Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя прэзыдэнта выбачылася перад Кастусёвым, а сьледчыя зацікавіліся фактамі карупцыі


Рыгор Кастусёў, архіўнае фота
Рыгор Кастусёў, архіўнае фота

Адміністрацыя прэзыдэнта выбачылася перад намесьнікам старшыні Партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым за расейскамоўны адказ на ягоны беларускамоўны зварот. У лісьце партыйцу адпісалі: «Прыносім свае выбачэньні за паведамленьне, накіраванае ў Ваш адрас раней на рускай мове».

Рыгор Кастусёў не пасьпеў даслаць скаргу ў адміністрацыю прэзыдэнта на факт парушэньня ёю канстытуцыі і закону аб мовах. Але, кажа актывіст, у ведамстве прэзыдэнта ў час спахапіліся і выбачыліся.

У звароце партыец прапаноўваў прызначыць на пасаду старшыні Шклоўскага райвыканкаму кандыдата эканамічных навук Пятра Мігурскага, які будзе лепей упраўляцца з кіраваньнем гаспадаркай раёну. Акрамя таго, у лісьце называліся факты, якія, як заяўляе Кастусёў, вядуць раённую гаспадарку да разбурэньня.

«І хоць мне паведамілі, што мой зварот перанакіравалі ў Магілёўскі аблвыканкам для рэагаваньня (першы такі адказ быў на расейскай мове), але сёньня я меў сустрэчу са сьледчым аддзелу па барацьбе з карупцыяй. Ён гутарыў са мной па кожным факце, выкладзеным у звароце. Факты гэтыя ня новыя — яны ўжо неаднойчы былі апублікаваныя ў сродках масавай інфармацыі. Мы іх толькі сыстэматызавалі. Такім чынам, нашым аналізам сытуацыі зацікавіліся сілавыя структуры. Іх уразіла сума стратаў. Мы падлічылі, што яны складаюць 60 мільярдаў рублёў», — зазначае Рыгор Кастусёў.

Шклоўскія чыноўнікі пачалі адчуваць усёдазволенасьць і беспакаранасьць

Паводле Рыгора Кастусёва, за апошнюю пяцігодку пад сьледзтва трапілі два намесьнікі старшыні райвыканкаму, а ў камунальнай гаспадарцы за апошнія дзесяць год памянялася пяць кіраўнікоў — зь іх трое трапілі пад сьледзтва, адзін нават двойчы. У звароце згаданыя факты карупцыі, якія марудна расьсьледуюцца, адзначае партыец:

«Мы згадалі, як зьніклі дзяржаўныя грошы, якія выдзяляліся на закуп цялят у Сэрбіі, для жывёлагадоўчага комплексу, што ў вёсцы Дабрэйка. Больш за чатыры мільёны эўра зьніклі — ні грошай няма, ні жывёл. За гэта арыштавалі першага намесьніка старшыні Шклоўскага райвыканкаму. Сьледзтва цягнецца тры гады, але вынікаў няма. Яшчэ адна гучная, гэтак званая „калійная“ справа. Калійныя ўгнаеньні фасавалі ў гаспадарцы „Гарадзец“, якім кіраваў да прэзыдэнцтва Лукашэнка, і прадавалі па камэрцыйных цэнах у Расею. А сельгаспадаркі ж у нас набываюць угнаеньні па льготных цэнах. На такіх угодах наварваліся вялізныя барышы», — заяўляе партыец.

На думку Кастусёва, вялізарныя фінансавыя ўліваньні ў гаспадарку Шклоўскага раёну разбэсьцілі мясцовае чынавенства.

«Мясцовыя чыноўнікі пачалі адчуваць усёдазволенасьць і беспакаранасьць. Вялікія грошы, вялікая ўвага да Шклоўскага раёну, магчымасьць для чыноўнікаў альбо іхных сваякоў уладкавацца на працу ў вышэйшыя структуры выканаўчай улады — гэтая ўпэўненасьць у беспакаранасьці і прывяла да такіх вынікаў па карупцыі. Вы ж паглядзіце: для многіх чыноўнікаў Шклоўскі раён стаў трамплінам для кар’ернага росту».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG