Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр былы падвойны агент КДБ і МІ-6 Алег Гардзіеўскі


Алег Гардзіеўскі, архіўнае фота
Алег Гардзіеўскі, архіўнае фота

Алег Гардзіеўскі змог уцячы з СССР у апошні момант перад выкрыцьцём, у яго быў завочны вырак да расстрэлу.

Былы агент савецкай і брытанскіх выведак Алег Гардзіеўскі памёр на 87-м годзе жыцьця.

Алег Гардзіеўскі памёр у сваім доме ў Вялікай Брытаніі, перадае ВВС.

Атрымаўшы пасаду рэзыдэнта КДБ у Лёндане, палкоўнік Гардзіеўскі быў адкліканы ў Маскву і здолеў уцячы за мяжу, ратуючыся ад выкрыцьця.

Гардзіеўскі нарадзіўся ў Маскве, ягоны бацька служыў у НКУС, а старэйшы брат быў нелегальным выведнікам. Яго другая жонка Лэйла была дачкой генэрал-маёра КДБ.

Аднак Гардзіеўскі яшчэ студэнтам расчараваўся ў камуністычнай сыстэме і быў завэрбаваны ў першай замежнай камандзіроўцы ў выведцы.

Пабудаваўшы пасьпяховую кар’еру, у тым ліку за кошт сямейных сувязяў, Гардзіеўскі выкрыў шэраг савецкіх агентаў і ўнёс значны ўклад у спыненьне крызісу ў адносінах паміж СССР і краінамі Заходняга блёка, падрыхтаваўшы адразу з брытанскага і савецкага боку візыт Міхаіла Гарбачова ў Вялікабрытанію ў 1984 годзе.

З дапамогай завэрбаванага агента ЦРУ Олдрыча Эймса КДБ амаль удалося вылічыць Гардзіеўскага. Ён быў адпраўлены ў Маскву з лёнданскай рэзыдэнтуры і прайшоў праз допыт, але быў адпушчаны і здолеў уцячы з дапамогай брытанскай выведкі.

У Лёндане, пасьля працяглай праверкі, падвойны агент стаў кансультаваць заходнія спэцслужбы. У 2007 годзе за заслугі ў забесьпячэньні нацыянальнай бясьпекі Вялікабрытаніі ён быў узнагароджаны ордэнам Сьвятых Міхаіла і Георгія, адной з вышэйшых узнагарод Злучанага Каралеўства. Гардзіеўскага называюць адным з самых каштоўных шпіёнаў у гісторыі, пра якіх стала вядома.

У Савецкім Саюзе яго пазбавілі воінскага званьня палкоўніка, узнагарод і вынесьлі завочны вырак да расстрэлу. Гэты прысуд, фармальна, ня быў адменены і ў Расеі. У 2008 годзе ён заявіў Радыё Свабода, што перажыў замах.

Гардзіеўскі неаднаразова быў госьцем эфіраў Расейскай службы Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG