Гэтымі днямі мы даем у эфір урыўкі з успамінаў удзельнікаў маніфэстацыі пратэсту.
Ларыса Пятрова працавала дацэнтам катэдры эканомікі ў інстытуце прадпрымальніцкай дзейнасьці. 19 сакавіка 2006 году ёй споўнілася 70 гадоў. Сваім студэнтам Пятрова казала, што станоўча паставіцца да таго, калі яны будуць не на занятках, а на плошчы. Калі адміністрацыя ўнівэрсытэта даведалася, што яна носіць на плошчу каву і харчы, ёй зрабілі вымову. Ларыса Пятрова патлумачыла, што, на жаль, гэта адзінае, што яна можа цяпер зрабіць для ўдзельнікаў акцыі. Цяпер яе няма на сьвеце. Але застаўся яе голас з успамінам пра плошчу.
“Я, калі пачула, што на плошчы паставілі намёты, то вырашыла, што бедныя дзеці там галодныя, што іх ніхто там ня корміць. Узяла бутэрброды, тэрмас з кавай і пайшла іх пакарміць. Калі я туды прыйшла, то там было столькі ўсяго.
Праўда, людзі доўга не затрымліваліся, хуценька аддавалі каву, сокі розныя. Забіралі сьмецьце ў вялікія пакеты, ўносілі іх далей ад плошчы і закідвалі ў кантэйнэры недзе ў дварах. Так што там не было ні сьмецьця, нічога такога. Але было вельмі шмат тэрмасаў з кавай. Там столькі было ўсялякай ежы, што ім бы хапіла на доўгі час.
Мясьцілася гэта ўсё ў новых прыгожых намётах. У адным была кухня, у іншых яны адаграваліся. Быў парадак. Так што, калі сказалі, што там было сьмецьце, то такога не магло быць. Парадак быў у іх, можна сказаць, ідэальны”.