Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве пачаўся фэстываль «Магутны Божа». Ці прагучыць на ім гімн «Магутны Божа»?


24 чэрвеня ў Магілёве пачаўся міжнародны фэстываль духоўнай музыкі «Магутны Божа».

Сёлета яму дваццаць гадоў. У праграме бяруць удзел музыкі зь пятнаццаці краінаў сьвету. Сярод іх называюць ЗША, Кубу, Вэнэсуэлу, Нігерыю ды Ізраіль. Удзельнікі конкурснай праграмы традыцыйна выступаюць у Магілёўскім катэдральным касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі. На працягу пяці фэстывальных дзён на адкрытых пляцоўках гораду выступяць госьці фэсту. Пра гісторыю фэстывалю, пра тое, як ён зьмяніўся за дваццаць гадоў.

Упершыню фэстываль адбыўся ў чэрвені 1993 году. Ініцыятарам яго правядзеньня выступіла рыма-каталіцкая парафія Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і тагачасны магілёўскі ксёндз Уладзіслаў Блін. Вытокі фэстывалю згадвае магілёўская журналістка Алена Барысава:

«20 год таму мала хто ведаў, што такое рэлігія, канфэсіі,— мы былі савецкімі людзьмі. Гэта была першая хваля, калі мы даведаліся, што ёсьць такая духоўная музыка, якой можна яднаць усе канфэсіі, узросты і нацыянальнасьці. Так было напісана ў канцэпцыі фэстывалю, так і здарылася. Гэта тады быў такі павеў свабоды. І гэта было галоўным дасягненьнем фэстывалю».

Сёньня ў Магілёве пакуль мала што нагадвае пра пачатак фэстывалю. Нешматлікія абвесткі на інфармацыйных тумбах і некалькі расьцяжак. Інфармацыя — на расейскай мове. На пляцоўцы ля кінатэатру «Радзіма» выстаўлена сцэна, дзе маюць выступаць госьці фэстывалю. Фэстывальная эмблема — расейскамоўная. На пляцоўцы гутару зь мінакамі. Адно зь меркаваньняў:

калі сьпяваюць гімн „Магутны Божа“. Гэта так бударажыць душу. Іншым разам думаецца: во каб гэта быў гімн Беларусі
«Ён стаў не такі значны і маштабны, як раней. Горш арганізаваны. Раней былі афішы, рэкляма. Цяпер во я нават ня ведаю, што будзе, хто будзе. Самае вялікае для мяне ўражаньне на фэстывалі — калі сьпяваюць гімн „Магутны Божа“. Гэта так бударажыць душу. Іншым разам думаецца: во каб гэта быў гімн Беларусі».

Ля касьцёла сёньня таксама было нешматлюдна. У бажніцы расьпяваліся хоры — удзельнікі конкурсу. Гутары з тымі, хто прыйшоў пабачыць рэпэтыцыю.

Спадар: «Ён задумваўся ксяндзом Блінам як такое народнае сьвята. А яго цяпер забраў „горад“, і, на жаль, гэты фэстываль пераўтварыўся ў такое бюракратычнае сьвята. Ён ужо не адпавядае сваёй назьве».

Спадар: «Калі дзяржава меней умешвалася, то было больш дэмакратычна. Цяпер больш афіцыёзу, душы менш. Ну, а так дужа прыемна, што ёсьць такі фэстываль. Дваццаць гадоў — можна казаць пра традыцыю».

Сёлета рэкляма фэстывалю — на расейскай мове. Назва фэсту — на беларускай. На гэта зьвяртаюць увагу і заўсёднікі фэстывалю:

«Мяне дужа бянтэжыць, што ў нас не беларуская мова. За айчыну, скажам так, сорамна. Любоў не прышчэпліваецца да мовы, да культуры да сваёй. Няма гонару за сваё».

У аддзеле культуры адсутнасьць беларускай мовы ў рэкляме тлумачаць недаглядам і нястачай часу. Паабяцалі, што на канцэртах фэсту беларуская мова будзе гучаць.

Сёлета ня будзе ўрачыстых адкрыцьця і закрыцьця фэстывалю. На іх традыцыйна выконваўся гімн «Магутны Божа». Ці прагучыць ён сёньня на першым канцэрце фэстывалю, невядома. Раней удзельнікі фэстывалю меліся ведаць «Магутны Божа» на мове арыгіналу. Назва фэстывалю паходзіць ад аднайменнага музычнага твору на верш Натальлі Арсеньневай і кампазытара Міколы Равенскага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG