце зьявіцца новы дакумэнт у выглядзе дэклярацыі ці рэзалюцыі, і гэтая кампанія будзе працягнута. Але зноў жа, трэба будзе дасягнуць згоды паміж усімі 27 краінамі Эўразьвязу, каб падтрымаць такую ініцыятыву Эўрапарлямэнту”.

Нагадаем, на пачатку году сябры сацыял-дэмакратычнай фракцыі Эўрапарлямэнту Юстас Палецкіс зь Літвы, Генавэфа Грабоўска з Польшчы і Ханэс Свобада з Аўстрыі пачалі зьбіраць подпісы за тое, каб паменшыць кошт візаў для беларусаў. Для таго, каб дэклярацыя сталася пачаткам дыскусіі ў Эўрапарлямэнце, неабходна было сабраць ня меней за 393 подпісы дэпутатаў Эўрапарлямэнту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG