***
На душы —
бел-чырвона-бела,
A на вуліцы —
чырваней
і бялей;
Дзевяноста год
над Рэспублікай
праляцела,
А яна
маладзей
і смялей
Пачувае сябе на планеце,
Аб сабе заяўляе
ў Сусвеце.
***
А было:
нам ламалі крылы
Паасобку
і разам
захад
і ўсход,
Нас хацелі трымаць за быдла
I вытоптвалі нас
як род.
Паняверкаю нас апраменьвалі,
Прысабечвалі рух наш
і дых;
Нас і вешалі,
і расстрэльвалі...
I магіл вынішчалі
сляды.
А было:
нашу мову бэсцілі,
Немaтой напаўнялі нам рот
I шаноўныя
розныя бестыі,
I лядачы
падножна-маральны
смурод.
Былі мы
і прыніжаны,
і апушчаны
I чужымі,
й сваймі
адкідамі;
О, як яны Беларусь,
бы арэхі,
лушчылі
І на нас
шалупінне кідалі.
“Баганосцы”
і “богаабранцы”
Заганялі нас ў цёмны кут...
А сягоння
гэтых паскуднікаў
і засранцаў,
Каб і жадаў,
дык не знойдзеш тут.
3 нас рабілі
тупіц,
губашлёпаў,
Толькі й здольных,
што на іх працаваць;
Ну а тых,
хто хоць штось расшалопваў,
Карнік жорстка вучыў
маўчаць.
Паміж багадзельнямі
й моргамі
Кіраваўся
спрацаванага люду
след,
I глядзеў у зямлю ён,
і вочкамі моргаў...
Сёння адкрыта
і смела
глядзяць тут ў Сусвет.
***
Наравістыя тыпы,
горкія п'яніцы
3 чужанцоў
у нябыт
адсюль адыйшлі —
I ўсе пусткі,
нібы веснавыя раніцы,
Найпрыгожшымі кветкамі
тут расцвілі.
***
Праз стагоддзі
мы паслугоўвалі,
Штурмавалі для іншых
вяршыні...
Часам нас
падкоўвалі-адукоўвалі,
Каб цягалі
навукі вазы мы
чужыя.
Былі звергнуты мы
у бясчассе,
А яно —
прамакачка нібы,
Гістарычнае
наша славутае шчасце
На няшчасце хацела змяніць
і пра нас забыць.
I хто існаваў
і зрэб'ем,
і шчаўем,
I хто думаў пра пайку
і ўдзень,
і ўначы,
Яны прапаноўвалі сябе
самадзяржаўю,
Як здрадная магнатэрыя,
ў паслугачы.
***
I было ў тым большасці
шчасце,
Што не разумелі таго,
Як пілі нагбом
бясчассe,
А глытка вечнасці —
ні аднаго.
I ці не ад болю душэўнага,
вострага,
Што спараджаў
паўсядзённы падман,
Ператваралі Радзіму
у востраў,
Які абмываў
гарэлачны акіян?!.
У мінулым
чужыя цэрквы,
касцёлы
Далучалі да Бога
нібы —
I на бутэльках,
як на кацёлках,
Справаджалі
Бацькаўшчыну
ў нябыт.
***
Суседзьмі,
здрадай уласнай
абмераныя,
Пад родным небам
абеззямеленыя
I абязнебленыя
на роднай сваёй зямлі —
Так вось калісьці
ў Айчыне сваёй жылі.
Наш лёс — то лёс Праметэя
у эры новай,
Праўда,
у нас два арлы былі:
Аднагаловы
і
двухгаловы —
Яны нас дзяўблі
па ўсёй нашай зямлі.
***
Ад мірных ўсялякіх паскудстваў
і войнаў
Чалавецтва
званітавала, —
I на нашай зямлі
паняволенай
Новая наша дзяржава
паўстала.
Цені продкаў
і папярэднікаў
Нам заўсёды былі
падмогай;
Ці з чужыны,
ці з-пад шыбеніцы
непасрэдна
Нас яны кіравалі
у вечнасць —
да Свабоды
і Бога.
Нас калісь цераз уніі
"ратавалі" —
і дратавалі,
I ўсё гэта вяло
да агоніі,
смерці;
Падняла ж нас
у тым завале
Устауная
Грамата
Трэцяя.
***
Было:
у шкурніцтве,
здрадзе
Айчыне сваёй
Калісь тут высільваліся
і злева,
і справа;
З'явы сёння няма такой;
Сёння большасць
прыносіць Радзіме
Славу.
***
Мы былі тэрыторыяй —
кавалкам спакуслівым
Для ашчэраных пашчаў
суседзяў-“братоў”;
Ды усё памянялася —
з намі
мірнымі вуснамі
Яны гаварыць прывучыліся
за дзевяноста гэтых гадоў.
Мы даўно —
не прыдатак Польшчы
I не Паўночна-Заходні край...
Ажылі
нашы светлыя прошчы,
Мы —
зеніт,
а не небакрай.
Не прыстройка мы,
не падсобка,
Не падворак,
не хлеў акупанта,
Не шкатулка
i не каробка
Алігарха —
нашчадка
крамніка,
памешчыка,
фабрыканта.
Радзіма была для нас
колісь
катух,
Дзе беларус
ад нэндзы марнеў і пух;
Мы целам паздаравелі,
мацнее наш дух,
Надзейна ў сусветны
мы ўключаны рух.
На глобусе месца хапае
усім,
Але без нас глобус —
не глобус зусім.
***
Мы маршы чужацкія
з душаў атрэслі,
Адпрэчылі іх
з старажытнейшай нашай зямлі,
I сёння
свабодна гучаць нашы песні;
Мы з імі таксама
на свята прыйшлі.
***
Сёння нашы вёскі і гарады,
Як касцёл святой Ганны
ў часы Максіма,
Тнуць угору,
у неба —
туды...
3 Сусветам яны —
пабрацімы.
А Наваградак,
Бярэсце,
Бабруйск
і іншыя гарады
Веліччу й прыгажосцю,
вернутымі ў Свабоды гады,
Пераклікаюцца між сабою,
Ад турыстаў
не маюць адбою.
***
Мастакі,
літаратары,
творцы
Іншых духоўных дзялянак жыцця —
Светлай вечнасці нашай
дазорцы
Сёння працуюць
без енкаў
i без выцця.
Куды
і калі
і якія хеўры
Разрабавалі нашы шэдэўры,
Праз копіі
сведчыць усім, бы пракуратура,
Музей "У чужыне твая культура".
***
Калі гаварыць
пра карысныя выкапні, —
Не так іх і мала
у нашай зямлі,
А будзе шчэ больш
на зямлі,
калі выканаць
Волю нябёс,
бо заусёды яны
Патрабуюць памкнення светлага
І, вядома,
розуму запаветнага.
***
Мы землі чужыя
ішлі услаўляць
Думкамі,
словамі,
справамі;
Сёння ж
лёсы свае
з Беларуссю звязаць
Едуць да нас
і злева,
і справа.
Было:
ў нас імкнуліся
з вёскі ў горад,
А потым —
з Радзімы
далей —
у замежжа,
А там,
хоць прызнацца у гэтым горка,
Часта гублялі
душы адзежу.
Сёння не ведае наша зямля,
Што такое
бадзягі,
уцекачы,
сцягачы,
Перакінчыкі,
вырачэнцы,
чужынцу паслугачы...
Сёння кожны у нас патрыёт:
і старэйшы,
і немаўля.
***
Даўней:
нашы навіны —
нібы з дамавіны,
А сёння навіны —
у вечнасць ўрастаць,
На мінулае не забываць
Любімая БНР павінна.
Даўней:
справа твая —
цялячая:
Пад'еў (калі пад'еў) —
ды ў хлеў;
Справы і стравы —
з'явы нібыта інакшыя,
Ды добра,
калі іх нітуе
свабоднай душы павеў.
***
Мова!
Родная наша мова
Заняла сваё месца
і ў храмах,
А нядаўна,
сардэчна-духоўная,
Яна мела стасунак
толькі для “хама”.
Ад сям'і,
садочка,
школы
і ВНУ
Ва ўсе ўстанаўленні
і установы
Не перастане ніколі імкнуць,
Бы энергія,
беларуская наша мова.
***
Калісь наш гадзіннік
пазніўся заўсёды
I паказваў
мінулы,
не наш
і не лепшы час;
Сёння ж стрэлкі,
скіраваныя на Свабоду,
Дэманструюць
вечнасць для нас.
***
За дзевяноста
мінулых
свабодных год
Ператварыўся ў дзяржаву
знявечаны кут,
А з кульбай
і торбай
прыгнечаны люд
Пераўвасобіўся
ў вольны,
былы еўрапейскі народ.
***
А з каханнем як,
як з любоўю
У любімай нашай
у БНР?!.
Ўсё — па-людску,
прыстойна,
на ўзроўні...
Нас,
свабодных,
за трыццаць мільёнаў
цяпер.
Нас не менш,
чым украінцаў,
Чым французаў,
іспанцаў,
ці англічан;
Як яны,
мы трымаемся прынцыпу,
Каб не ўзняўся над намі
дыктатар-тыран.
А як пажываюць
нашы пенсіянеры?!.
Выдатна!
Ёсць у іх грошы
і вольны час;
Дома кайфуюць,
едуць ў замежжы
ў да новыя эры,
А хутка
выправяцца ў падарож
на Марс.
Ну а як маладыя нашы
Сваё ладзяць
жыццё-быццё?!.
Для іх Бацькаўшчына,
як для некага, —
не параша
I не йдуць яны
праз біццё,
праз піццё
ў небыццё.
***
Нашы душы не дзеляць
ні плот,
ні парог;
Свята еднасці
й сёння святкуем,
Да драбніцы
адзін аднаго
мы чуем,
I як вынік —
нас чуе пан Бог.
I адгароджвацца ад свету
не трэба,
Наадварот,
мацнее хай лучва-спаемства
з ім;
Але не быць для яго нам
ні прыбудовай
і ні прычэпам,
На самастойнасці
цвёрда і
стоадсоткава
мы стаім.
"Я за дружбу
паміж народамі,
Супраць я
розных "гаў" і "кусь", —
Заяўляе свету
суверэннаму
і свабоднаму
БНР —
беларуская Беларусь.
***
БНР са сваім народам
На шляху вызвалення
узорам стала;
Колькі год ужо
радыё "Свабода"
Пачынае адсюль
свае хвалі
стала.
***
У асноўным у норме наша жыццё:
Як за ідыліяй,
так і за разбэшчанасцю
не гонімся;
Даўно мы забыліся
на енк і выццё,
А радасці слёз
не саромімся.
Радуе тое,
што на свету мапе
Мы —
высакарослых
высакародных
здаровых людзей,
Што ўжо не цягаем каштаны,
бы малпы,
3 агню для прайдзісветаў
і ліхадзеяў.
Жывое жыццё па сумленным сцэнарыі
Адпаведна прыродзе
у нас ідзе,
Таму БНР —
не карупцыянарый,
Тут шалу з-за грошай
няма ў грамадзе.
Не пануе даўно ў Беларусі
Прынцып:
хто хлусіць,
той вып'е й закусіць;
А лайдацтва
і абібоцтва —
То варожага
вынік у нас суроцтва.
У нас не працуе закон
арды:
Меней зрабіць,
а паболей урваць;
Практыка гэта вядзе —
ў нікуды,
А з нікуды
амаль немагчыма паўстаць
У кожнага часу
свой брэнд-атрыбут,
У кожнай прасторы —
віза,
Двухногіх падлізнікаў
сёння не знойдзеш тут
I блюдаў не знойдзеш такіх,
каб іх хтось вылізваў.
***
I іншыя ў нас паказчыкі
Цяпер у лінгва-душэўным
плане,
Замест вокрыкаў розных указчыкаў
Чутно:
"Калі ласка!",
"Прабачце!",
"Дзякуй, васпане!".
У Свабодзе i Бозе сваяцтва
У душы абуджае вечнасць;
Лад даўнейшы жыцця —
паслугацтва —
Сёння згадваецца
як недарэчнасць.
***
Тут рукі нікому ніхто
не выкручвае,
Нічый не прызначан
тут рот пад кляп,
Тут СМІ атмасферу,
як дзесь,
не атручваюць,
Тут ўлада народа,
а не кракадзілаў
і жаб.
Ні сабе,
ні іншым не хлусім
Ад уласнай нікчэмнасці
і бяды;
Мы самі сябе прымусілі
Шукаць у будучыню сляды.
Даўней,
як былі акупіраваны,
Картамі
вольны час свой
купіравалі;
Сёння іншая ў нас
гульня-патрэба:
Углядаемся пільна
у мапу зорнага неба.
***
А ці ёсць штось адмоўнае
ў нашым жыцці?
Канечне.
Нямала.
I мы гэта ведаем самі.
I наша задача:
не зафарбаваць,
а саскрабсці
Брыдоты,
якія збiралі
вякамі.
Плынь у жыцця —
глыбакаводная,
Ёсць заўжды небяспека —
трапіць у зман;
Так,
сягоння мы вельмі свабодныя,
Але ці свабодны мы
ад заган?!.
Прадуктыўны нацыянальна-вызвольныя рухі,
Калі маюць працяг яны
у духоўных зрухах.
Вядома,
цэны растуць і ў нас
(хочаш - не хочаш, хоць трэсні),
Але яны ў некалькі раз
Не большыя,
чымся дабаўкі
да заробкаў і пенсій.
Можа,
словы мае
надта пафасныя,
Мо адкінуць бы ім
з паўсотню гадоў.
Ды не варта,
шчэ болей якасна
Родны край
жыць заўжды гатоў.
***
Кожны раз над Нёмнам
ўздрыганецца сонца,
Мо, відаць,
з намерам
крышку затрымацца...
Па-за Бацькаўшчынай
у мяне
бяссонніца,
Трэба мне заўжды
хутчэй дамоў вяртацца.
***
А сцягі,
што сёння над намі лунаюць,
Мінулае не забываюць —
Герояў Айчыны
дабром памінаюць
І нас з табою
на будучае натхняюць.
І ліе сонца-фабрыка промні
У душы нашы,
на збажыну;
Што было з намі,
трэба помніць,
Каб той сон благі
не вярнуць.
***
Кроў пульсуе
у рытме "Пагоні":
Сёння свята са свят —
дзевяноста Рэспубліцы год;
Непадзельнасць нашых
нябёсау і гоняў
Гарантуе з'яднаны ў свабодзе
народ.
***
Тут за кожным
бел-чырвона-белым
бантам
Палымянага патрыёта сэрца гарыць...
Гэта значыць,
што логвішчам акупантам
Нашай Бацькаўшчыне
ніколі не быць.
Без душэўнай натугі,
без цялеснай патугі,
Без падцягвання кішак,
без зацяжкі папругі
Мы святкуем сягоння вялікую дату —
Мы:
дзядулі,
бабулі,
мамы
і таты,
I дзіцячыя сэрцы і вачаняты.
***
Сэрцам мы чуем
і бачым вачыма
(кожны мужчына
і кожна жанчына):
Наша дзяржава —
то наша Айчына,
Наша Радзіма з дзяржавай — неразлучыма!
Слава і гонар
нашым
землевяртальнікам —
Выкрывальнікам
рознабаковых прайдох;
Дзякуй мужным
этнавыратавальнікам:
Мы пры дарозе —
ні боб,
ні гарох;
Мы самі — дарога,
А гэта —
многа!
***
Зямное жыццё
сваё прызначэнне
мае:
Цераз Радзіму
злучыцца
з Богам;
Хто паспяховы у гэтым,
той памірае
Без залішніх
страхаў,
жальбы
і трывогі.