Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Якія палітычныя пэрспэктывы Казуліна?”


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. эфір 29-га лютага


Грамадзкі ажыятаж, які ўзьнік апошнімі днямі з нагоды пахаваньня жонкі Аляксандра Казуліна і яго трохдзённага водпуску, актуалізаваў пытаньне пра ягоныя палітычныя пэрспэктывы. Ці можа ён стаць агульнанацыянальным лідэрам? Чаму ў Казуліна невысокі рэйтынг? Ці ёсьць падставы Лукашэнку баяцца вызваленьня свайго праціўніка?

Удзельнікі: намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Рынкевіч і палітоляг Віталь Сіліцкі.


Ці можа Казулін стаць нацыянальным лідэрам?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: “У беларускай дэмакратычнай супольнасьці шмат гадоў застаецца адкрытым культавае пытаньне: хто замест Лукашэнкі? Адсутнасьць бясспрэчнага лідэра стварыла вялікія складанасьці ў пошуку адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў падчас прэзыдэнцкіх кампаній 2001 і 2006 гадоў. Доўга шукалі патрэбныя крытэрыі, мэханізмы выбару, зь цяжкасьцю знаходзілі кампраміс. Той грамадзкі ажыятаж, які ўзьнік апошнімі днямі з нагоды трохдзённага водпуску Аляксандра. Казуліна дзеля пахаваньня жонкі, актуалізаваў пытаньне пра ягоныя палітычныя пэрспэктывы. Ці можа ён стаць тым агульнанацыянальным лідэрам, якога так доўга шукалі беларускія дэмакраты?

Ігар Рынкевіч: “Можа. Ён мае моцны інтэлект, бо зьяўляецца прафэсарам, акадэмікам шэрагу акадэмій. Казулін мае харызму. Шмат хто бачыць у ім якасьці і маладога Пазьняка, і Лукашэнкі. Але Казулін – новая постаць у беларускай палітыцы. Цяпер ён праходзіць турэмныя ўнівэрсытэты.

Тры апошнія дні, 70 гадзін перавярнулі шмат каго ў Беларусі. Відавочны духоўны рост Казуліна. Ён дараваў Лукашэнку ягоныя зьдзекі. І ў яго добрыя пэрспэктывы”.

Віталь Сіліцкі
Віталь Сіліцкі: “Для зьяўленьня нацыянальнага лідэра патрэбны пэўныя акалічнасьці. Па-першае, павінна быць рэальная грамадзкая патрэба ў такім чалавеку. Той пэрманэнтны крызыс, які адбываецца ў апазыцыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, сьведчыць, можа, пра тое, што патрэбы ў такім лідэры няма.

Па-другое, чалавек, які прэтэндуе на ролю лідэра, павінен адпавядаць вышэйшым стандартам, ставіць вышэйшыя мэты. Лідэр павінен весьці.

Па-трэцяе, гэты чалавек павінен успрымацца тымі, хто за ім можа пайсьці. Ці здолее Казулін адпавядаць гэтым умовам, невядома. У некаторых кірунках ён за гэты час рушыў наперад.

Казулін вельмі дарагой цаной для сябе і сваёй сям’і зьняў тыя неразумныя падазрэньні, якія існавалі шмат у каго падчас выбарчай кампаніі, што ён правакатар. Ён перайшоў ад эпатажнага стылю да стылю чалавека, які імкнецца прапанаваць каштоўнасную альтэрнатыву.

Пытаньне ў тым, ці застанецца цікавасьць да Казуліна пасьля таго, як схлыне хваля спачуваньня яму і ягонай сям’і, якая ўзьнялася гэтымі днямі. І другое пытаньне — калі яго вызваляць і якім. Бо некаторыя выходзяць з турмаў у не зусім адэкватным стане.

Адбываецца эвалюцыя Казуліна ад гламурнага рэктара праз вобраз эпатажнага марпеха да таго чалавека, які паўстаў перад намі сёньня”.

Чаму ў Казуліна невысокі рэйтынг?

Карбалевіч: “Казулін мае пэўныя перавагі перад іншымі лідэрамі апазыцыі. Ён прадэманстраваў сьмеласьць, самаахвярнасьць, імкненьне паламаць сцэнар Лукашэнкі і навязаць свой. Сам факт таго, што ён апынуўся за кратамі, павінен быў дадаць яму аўтарытэту, павагі, рэйтынгу як ахвяры бессардэчнага рэжыму, пакутніка за народ, за праўду. Мала таго, нават апынуўшыся за кратамі, ён працягваў барацьбу. Беспрэцэдэнтная галадоўка выклікала шырокі міжнародны рэзананс. Ён дасягнуў амаль немагчымага: прапановы абмеркаваць беларускае пытаньне ў Радзе Бясьпекі ААН. Далей, адмовіўся эміграваць, калі яму прапаноўвалі.

І які ж вынік? Паводле апытаньня НІСЭПД, у сьнежні 2007 году за Казуліна гатовы прагаласаваць 3,7% (за Лукашэнку — 39,9%, за Мілінкевіча — 9,8%). То бок нават дэмакратычны электарат, якога каля 30%, ня бачыць у ім куміра. Дык чаму палітвязьні ў Беларусі не становяцца нацыянальнымі героямі?”

Ігар Рынкевіч
Рынкевіч: “Па-першае, да беларускай сацыялёгіі ёсьць шмат пытаньняў. За гэты месяц Казулін паводле індэксу цытаваньня абагнаў Лукашэнку ў незалежных інтэрнэт-рэсурсах і ў частцы дзяржаўных. Сапраўды, заўважная ягоная эвалюцыя.

На гэтую сытуацыю моцна ўплывае беларускі мэнталітэт. Палітвязьні – гэта цікавы і недасьледаваны фэномэн як на ўзроўні сацыялёгіі, так і на ўзроўні абывацеля. Людзі ставяцца да іх дастаткова амбівалентна. З аднаго боку, спачуваюць, а з другога — кажуць, маўляў, чаго вы лезеце. Апазыцыйныя дзеячы пакуль ня могуць карыстацца значнай падтрымкай грамадзтва.

Зьмяніць сытуацыю могуць толькі такія лідэры, як Казулін, якія здатныя за некалькі дзён значна паўплываць на сьвядомасьць насельніцтва краіны”.

Сіліцкі: “Быць героем і мець высокі рэйтынг – гэта розныя рэчы. Цкаваньне, праклёны, недавер да тых апазыцыйных дзеячаў, якія ідуць на абардаж, даюць пэўны эфэкт. Нізкі рэйтынг – гэта плата за геройства”.

Карбалевіч: “Мы маем прыклады Ельцына ў 1989—1991 гадах ці Лукашэнкі ў 1994 годзе, калі чым больш іх білі, тым больш рос іхні рэйтынг”.

Сіліцкі: “Я кажу пра герояў, а не пра эпатажных палітыкаў. А рэйтынг Казуліна застаўся прыкладна на тым жа ўзроўні, як падчас прэзыдэнцкіх выбараў. І тут спасылацца на інфармацыйную блякаду нельга, бо ён быў ва ўсіх на вуснах дзякуючы сваім выступам праз тэлевізію. Ягоны эпатаж тады дадаў яму вядомасьці, але не галасоў. Ён, можа, нават спрацаваў на Мілінкевіча.

Чаму ж ён не зарабіў свайго ўласнага палітычнага капіталу? Справа ў тым, што ў Беларусі палітык, які кідае выклік уладзе, можа легітымізавацца праз падтрымку незалежнага грамадзтва. Менавіта таму рэйтынг Мілінкевіча і цяпер вышэйшы, чым у Казуліна.

Казулін не зусім разумеў тыя каштоўнасьці, якія падштурхоўвалі людзей да барацьбы супраць рэжыму. Існаваў глыбокі недавер да яго з боку дэмакратычнай грамадзкасьці. Да таго ж не зусім зразумелаю была тая палітычная культура, якую ён дэманстраваў. Бо ягоны стыль меў сьляды тайных расейскіх паліттэхналёгій. Хоць ён спрабаваў яго пераадолець, апэляваў да інтэлігенцыі, выдаваў творы Быкава.

Зараз адбываецца ягоная эвалюцыя. Ён пераходзіць да гэтых каштоўнасьцяў, лёд недаверу паміж Казуліным і дэмакратычнай грамадзкасьцю пакрысе растае. Пра гэта сьведчаць ягоныя заявы пра БНР”.

Ці зьменіцца рэйтынг Казуліна пасьля вызваленьня?

Карбалевіч: “Абодва мае суразмоўцы выказалі думку, што палітычныя пэрспэктывы Казуліна павялічваюцца. Прычым ягоны рэйтынг у значнай ступені абумоўлены іміджам ахвяры рэжыму, пакутніка. Але, магчыма, такі імідж захоўваецца да таго часу, пакуль ён у турме. А калі ён выйдзе на свабоду, то гэтая частка ягонага палітычнага капіталу можа страціцца.

Ягоныя інтэрвію, якія ён даваў падчас свайго трохдзённага водпуску, цікавыя таму, што іх дае чалавек у такім незвычайным статусе. Але калі казаць пра іхні зьмест, то нейкіх новых арыгінальных ідэй адносна дэмакратычных перамен у краіне там не заўважана. Таму, можа, Лукашэнка і дарэмна баіцца яго вызваляць?”

Рынкевіч: “Цяпер Казулін знаходзіцца ў кантэксьце дзьвюх асноўных праблем. Першая — гэта тое, што памерла ягоная каханая жанчына. І яму давялося прабівацца праз калючы дрот, каб правесьці яе ў апошні шлях. Другая праблема: ён застаецца палітвязьнем. Менавіта праз гэтыя акуляры і глядзелі на яго людзі.

Калі ён выйдзе на волю, яму давядзецца вырашаць іншыя пытаньні. Ён даваў у гэтыя дні інтэрвію на хаду, падчас руху. І чакаць ад яго ў такіх умовах выкладаньня цэльнай праграмы перамен несур’ёзна”.

Сіліцкі: “У нас быў адзін прыклад, калі палітык стаў бясспрэчным лідэрам апазыцыі не праз абраньне кангрэсам дэмакратычных сілаў ці іншым форумам, а праз уласны драйв, прапанову дэмакратычным сілам свайго праекту. Гэта Віктар Ганчар у 1999 годзе.

Што тычыцца Казуліна, то ягоныя выказваньні на апошняй прэсавай канфэрэнцыі сапраўды былі трохі супярэчлівымі. Але ня варта чакаць праграмных прамоваў ад чалавека, які гэтымі днямі быў згусткам эмоцый. Дай яму Божа мужнасьці і вытрымкі, пажадаем яму здароў’я і свабоды”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG