Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я перажыла». Выйшаў фільм пра сэксуалізаваны гвалт у час войнаў у Босьніі і Ўкраіне


Ірына Доўгань, украінская праваабаронца, якая змагаецца за правы жанчын, што перажылі сэксуалізаваны гвалт. Каляж. На фота справа яна падчас катаваньня ў акупаваным Расеяй Данецку
Ірына Доўгань, украінская праваабаронца, якая змагаецца за правы жанчын, што перажылі сэксуалізаваны гвалт. Каляж. На фота справа яна падчас катаваньня ў акупаваным Расеяй Данецку

Стужка «Я перажыла» базуецца на гісторыях дзьвюх жанчын, якія адважыліся расказаць пра свае трагедыі.

Галіна і Бакіра перажылі сэксуалізаваны гвалт з боку вайскоўцаў. Галіна — у 2022 годзе падчас акупацыі Кіеўскай вобласьці Ўкраіны расейскімі вайскоўцамі, Бакіра — у родным Вышаградзе ў Босьніі і Герцагавіне ў час вайны ў 1990-х. Яны абедзьве думалі, што ніколі не раскажуць пра здарэньне, але вырашылі парушыць маўчаньне, каб зьмяніць стаўленьне да пацярпелых і ня даць ваенным злачынцам застацца беспакаранымі.

Сэксуалізаваны гвалт — адно з самых цяжкіх і найбольш стыгматызаваных злачынстваў, якія зьдзяйсьняюцца падчас войнаў. Расейскія вайскоўцы і прарасейскія сэпаратысты чыняць падобны гвалт ва Ўкраіне з пачатку вайны ў 2014 годзе. У Босьніі і Герцагавіне яго перажылі ад 20 да 50 тысяч чалавек.

Тыя, хто перажыў гвалт ва Ўкраіне і Босьніі і Герцагавіне, дзеляцца сваімі гісторыямі ў дакумэнтальным фільме тэлеканала «Настоящее время» і балканскай службы Радыё Свабода «Я перажыла».

Увага! У фільме прысутнічаюць апісаньні сцэнаў гвалту.

Галіна засталася дома ў Кіеўскай вобласьці, калі яе акупавалі войскі Расеі ў лютым 2022 году. У сакавіку да яе прыйшоў узброены расейскі салдат і наставіў на яе аўтамат.

«Ён рабіў усё, што хацеў. Я плакала, крычала, упрошвала не рабіць гэтага. Ён крычаў увесь час: „Закрый рот, а то заб’ю“, — успамінае Галіна.

Толькі пасьля дэакупацыі вобласьці яна змагла расказаць пра здарэньне, падаць заяву ў пракуратуру, атрымаць мэдыцынскую дапамогу і псыхалягічную падтрымку.

Дапамогу Галіне і іншым пацярпелым ад гвалту аказвае грамадзянская арганізацыя „SEMA Украіна“, яе ўзначальвае праваабаронца Ірына Доўгань. Яна таксама перажыла сэксуалізаваны гвалт, але значна раней. У 2014 годзе яе выкралі баевікі так званай „ДНР“, якія падтрымліваюцца Расеяй, калі даведаліся, што яна вазіла дапамогу ўкраінскім вайскоўцам на фронт.

У зьняволеньні да яе таксама ўжывалі катаваньні, а пазьней прывязалі да ліхтарнага слупа на вуліцы ў Данецку, дзе прарасейскія мінакі на яе нападалі. Здымак захаваў фатограф The New York Times Маўрыцыё Ліма. Пасьля таго, як фатаграфію апублікавалі ў СМІ, Ірыну адпусьцілі.

Барацьбу за пакараньне такіх злачынцаў Ірына Доўгань называе сэнсам свайго жыцьця і прычынай жыць.

Невядома, колькі дакладна чалавек зазналі сэксуалізаваны гвалт з боку вайскоўцаў ва Ўкраіне за гады вайны. З пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну Ўпраўленьне расьсьледаваньня ваенных злачынстваў, зьвязаных з сэксуалізаваным гвалтам, пры Генпракуратуры вядзе як мінімум 326 спраў. Таксама ў Global Survivours Fund расказалі, што па выплаты прамежкавых рэпарацый да іх зьвярнуліся 538 чалавек.

Структураваных зьвестак у гэтым пытаньні дагэтуль няма, праваабаронцы расказваюць, што ёсьць шмат людзей, якія яшчэ не прызналіся ў тым, што адбывалася зь імі. Прычыны розныя — сорам, стыгма ў грамадзтве і знаходжаньне ў акупацыі.

Людмілу Гусейнаву сэпаратысты выкралі ў 2019 годзе і абвінавацілі ў „экстрэмізьме“ за публічную праўкраінскую пазыцыю. Яна правяла тры гады ў турмах, у тым ліку вядомай „Ізаляцыі“ ў Данецку. Гусейнава і мноства іншых зьняволеных расказвалі пра тое, што катаваньні і сэксуалізаваны гвалт адбываюцца ў ёй рэгулярна. Людмілу вызвалілі толькі восеньню 2022 году падчас „жаночага“ абмену палоннымі паміж Украінай і Расеяй.

„Ня трэба шкадаваць. Я ненавіджу, калі людзі кажуць „ахвяра“ ці „пацярпелая“. Не, прабачце, але калі чалавек адкрыта пра гэта кажа, ён не „ахвяра“ і не „пацярпелы“, гэта чалавек, які гэта перажыў. І жыве далей. Я хачу, каб грамадзтва паважала такіх жанчын і ставілася да іх далікатна», — кажа Гусейнава.

У сваёй працы Ірына Доўгань і Людміла Гусейнава абапіраюцца на досьвед людзей, якія гэта ўжо прайшлі — дзясяткі тысяч жанчын у Босьніі і Герцагавіне. Маштаб гвалту пазьней прывёў да таго, што згвалтаваньні прызналі злачынствам супраць чалавечнасьці.

Сярод галоўных галасоў тых, хто перажыў гвалт у Босьніі — Бакіра Хасечыч, праваабаронца і кіраўнік асацыяцыі «Жанчыны — ахвяры вайны». У 1992 годзе Хасечыч затрымалі сэрбскія вайскоўцы за тое, што яна мусульманка. Як расказвае Хасечыч, ёй спатрэбілася шмат гадоў, каб адкрыта загаварыць аб сваім досьведзе і ўсьвядоміць, як чалавек можа прычыніць «настолькі вялікае зло» іншай жывой істоце.

Але калі Бакіра зразумела, што па заканчэньні вайны злачынцы працягваюць хадзіць па вуліцах яе роднага гораду, зь якога яна была змушаная выехаць, яна больш не змагла маўчаць. Да яе далучыліся яшчэ некалькі жанчын. У 2003 годзе яны заснавалі сваю арганізацыю. Пачыналася ўсё з жанчын, якія перажылі гвалт ва Ўсходняй Босьніі, Вышаградзе і Фочы.

Арганізацыя стала шчыльна працаваць з пракурорамі гааскага трыбуналу па былой Югаславіі, разам яны стварылі пратакол працы з жанчынамі, якія перажылі гвалт і дакумэнтуюць злачынствы. «Жанчыны — ахвяры вайны» па сёньня працуюць у судах Босьніі і дамагаюцца пакараньня для гвалтаўнікоў. Таксама яны змагаюцца за права на рэабілітацыю, грашовыя рэпарацыі, мэдычную дапамогу.

Сёньня дачка адной са згвалтаваных у час Басьнійскай вайны жанчын Айна Юсіч узначальвае НКА «Забытыя дзеці вайны» і дапамагае людзям, народжаным у выніку ваеннага згвалтаваньня, дабіцца рэпарацый ад дзяржавы і дадатковай дапамогі. Напрыклад, дзякуючы дзейнасьці арганізацыі дзяцей, народжаных у выніку вайсковага згвалтаваньня, прызналі цывільнымі ахвярамі вайны. Яны таксама дамагліся таго, каб у краіне не патрабавалі імёнаў абодвух бацькоў для ідэнтыфікацыі асобы. Гэтую ініцыятыву зараз выкарыстоўвае ААН у сваіх рэкамэндацыях для пасьляваеннага ладу.

Да сёньня басьнійскія суды працягваюць разглядаць справы аб сэксуалізаваным гвалце падчас вайны ў 1990-х. За час сваёй працы Міжнародны трыбунал па былой Югаславіі (прапрацаваў да 2017 году) і мясцовыя суды асудзілі ўсяго каля 130 ваенных злачынцаў у справах аб сэксуалізаваным гвалце. Але грамадзянскія актывісты і арганізацыі працягваюць актыўна працаваць у судах — пакуль жывыя і пацярпелыя, і гвалтаўнікі.

Сёньня басьнійкі актыўна супрацоўнічаюць і раюцца з украінскімі арганізацыямі, адносна падыходаў і пратаколаў. Яны адзначаюць, што важна адразу, нягледзячы на баявыя дзеяньні наўкола, фіксаваць падобныя злачынствы. Гэта дапаможа выяўляць гвалтаўнікоў і павялічыць шанцы на правасудзьдзе.

Дапамогу ў стварэньні фільму аказалі арганізацыі Fond Memorial of Sarajevo Canton, Udruženje građana «Vive Žene», Udruženje «Zaboravljena djeca rata», Udruženje «Žena žrtva rata», Jurfem, «SEMA-Украина», The Dr. Denis Mukwege Foundation, TRIAL International Bosnia and Herzegovina.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG