Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску паўстануць дзясяткі хмарачосаў <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Менскія ўлады абвясьцілі кампанію кардынальнай перабудовы Менску – ад ускраінаў да гістарычнага цэнтру. Ці апраўданае разьвіцьцё гораду “ўверх”?


Каб надаць сталіцы новае аблічча, разбураць нават аб’екты, якія можна было лічыць візытоўкай гораду – у прыватнасьці, шэраг архітэктурных помнікаў у Верхнім горадзе, вышынны гатэль “Беларусь”, жылыя дамы на Валадарскага і Карла Маркса і нават цэлае лётнішча “Менск-1”.

У часе нядаўняй сустрэчы зь менскім горадабудаўнічым актывам Аляксандар Лукашэнка ўхваліў пляны архітэктараў на радыкальную будаўнічую рэвалюцыю. У прыватнасьці, канчаткова вырашана будаваць дзелавы цэнтар пад назвай “Менск-сіці” на месцы аэрапорту “Менск-1”, а таксама рабіць кропкавыя атакі на пусткі, дзе ўзьляцяць у неба першыя беларускія небасягі. Іх пабудова стане магчымай дзякуючы пераносу за горад згаданага лётнішча.

Небасягі мэгаполісу не пашкодзяць?

Архітэктар, адзін з аўтараў Палацу Рэспублікі, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Міхаіл Пірагоў перакананы – у такога мэгаполісу, як Менск, няма іншага выйсьця, апроч як разбудоўвацца не ў шырыню, а ў вышыню. Дзеля гэтага, па словах Пірагова, ня трэба абмяжоўваць сябе ў сродках і магчымасьцях:

“У наш час зямля, ведаеце, каштуе вельмі дорага. Таму што дадаюць кошту інжынэрныя камунікацыі, ацяпленьне і г.д. Падвышэньне вышыннасьці проста неабходнае. Бясспрэчна, вышыннае будаўніцтва ў такіх мэгаполісах аб’ектыўна патрэбнае, безь яго нікуды. А што канкрэтна да хмарачосаў, то нават ня ведаю: для мяне ня так ужо й важна, каб менавіта хмарачосы былі. Так, ёсьць ідэя ў раёне лётнішча “Менск-1” пабудаваць комплекс “Менск-сіці”, яшчэ некалькі месцаў вызначаныя. Я думаю, гэта не пашкодзіць абліччу Менску. А самае галоўнае, на мой погляд, трэба прыбіраць малапавярховую забудову ў цэнтры і будаваць, вядома ж, шматпавярховыя дамы. Бо, прыкладам, у цэнтры, ля опэрнага тэатру, увогуле забудова пасьляваенная, там двухпавярховыя дамы. Нібыта іх ня зносяць таму, што там жывуць Героі Савецкага Саюзу і г.д. Але ўвогуле у самым цэнтры мець такую забудову – гэта абсалютна нерацыянальна, неэканомна і што хочаце з прыстаўкай “не”.

Цяпер працэсам “аднаўленьня” сталіцы займаецца праектная арганізацыя “Менскпраект”. На водкуп менавіта ёй аддала гістарычны цэнтар экспэртная камісія. Дакладней, праекту архітэктара Дзьмітрыя Бубноўскага. Праўдападобна, да засваеньня новых тэрыторыяў будуць далучацца і іншыя структуры. Ня выключана, што перадусім расейскія, паколькі менавіта інвэстары з Расеі прапануюць фінансаваць і згаданы “Менск-сіці”, і комплекс хмарачосаў больш як на паўсотню паверхаў на скрыжаваньні вуліц Кальварыйскай і Ціміразева.

Дзеля новых офісаў карэктуюць ужо ўхваленыя праекты

Гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі акцэнтуе ўвагу на тым, што элемэнты хай-тэку маюць асыміляваць нават у тых месцах, якія найменей для гэтага прыстасаваныя. І дзеля гэтага па ходзе карэктуюцца нават пляны Бубноўскага. Прыкладам, на праспэкце Пераможцаў плянуецца паставіць так званую “сіласную вежу” – акруглы офісны будынак на два дзясяткі паверхаў:

“У праекце Бубноўскага было пад вялікім пытаньнем: што разьмясьціць на месцы кавярні “Рэчанька”, роўна пасярэдзіне менскага замчышча, пасярэдзіне візуальных сувязяў паміж Ракаўскім і Траецкім прадмесьцямі? Калі развалілі гэтую “Рэчаньку”, адкрыўся цудоўны від з Ракаўскага на Траецкае. Але паколькі гэта прыватная ўласнасьць, то прыватнік вырашыў будаваць усё, што яму там захочацца. Усе пратэставалі: архітэктары, гісторыкі, нават ужо нябожчык, папярэдні галоўны архітэктар Менску Белагорцаў прызнаў, што гэта грубая памылка. На гэта паказвалі і Аладаў, і Заслаўскі, і многія іншыя. Але працы кіпяць, і пасьля пабудовы так званага “білдынгу” роўна пасярод замчышча, пасярод усяго гораду, гэта будзе самы вялікі аб’ект, самы буйнамаштабны ўва ўсім Старым горадзе. А ў макеце і праекце Бубноўскага ён такі не прадугледжаны. Там увогуле намаляваная старая “Рэчанька”, так, як яна выглядала. Але не прадугледжана, што будзе 17-павярховы “білдынг” пасярод гэтага ўсяго стаяць”.

Экспэрты сьведчаць: у горадабудаўнічай палітыцы беларускіх уладаў даўно адсутны такі элемэнт, як абмеркаваньне маштабных ідэяў з грамадзкасьцю. А спрэчныя праекты падаюцца як канстатацыя факту.

Камэрцыя – па-над здаровым сэнсам

На думку архітэктара Ўладзімера Папругі, які пэўны час адпрацаваў галоўным дзяржаўным інспэктарам аховы гістарычна-культурнай спадчыны Менгарвыканкаму, цяпер перадусім перасьледуецца камэрцыйная выгада, якую можна атрымаць з таго ці іншага аб’екту. І дзеля гэтага ахвяруюць нават бясцэннымі гістарычнымі каштоўнасьцямі Старога гораду. Што да абвешчанай палітыкі асучасьніваньня сталіцы, то экспэрт мае такое меркаваньне:

“Ідзе папросту запаўненьне нейкіх лякунаў, прычым ідзе такім нейкім незразумелым штурмам, які папросту не прыносіць ніякага плёну ні канкрэтным інвэстарам, ні людзям. То бок няма папросту мажлівасьці з чымсьці параўноўваць. І калі б гэта ўсё было пастаўлена так, як трэба, то практычна мы маглі б атрымаць у гістарычным цэнтры Менску нашмат болей тых самых плошчаў, якіх так патрабуюць інвэстары. І нашмат больш эканамічнай выгады. Трымацца ў гэтым пытаньні заканадаўства больш выгадна. Гістарычна-пляніровачная структура Менску не зьмянялася практычна аж да паваеннага пэрыяду. Толькі тады пачаліся вось гэтыя практычна руйнаваньні, калі цэлыя кварталы леглі пад нож бульдозэраў. І па вайне ніхто нават ня ставіў пытаньня пра тое, каб гістарычна-пляніровачная структура Менску была нейкім чынам праяўленая ці захаваная. Тое, што захавалася, захавалася папросту празь зьбег акалічнасьцяў, толькі з той прычыны, што ў бальшавікоў практычна касы не хапіла, каб усё заваліць”.

У заўтрашнім ранішнім эфіры мы прапануем інтэрвію з Уладзімерам Папругам. Архітэктар прапанаваў гарадзкім уладам свой плян рэгенэрацыі Менску, які ня толькі захавае яшчэ не зруйнаваныя гістарычныя помнікі, але й вырашыць самыя надзённыя праблемы, у тым ліку праблему загружанасьці цэнтру сталіцы.
Першыя небасягі маюць паставіць на Кальварыйскай


"Офіснае" замчышча з пляцоўкамі пад навабуды

Замест "Рэчанькі" тут паўстане "сіласная вежа"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG