Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Волі – 2001-2005. Як гэты было <img src="/img/icon-listen.gif" border=0 />


Як праходзілі акцыі з нагоды Дня Волі ў розныя гады. Успаміны ўдзельнікаў і архіўныя запісы. Сёньня -- пра акцыі 2001-2005 гадоў.


Як адзначалі Дзень Волі ў 2001-2005 гадах? За гэты час у краіне адбыліся другія прэзыдэнцкія выбары. У Крымінальны Кодэкс дадалі новыя артыкулы, якія прадугледжвалі адказнасьць за паклёп на прэзыдэнта і ягонае атачэньне. Адбываліся суды паводле гэтых артыкулаў над журналістамі і праваабаронцамі. Пачала дзейнічаць забарона на ўезд на тэрыторыю краінаў Эўразьвязу падазраваных у выкраданьнях апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі. Закрыцьцё гуманітарнага ліцэю, гуманітарнага інстытуту і ЭГУ. Палітвязьні... Але штогод людзі выходзілі адзначыць Дзень Волі.


У 2001 годзе людзі сабраліся на Юбілейнай плошчы. Амапаўцы ня здолелі правесьці затрыманьні адразу, бо каля пяці тысяч удзельнікаў акцыі калёнай здолелі прайсьці вуліцамі Максіма Танка і Дразда на праспэкт Машэрава да стэлы “Горад-герой”. Міліцыянтамі кіраваў міністар Уладзімер Навумаў.

Гаворыць Вінцук Вячорка:

“Асабіста спадар Навумаў страшэнна нэрвозны ўмяшаўся ў справу і пачаў асабістым прыкладам паказваць сваім падначаленым як трэба дзейнічаць. Мяне вялі ажно да вуліцы Даўмана, дзе мяне чакалі сябры з машынай. Мы ўскочылі ў машыну і пасьля гэтага была галавакружная пагоня.

Мы выскачылі з машыны ў раёне вуліцы Кахоўскай. Там мяне скруцілі. Як аказалася, гэта была “Страла”. Пасьля гэта я з задавальненьнем адбыў свае 15 сутак”.

У 2002 годзе сьвяткавалі Дзень Волі ў сквэры Янкі Купалы. Раптам пад’ехалі аўтобусы з амапаўцамі і пачаліся затрыманьні ўдзельнікаў акцыі, якія выходзілі з парку на праспэкт.

Зьміцер Бандарэнка прыгадаў, што назіраў як затрымлівалі людзей каля крамы “Крышталь”.

“Калёна пайшла наперад, а я як раз стаяў выпадкова каля рэстарацыі “Брыганціна”. Падбеглі амапаўцы, закінулі ў аўтобус і сказалі: “А-а, папаўся!”... Потым быў суд. Штраф, здаецца, каля 300 даляраў”.

У 2003 годзе 23 сакавіка сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі намагаліся наладзіць сьвяточнае шэсьце па праспэкту Францішка Скарыны. Але амапаўцы разагналі акцыю.

25 сакавіка акцыю арганізоўвала партыя БНФ. Каля паўсотні чалавек сабраліся на плошчы Якуба Коласа. У выніку дзесяткі затрыманых.

У 2004 годзе Дзяніс Буйніцкі, Валянцін Баранаў і Вячаслаў Сіўчык на Кастрычніцкай плошчы прыкавалі сябе да ліхтароў.

Вячаслаў Сіўчык прыгадаў тую акцыю:

“Плякаты, якія мы тады трымалі на грудзёх, актуальныя й для сёньняшняй сытуацыі. У мяне асабіста быў, што беларусы маюць права абіраць уладу. У маіх калег – няхай жыве Беларуская Народная Рэспубліка. Таму што, акрамя таго, што гэта дзень сьвяткаваньня, гэта яшчэ й нацыянальны дзень барацьбы беларусаў за свае правы”.

У 2005 годзе Андрэй Клімаў заклікаў грамадзянаў Беларусі сабрацца на Кастрычніцкай плошчы з патрабаваньнем адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Каля двух тысяч чалавек не змаглі прарвацца праз атачэньне спэцназаўцаў. Людзей выціскалі спачатку на вуліцу Леніна, а потым да Палаца спорту. Людзі яшчэ некалькі разоў намагаліся выходзіць адтуль дробнымі групамі на плошчу, але іх зноў выціскалі ў бок Нямігі.

Гаворыць Барыс Гарэцкі:

“У раёне плошчы “Свабоды” адбыўся такі цікавы інцыдэнт. Дэманстранты пазналі апэратара Беларускага тэлебачаньня, які ўвесь час здымае палітычныя сюжэты пра сытуацыю ў Беларусі, і пачалі закідваць яго сьнегам. Безумоўна, міліцыянты ўспрынялі гэта як правакацыю, і кінуліся ў атаку. Тады было затрымана некалькі дзесяткаў чалавек”.

У 2001 годзе Аляксандр Лукашэнка правёў другі Нацыянальны сход, на якім была прынятая праграма разьвіцьця краіны на пяцігодку. Эканамісты назвалі яе «shopping list», альбо сьпіс таго, што хочацца набыць, калі хопіць грошай. Але паводле афіцыйных статыстычных дадзеных абсалютная большасьць парамэтраў праграмы на 2001-2005 гг. выкананыя.

Наперадзе быў год прэзыдэнцкіх выбараў.


Прапануем з архіваў Свабоды фрагмэнт рэпартажу Любові Лунёвай 25 сакавіка 2005 году.



Заўтра ў ранішнім эфіры "Свабоды" пра акцыі з нагоды Дня Волі 2006 і 2007 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG