Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэлефонныя размовы Трампа і ўдары соцень дронаў: гэта не выглядае спыненьнем агню


Вынікі ўдараў расейскіх баявых дронаў па станцыі хуткай дапамогі, Крапіўніцкі, 20 сакавіка 2025 году.
Вынікі ўдараў расейскіх баявых дронаў па станцыі хуткай дапамогі, Крапіўніцкі, 20 сакавіка 2025 году.

18 сакавіка адбылася тэлефонная размова прэзыдэнтаў ЗША і Расеі Дональда Трампа і Ўладзіміра Пуціна. Пуцін пагадзіўся спыніць расейскія ўдары па ўкраінскай энэргетычнай інфраструктуры.

Але яшчэ да завяршэньня размовы расейскія ўдарныя беспілётнікі былі ў паветры. Празь некалькі хвілін пасьля завяршэньня гутаркі па ўкраінскіх энэргетычных і іншых аб’ектах былі нанесеныя ўдары, якія працягваліся гадзінамі. Украіна ўдарыла па комплексе нафтаправодаў на поўдні Расеі.

Пра гэта піша палітычны аглядальнік Свабоды Карл Шрэк.

Празь дзень, 19 сакавіка, Трамп і Ўладзімір Зяленскі правялі ўласную тэлефонную размову, і прэзыдэнт Украіны заявіў, што прымае прапанаванае спыненьне ўдараў па энэргетычнай інфраструктуры. «Калі расейцы адназначна ня ўдараць па нашых абʼектах, то і мы па іх ня ўдарым», — сказаў Зяленскі.

20 сакавіка Расея запусьціла больш за 170 дронаў супраць Украіны. Украіна выкарыстала беспілётнікі далёкага дзеяньня для нападу на авіябазу ў Энгельсе, дзе разьмешчаныя расейскія бамбавікі далёкага дзеяньня, і, як паведамляецца, выкарыстала новую ракету далёкага радыюсу дзеяньня, каб таксама паразіць нафтаперапрацоўчы завод.

Магчыма, пакуль што рана меркаваць, але «спыненьня агню» пакуль такім не выглядае. І калі расейская і амэрыканская «тэхнічныя каманды», якія сустрэнуцца ў Саудаўскай Арабіі на наступным тыдні, ня змогуць дамовіцца аб канкрэтных кроках па «рэалізацыі і пашырэньні» дамоўленасьці, яна, хутчэй за ўсё, таксама ня будзе доўгатрывалай.

«Ні ў Расеі, ні ва Ўкраіны на дадзеным этапе няма ніякіх стымулаў зьмяншаць інтэнсіўнасьць або маштаб сваіх апэрацыяў», — заявіла Радыё Свабода Марыя Энгквіст, намесьніца кіраўніка праграмы дасьледаваньняў Расеі і Эўразіі Швэдзкага агенцтва абаронных дасьледаваньняў.

Нікалас Гвозьдзеў, прафэсар у пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Вайскова-марскога каледжу ЗША ў Ньюпарце, сказаў, што ўдары, якія адбыліся пасьля тэлефонных перамоваў лідэраў, былі непасрэдна зьвязаныя.

«З боку Пуціна, гэта павінна паказаць, што Расея карыстаецца дамінаваньнем эскаляцыі і можа працягваць наносіць удары ў любы час і месца, якія яна выбірае, — сказаў Гвозьдзеў Радыё Свабода. — З боку Зяленскага, гэта павінна паказаць, што, нягледзячы на тое, што Трамп казаў, што ва Ўкраіны „няма картаў“, у яе ўсё яшчэ ёсьць карты, усё яшчэ ёсьць магчымасьці, і што Ўкраіна зусім не марыянэтка».

Дзік Бэрлійн, генэрал у адстаўцы ВПС Нідэрляндаў сказаў, што Пуцін «не паказаў ніякіх знакаў таго, што ён сапраўды хоча спыненьня агню».

«Я думаю, што прычына, па якой ён пагадзіўся не атакаваць энэргетычную інфраструктуру, у тым, што гэта яму шкодзіць, — сказаў Бэрлійн Радыё Свабода. — Большая частка энэргетычнай інфраструктуры ва Ўкраіне ўжо разбураная, але атакі на расейскую энэргетыку і інфраструктуру шкодзяць Расеі».

«Вельмі супярэчыць рэчаіснасьці»

З канца 2022 году Расея наносіць удары па энэргетыцы Ўкраіны, выкарыстоўваючы балістычныя і крылатыя ракеты, а таксама бесьпілётнікі далёкага радыюсу дзеяньня па электрастанцыях, электраперадачах і падстанцыях.

Гэтую стратэгію, накіраваную на зьнясіленьне цывільнага насельніцтва Ўкраіны, часта прыпісваюць былому камандуючаму расейскімі войскамі ўварваньня ва Ўкраіну генэралу Сяргею Суравікіну.

У той жа час Украіна нарошчвала сваю вытворчасьць бесьпілётных лятальных апаратаў (БПЛА), якія яна ўсё часьцей выкарыстоўвае для нанясеньня ўдараў па энэргетычнай інфраструктуры Расеі — нафтаперапрацоўчых заводах, трубаправодах — ня кажучы ўжо пра вайсковыя абʼекты.

Расея таксама занепакоеная ўкраінскай крылатай ракетай далёкага радыюсу дзеяньня «Няптун». За некалькі дзён да тэлефонных перамоваў лідэраў ЗША, Расеі і Ўкраіны новая ракета была выкарыстаная для ўдару па нафтаперапрацоўчаму заводу на ўзьбярэжжы Чорнага мора Расеі, сьцьвярджаў Зяленскі.

Гэта дае Крамлю стымул дамагацца таго, каб яго ўласныя энэргетычныя абʼекты былі выключаныя з украінскіх мэтавых сьпісаў, сказаў Бэрлійн.

Размаўляючы з журналістамі на наступны дзень пасьля размовы Пуціна з Трампам, прэсавы сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што загад Пуціна быў неадкладна выкананы. Ён нават заявіў, што расейскія войскі зьбілі сем сваіх бесьпілётнікаў у якасьці жэсту добрай волі Расеі.

Ваенныя экспэрты, аднак, паставілі пад сумнеў сьцьвярджэньне Пяскова і адзначылі, што расейскія камандзіры маглі спыніць атакі раней — і, безумоўна, маглі пазьбегнуць нанясеньня ўдараў па інфраструктуры праз 6 гадзінаў пасьля тэлефонных перамовах лідэраў.

Узаемныя абвінавачваньні прагучалі ўсяго празь некалькі гадзін пасьля ўдараў, якія былі нанесеныя раніцай 20 сакавіка.

Абяцаньне Пуціна «вельмі супярэчыць рэчаіснасьці», сказаў Зяленскі.

«Мы лічым, што гэты рэжым спыненьня агню, які прапанаваў прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі, ужо парушаны кіеўскім рэжымам», — заявіла ў эфіры дзяржаўнага тэлебачаньня прэсавая сакратарка МЗС РФ Марыя Захарава.

Тым ня менш, афіцыйныя асобы ЗША выказалі аптымізм.

«Я думаю, што мы бліжэй да міру і спыненьня агню, чым калі-небудзь за апошнія тры гады», — заявіў ABC News Кіт Кэлаг, галоўны прадстаўнік Белага дому па Ўкраіне.

«Тэорыя спыненьня»

Акрамя запасу недаверу, назапашанага за тры гады поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны, ёсьць пытаньне аб тым, ці была дамоўленасьць аб тым, што спыненьне агню ўступіць у сілу неадкладна — ці на што ўвогуле пагадзіліся бакі?

«Я б не рашылася назваць падзеі, якія адбыліся на мінулым тыдні, нават прэлюдыяй да прэлюдыі адпаведнага абмеркаваньня пагадненьня аб спыненьні агню», — сказала Энгквіст Радыё Свабода.

У заяве Крамля гаворыцца, што дамова датычыцца «энэргетычнай інфраструктуры». Белы дом, аднак, заявіў, што зьдзелка ахоплівае «энэргетыку і інфраструктуру». А Зяленскі яшчэ шырэй глядзіць на тое, што трэба пашкадаваць. «Адным з першых крокаў да поўнага спыненьня вайны можа стаць спыненьне ўдараў па энэргетычнай і іншай цывільнай інфраструктуры», — сказаў ён у паведамленьні ў Telegram пасьля размовы з Трампам.

«Абодва бакі зацікаўленыя ў тэорыі спыненьня», — сказаў Гвозьдзеў. — Украіне можа спатрэбіцца час на аднаўленьне і кансалідацыю, Расея будзе дамагацца зьняцьця санкцый; але ні ў аднаго з бакоў няма прапановы аб спыненьні агню, якая б адпавядала гэтым патрабаваньням, і абодва ня ўпэўненыя ў тым, наколькі далёка зайшоў бы Трамп, каб паспрабаваць прымусіць іх пагадзіцца на спыненьне агню», — сказаў ён.

«Калі б Пуцін сапраўды хацеў быць шчырым у сваім жаданьні спыніць вайну, ён мог бы спыніць вайну сёньня. Ён мог спыніць вайну тры гады таму», — сказаў Берлійн.

«Пуцін хоча, каб Украіна вярнулася ў склад Расейскай імпэрыі. Ён ня згодны з тым, што Ўкраіна зьяўляецца сувэрэннай дзяржавай, таму ўсё гэта вельмі ўскладняе пераход да мірнага ўрэгуляваньня, прымальнага і для Ўкраіны, і для Расеі», — сказаў ён.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
  • У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
  • 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG