Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне чытаюць і моляцца па-беларуску


Сёньня ў Менску Таварыства беларускай мовы зладзіла імпрэзу “Родная мова ў сьвеце”. На імпрэзе прэзэнтавалі беларуска-ўкраінскі слоўнік, выдадзены ў Кіеве.


Беларуска-ўкраінскі слоўнік – гэта першы беларуска-замежны слоўнік, выдадзены акадэмічным інстытутам іншае краіны. Ён зьявіўся паводле ўрадавае праграмы “Слоўнікі”, прынятай ва Ўкраіне ў 1999 годзе .

У слоўніку 723 старонкі. Наклад – пяць з паловаю тысяч асобнікаў. Яго ўклалі прафэсар Рыгор Піўтарак і дацэнт Аляксандар Скапненка.

Аўтараў слоўніка на імпрэзе не было. Украінскі бок прадстаўляў амбасадар гэтай краіны Ігар Ліхавы:

“Гэта, напэўна, няшчыра, а мажліва, нават богазьневажальна, калі людзі ня моляцца Богу на сваёй мове, калі яны найшчырэйшыя думкі перадаюць іншаю моваю, якой добра не разумеюць нават. Таму я дужа радуюся, калі чую беларускую мову. І, дарэчы, ва Ўкраіне выходзіць духоўны канал, які працуе 24 гадзіны на суткі, дык вось увечары некалькі разоў па ім ідзе малітва па-беларуску. Вельмі ж мэлядычна гучыць “Ойча наш” па-беларуску!”

Старшыня камісіі па справах ЮНЭСКО ў Беларусі Ўладзімер Шчасны сёньня паведаміў, што летась ў Будапэшце выдалі вугорска-беларускі слоўнік.

У 2007 годзе пад рэдакцыяй Лявона Баршчэўскага выйшаў нямецка-беларускі слоўнік. Раней – ангельска-беларускі, укладзены беларускай эмігранткай Валянтынай Пашкевіч. Цяпер у выдавецтве Зьмітра Коласа рыхтуецца да друку гішпанска-беларускі слоўнік.

На імпрэзе Ўладзімер Шчасны зачытаў адозву генэральнага дырэктара ЮНЭСКО Каіціра Мацууры да народаў сьвету, напісаную з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы. У адозьве, у прыватнасьці, гаворыцца:

“Я зьвяртаюся з заклікам паўсюдна – у адукацыі, адміністрацыйнай і прававой сыстэмах, у сродках масавай інфармацыі, у кібэрпрасторы і ў гандлі – прызнаваць важнасьць лінгвістычнай разнастайнасьці і шматмоўя”.

Арганізатары сьвята, якое адбылося сёньня ў Менску ў канфэрэнц-залі Палацу мастацтва, былі поўныя аптымізму што да пэрспэктываў роднае мовы. Першая намесьніца старшыні ТБМ Людміла Дзіцэвіч:

“На зямлі больш за пяць тысяч моў. Але сярод іх толькі трыста зьяўляюцца дзяржаўнымі. Наша мова зьяўляецца дзяржаўнай – і гэта паказчык на яе трываласьць. Са сьвятам вас!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG