Гэтым жа днём у “Аповесьці мінулых гадоў” датуецца першая згадка пра Менск. Пра ролю даты 3 сакавіка ў гісторыі і пра тое, ці адлічваць гады Менску ад 1067-га – гісторык-археоляг, дасьледчык старажытнага Менску Сяргей Тарасаў.
"Горад старэйшы прыблізна на два вякі. Ужо можна казаць, што ў дзявятым стагодзьдзі Менск як горад існаваў. У яго былі пасады, у яго быў умацаваны цэнтар, ужо разьвіваліся рамёствы, ужо існаваў гандаль вакол Менску, ужо былі могілкі, кургановыя групы вакол яго і да таго падобнае.
На жаль, нейкі дакладны дзень ці месяц ці год заснаваньня мы назваць ня можам. Але тое, што ён быў значна раней за згадкі ў летапісе – гэта безумоўна.
Але, як гісторык, я трымаюся агульнапрынятай сыстэмы, што першыя згадкі таго ці іншага населенага пункта ў пісьмовых крыніцах зьяўляюцца афіцыйнай датаю ці адлікам ягонага існаваньня. Сапраўды, у летапісе гаворыцца, што 3 сакавіка 1067 году Яраславічы падышлі да Менску і ўзялі горад, мужчын пасеклі, а жанчын і дзяцей узялі на шчыты і пайшлі далей.
У нас няма іншай, больш раньняй даты згадкі Менску. Асабіста мне падаецца, што сакавіцкі дзень усё ж больш падыходзіць для сьвяткаваньня дня нашага Менску, чым сьвяты, якія адбываюцца летам. А тое, што гэтая дата была ня лепшая для нашых продкаў-менчукоў – ну дык так ужо распарадзілася гісторыя.
Так што, мне падаецца, ёсьць падставы ў нас калі не сьвяткаваць, то, прынамсі, памятаць, што сваю летапісную гісторыю Менск бярэ менавіта з 3 сакавіка 1067 году".