Сёньня а другой гадзіне дня супрацоўнікі міліцыі і спэцназу ўварваліся ў офіс Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, дзе знаходзіліся каля 30 актывістаў “Маладога фронту”. Усіх прысутных у офісе правялі ў аўтазакі і адвезьлі ў міліцыю Ленінскага раёну.
Празь некалькі гадзін міліцыянты прынялі рашэньне адпусьціць затрыманых, але адбывалася вызваленьне ўжо пасьля таго, як у міліцыю прыехаў першы сакратар амбасады ЗША. Частку маладафронтаўцаў выпусьцілі не з самога РУУС, а пасадзілі ў службовыя міліцэйскія машыны і адвезьлі да канцэртнай залі “Менск”.
Усім затрыманым сёньня міліцыянты прыгадалі, што ў адносінах да іх можа быць ужыты артыкул 193 Крымінальнага кодэксу – “Удзел у незарэгістраванай арганізацыі”.
У 2007 годзе “Малады фронт” быў зарэгістраваны ў Чэскай Рэспубліцы як міжнародная моладзевая арганізацыя. Маладафронтаўцы ня раз спрабавалі легалізаваць сваю дзейнасьць у Беларусі, аднак нязьменна атрымлівалі адмову.