Беларускі пераклад гэтага твору, паводле інфармацыі швэдзкіх праваўладальнікаў “Saltkrakan”, стаў 64-м перакладам на замежную мову.
Кніга выйшла з арыгінальнымі ілюстрацыямі дацкай мастачкі Інгрыд Ванг Нюман, з той жа вокладкай і вельмі блізкім да швэдзкага выданьня дызайнам.
Усясьветна вядомы твор швэдзкай пісьменьніцы пераклаў на беларускую мову Зьміцер Плакс. Рэдактар кнігі — Юрась Бушлякоў. Дызайн і макет кнігі, якая праілюстраваная клясычнымі малюнкамі дацкай мастачкі Інгрыд Ванг Нюман, падрыхтаваў Генадзь Мацур. Кніга выйшла ў выдавецтве Зьмітра Коласа. Каардынатарка праекту – Аляксандра Макавік.
На прэзэнтацыі першага беларускага выданьня “Піпі Доўгайпанчохі” прысутнічала дачка Астрыд Ліндгрэн Карын Нюман, а таксама вядомая швэдзкая літаратуразнаўца і пісьменьніца Ула Лундквіст.
Кіраўнік аддзяленьня амбасады Стэфан Эрыксан паведаміў “Свабодзе”:
“Мы ўсе вырасьлі на кнігах Астрыд Ліндгрэн, і на фільмах таксама. Усьлед за Астрыд Ліндгрэн прыйшла хваля дзіцячых пісьменьнікаў. Швэцыя вельмі моцная менавіта ў гэтым”.
Ён казаў перад прысутнымі:
“Я люблю ўсе мовы. Люблю маю родную швэдзкую, ангельскую, люблю рускую таксама. Я ўжо два з паловай гады працую тут і займаюся беларускай мовай. Нядаўна я браў удзел у такой акцыі падтрымкі беларускай мовы, як першая агульнанацыянальная дыктоўка. Я, канешне, з памылкамі там напісаў, я палічыў – было шмат... Гэта тэкст Францішка Багушэвіча. Там ёсьць такая фраза, яна мне вельмі падабаецца: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі”.
Перакладчык Зьміцер Плакс:
“Было, вядома, цікава і вельмі цяжка, бо вельмі цяжка перакладаць дзіцячыя творы. Асабліва творы, пра якія чытач ужо мае пэўнае ўяўленьне. Яны ведаюць, як Піпі павінна размаўляць, як яе трэба называць, якім тонам павінна гучаць уся кніжка і г.д.. Ну, вядома, былі цяжкасьці й прафэсійныя”.
Каардынатарка праекту Аляксандра Макавік на пытаньне, які твор стане наступным, адказала, што гэта залежыць ад чытачоў, ад таго, наколькі хутка яны будуць набываць кнігі на беларускай мове.
“Напэўна, гэтая кніжка пачалася для мяне зь летніх вакацыяў. Мне было гадоў восем. Я яе прачытала адразу некалькі разоў запар. Вывучыла дэталёва ўсе карцінкі і сур’ёзна падумвала, каб не вяртаць яе ў бібліятэку. Але ведаю, што тут ёсьць бібліятэкары, таму я скажу, што сумленна яе ўсё ж такі вярнула. Таму што справядлівасьць перш за ўсё, як кажа сама Піпі Доўгаяпанчоха, бо нехта іншы таксама хоча яе пачытаць.
Тады гэта была руская кніжка. Цяпер гэта пераклад на беларускую мову. Ужо 64-ы на замежную мову, наколькі мне вядома. Яна вельмі падобная на швэдзкую. Прынамсі, яна з тымі ж самымі малюнкамі, якія я вывучала ў дзяцінстве. Гэта ілюстрацыі датчанкі Інгрыд Ванг Нюман”.
Дачка Астрыд Ліндгрэн Карын Нюман для прысутных прачытала пачатак твору. Зьміцер Плакс прачытаў пераклад:
“На ўскрайку маленькага-маленькага гарадка раскінуўся векавы зарослы сад. У садзе стаяў стары дом, а ў доме жыла Піпі Доўгаяпанчоха. Ёй было дзевяць гадоў, і жыла яна зусім адна...”