Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычны данос у часы паўстаньня Каліноўскага


Сёньня ў Горадні адбылася адкрытая лекцыя доктара гістарычных навук Алеся Смаленчука. Яе тэма: "Анатомія палітычнага даносу: Радкевіч vs Каліноўскі". Ім была зроблена “спроба гістарычна-антрапалягічнага дасьледаваньня забойства паўстанцамі “мяшчанкі” Новага Двара Клары Радкевіч і яго наступстваў”.


Гісторык патлумачыў, што паўстанцы павесілі жонку Радкевіча напачатку ліпеня 1863 году. Сам Радкевіч раней пагражаў, што данясе на паўстанцаў. Яны прыйшлі, напэўна, каб пакараць яго, мяркуе Алесь Смалянчук, але не знайшлі й забілі жонку. У выніку на вёску наклалі вялікую кантрыбуцыю за тое, што жыхары дапамагалі паўстанцам.

Смалянчук: “Я паспрабую паказаць, сам яшчэ раз паспрабую прадумаць такі погляд на паўстаньне 1863 году, які мае выразна чалавечае вымярэньне. Я хачу паглядзець на эпізод паўстаньня з пункту погляду звычайных людзей, якія апынуліся амаль што ў эпіцэнтры гэтага паўстаньня, я маю на ўвазе мястэчка Новы Двор”.

Карэспандэнт: “У тэме было заяўлена таксама наконт палітычнага даносу”.

Смалянчук: “Сам сюжэт зьвязаны з тым, што селянін Восіп Радкевіч, жыхар Новага Двара, напісаў даносы, і мяне зацікавіла магчымасьць зазірнуць у сьвядомасьць гэтага чалавека: у чым ён не прымае паўстаньне Каліноўскага, яго ідэалёгію. Дарэчы, большасьць жыхароў Новага Двара падтрымалі паўстанцаў”.

Карэспандэнт: “І апошняе ўдакладненьне: Новы Двор — гэта які, у якім раёне сёньня ён знаходзіцца, бо іх некалькі, як вядома?”

Смалянчук: “Новы Двор Сьвіслацкага раёну, што непадалёк ад радзімы Каліноўскага, за дваццаць кілямэтраў ад Мастаўлянаў, дзе ён нарадзіўся”.

Карэспандэнт: “Вы прыйшлі на лекцыю, прысьвечаную паўстаньню Каліноўскага. А што датычыць асобы самога Кастуся Каліноўскага: сёньня можна пра яго штосьці пачуць, прачытаць, убачыць па тэлебачаньні?”

Спадар: “На вялікі жаль, сёньня дзяржава, яна ня хоча выступаць супраць Расеі, а Каліноўскі, ён — кіраўнік нацыянальна-вызвольнага руху і ён не адпавядае сёньняшняй ідэалёгіі дзяржавы”.

Малады спадар: “Паўстанцы 1863 году апынуліся ў трагічнай сытуацыі. Многія зь іх ведалі, што паўстаньне чакае параза, паколькі сытуацыя для яго, асабліва на беларускіх землях, была неспрыяльнай”.

Карэспандэнт: “Некаторыя з тых, хто прыйшоў на лекцыю, мне гаварылі, што й сёньняшнія ўлады Каліноўскага ня хочуць прызнаваць, ён таксама для іх небясьпечны”.

Малады спадар: “Сапраўды, трагізм постаці Каліноўскага адчуваецца і сёньня. Чалавек самааддана любіў свой народ, а зараз выкарыстоўваюць стары падыход, абвяшчаючы яго палякам, чалавекам, які, нібыта, ненавідзеў сялян. Задача аб’ектыўных гісторыкаў — паказаць усю супярэчлівасьць, трагізм гэтай сытуацыі. Дзякуючы такім постацям як Каліноўскі, дзякуючы таму, што менавіта ён, адзін зь першых, зьвярнуўся да сялянаў на беларускай мове, беларускі рух усё ж-такі здолеў у такіх незвычайна складаных умовах разьвівацца. І Беларусь сёньня ёсьць як краіна, як нацыя дзякуючы Каліноўскаму”.

На здымку: доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук спраўджвае мультымэдыйную частку лекцыі.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG