Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе і калі сустрэнуцца Юшчанка і Лукашэнка?


Для сустрэчы прэзыдэнтаў Украіны і Беларусі «неабходна ратыфікацыя беларуска-украінскага пагадненьня аб дзяржаўнай мяжы». Пра гэта сёньня заявіў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавы. Ён падкрэсьліў, што такая сустрэча патрэбная, але яе арганізацыя не зьяўляецца самамэтай для Украіны.


Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі гаворыць, што беларуска-украінскае пагадненьне прэзыдэнты Лукашэнка і Кучма падпісалі больш за 10 гадоў таму:

«Пасьля ўкраінскі парлямэнт даволі хутка ратыфікаваў гэты дакумэнт. А вось беларускія дэпутаты дагэтуль цягнуць з ратыфікацыяй. Гэта зьвязана з тым, што Беларусь лічыць -- Украіна павінна выплаціць ёй дзяржаўны доўг яшчэ з часоў Савецкага Саюзу. Паводле розных падлікаў, размова ідзе пра 100-120 мільёнаў даляраў. Але украінскі бок не лічыць гэтыя грошы дзяржаўным доўгам, спасылаючыся на тое, што гэта зьвязана з разлікамі гаспадарчых субектаў».

Амбасадар Ліхавы сёньня таксама згадаў, што сустрэча прэзыдэнтаў дзьвюх краінаў была заплянаваная на красавік мінулага году. Але яе перанесьлі ў сувязі з нестабільнай парляменцкай сытуацыяй ва Украіне.

З гэтай нагоды спадар Якаўлеўскі гаворыць, што парляменцкі крызіс стаў не адзінай прычынай таго, што Аляксандар Лукашэнка не паехаў на Украіну:

«Вядома пра тое, што ўкраінскі бок прапанаваў правесьці сустрэчу прэзыдэнтаў у Чарнігаве. Але з неафіцыйных крыніцаў вядома, што беларускі бок настойваў на тым, каб гэта быў рабочы візыт Лукашэнкі і толькі ў Кіеў».

Раман Якаўлеўскі гаворыць, што 23 траўня ў Івана-Франкоўске заплянаваны энэргасаміт кіраўнікоў шэрагу краінаў Цэнтральнай Эўропы і СНД:

«Але сёньняшнія выказваньні амбасадара Украіны ставяць пад сумнеў магчымы ўдзел у гэтым форуме Аляксандра Лукашэнкі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG